Учора ўвечары намесьнік старшыні Партыі БНФ Юрась Губарэвіч агучыў на паседжаньні Управы БНФ зварот 15 кандыдатаў у дэпутаты ад гэтай партыі з просьбай перагледзець рашэньне Сойму, згодна зь якім усе фронтаўскія кандыдаты маюць зьняцца з выбарчай гонкі 23 верасьня.
Паводле Юрася Губарэвіча, з такой заявай выступіла 15 кандыдатаў ад БНФ, пераважна з рэгіёнаў, якія паміж сабою абмеркавалі рашэньне Сойму аб зьняцьці кандыдатур 23 верасьня і прыйшлі да высновы, што іх ўдзел у выбарах трэба працягваць да завяршэньня кампаніі. Кандыдаты аргумэнтуюць свой зварот да Сойму тым, што ягонае рашэньне не было падтрыманае іншымі суб’ектамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, якія фактычна праводзілі супольнае вылучэньне кандыдатаў, і што толькі ўдзел у выбарах дасьць магчымасьць засьведчыць фальсыфікацыі ўладаў.
Чарговы Сойм партыі БНФ прызначаны на 20 верасьня.
Гаворыць Юры Губарэвіч:
“Сойм мае ўсе магчымасьці перагледзець сваё рашэньне. Тым больш што, на маю думку, мэты, якія ставіліся, калі прымалася рашэньне аб зьняцьці кандыдатаў, не дасягнутыя: улада ніяк не адрэагавала на фронтаўскую ініцыятыву, не былі ўнесеныя зьмены ў склад участковых камісіяў, не былі адноўленыя тыя кандыдаты ад Партыі БНФ, якія не атрымалі рэгістрацыі, у тым ліку і два намесьніка старшыні партыі. Фактычна ўлада прадэманстравала, што дадзенае рашэньне для яе не мае ніякай вагі”.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў адказ на словы Юрася Губарэвіча заявіў, што на будучым Сойме няма патрэбы разглядаць такую заяву:
“Гэта заява не падпісаная, неафіцыйная, яе няма... Гэта чыстая выдумка, таму што людзі яе не пацьвярджаюць. Подпісаў там няма і іх ня можа быць, таму што гэтыя людзі гаварылі, што яны падпісваць ня будуць”.
Лявон Баршчэўскі езьдзіць цяпер па рэгіёнах і сьведчыць, што кандыдаты ад БНФ згодныя выканаць партыйнае рашэньне. Тым не меней спадар Баршчэўскі не выключае, што 20 верасьня гэтая тэма можа паўстаць на паседжаньні Сойму, але гэта будзе залежаць ад палітычных абставін на той момант.
Юры Губарэвіч пацьвердзіў, што фізычна подпісаў пад заявай няма, бо іх складана цяпер сабраць, але кандыдаты пачыталі праект заявы і рэальна пагадзіліся з такой пазыцыяй.
Адзін з тых, чыё прозьвішча падавалася пад заявай, Яраслаў Берніковіч зь Віцебшчыны пацьвердзіў словы Юрася Губарэвіча, ён перакананы, што большасьць кандыдатаў ад БНФ зьбіраецца ісьці да канца выбарчай кампаніі.
“Рашэньнем Сойму аб удзеле ў выбарах ставіліся задачы ўдзелу ў кампаніі “За свабодныя справядлівыя выбары”, данясеньне да народу пазыцыі партыі, выкрыцьцё фальсыфікацый на выбарах. Гэтыя задачы пакуль не выкананыя. І калі мы ня ўдзельнічаем у выбарах, то як мы будзем выкрываць фальсыфікацыі на этапе галасаваньня, калі дзесяткі акругаў будуць безальтэрнатыўнымі”.
У любым выпадку, каб зьняць кандыдата ў дэпутаты, партыйнага рашэньня замала, патрэбна, каб такую заяву падпісаў сам кандыдат на дэпутацкі мандат, альбо партыйны зьезд -- у выпадку, калі ён вылучаў гэтага кандыдата.