Сёньня 24-гадовы былы вайсковы дэсантнік і цяперашні сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Панасюк зьвярнуўся па дапамогу ў пракуратуру Ленінскага раёну горада Берасьця.
Заяўнік тлумачыць, што 7 верасьня яго дапытвалі міліцыянты Ленінскага РАУС, а пасьля зьбілі невядомыя.
Юры Панасюк кажа, што яго спрабуюць абвінаваціць у дачыненьні да выбуху 3 ліпеня ў Менску, хаця ёсьць сьведкі, што ў тую ноч ён заставаўся ў Берасьці.
Пра сваё зьбіцьцё 7 верасьня на вуліцы Маскоўскай у Берасьці пацярпелы паведаміў “Свабодзе” наступнае:
“Невядомы мне чалавек падскочыў і моцна стукнуў у галаву. Ад нечаканасьці я ўпаў, а нападнікі рэзка зашпілілі на руках кайданкі. Зацягнулі ў сваю аўтамашыну і пачалі пагражаць: “Навошта табе гэта трэба! Падумай пра сябе! У цябе ёсьць сям’я...”
Выкрыць злачынцаў Юрыю Панасюку дапамагае праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне “Берасьцейская Вясна”. Гаворыць юрыст Уладзімер Вялічкін:
“Першая задача — супакоіць гэтага чалавека. У яго цяпер страшны стрэс. Па-другое, мы пераконваем яго, што абавязкова трэба зьвяртацца ў міліцыю і пракуратуру. Неабходна зафіксаваць сьляды катаваньняў. У яго парэзы на пальцах, як ён кажа, ад нажа і сінякі ад кайданкоў”.