“Не чапайце нас: мы патрэбныя вам як незалежныя”

У Экспэртызе Свабоды ўдзельнічаюць: рэдактар аналітычнага бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі і палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.
Ці дала прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі падставы гаварыць пра тое, што афіцыйны Менск зрабіў нейкі выбар паміж Захадам і Расеяй? Ці ўдалося беларускаму кіраўніку адначасова не раззлаваць Маскву і не расчараваць Брусэль і Вашынгтон?
Цыганкоў: “Якія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі падаліся вам найбольш важнымі? Ці пачулі вы што-небудзь новае ў словах кіраўніка Беларусі? Ці пагадзіцеся вы з такой ацэнкай, якая нарадзілася ў нас у журналісцкім асяродзьдзі: што «пэрлы былі, але не было важных заяваў»?
“Адчувалася жаданьне не сказаць лішняга наконт Захаду”.
Класкоўскі: «Сапраўды, з аднаго боку, прагучала нямала красамоўных і экспрэсіўных выказваньняў. Разам з тым, было дастаткова і стандартных тэзісаў, якія я назваў бы “экспартным усходнім варыянтам піяру”. Клясыка жанру тут тое, што “танкі праз нас на Маскву ня пройдуць”.
Гаспадар сустрэчы, як заўсёды, хацеў спадабацца расейскім гасьцям. Я думаю, у іх засталося ўражаньне вельмі цёплай сустрэчы, шмат было словаў пра братэрства, але потым, калі яны сядуць пісаць матэрыял, напэўна, узьнікне пытаньне: а што ж канкрэтна паабяцаў нам саюзьнік? І высьветліцца, што канкрэтна ён нічога не абяцаў.
Па-першае, выразна прагучала тэза пра беларускую незалежнасьць. Але вельмі хітра – маўляў, каб вы нас улучылі ў склад Расеі, вы б сёньня ня мелі геапалітычнага саюзьніка, суб’екта міжнароднага права. Разам з тым адчувалася жаданьне не сказаць лішняга наконт Захаду. Натуральна, некалькі экспрэсіўных выразаў прагучала, але гэта словы. Захад, мяркую, сутнасьць выказваньняў улавіў, а яна была ў такой фразе: “Не палічыце мяне ястрабам”. Ня будзе ў нас тут ядзернай зброі. Пра асымэтрычны адказ – мы будзем “нясьпешна” думаць...
Карацей кажучы, ня спраўдзіліся прагнозы, што сёньня нарэшце будзе “момант ісьціны” і Лукашэнка скажа, зь кім ён – з Захадам ці Расеяй. Атрымалася – і нашым і вашым.”
“Не чапайце нас, мы патрэбныя вам як незалежныя”.
Быкоўскі: “Расейскія журналісты некалькі разоў спрабавалі дабіцца адказу ад Лукашэнкі, ці будзе прызнаваць Беларусь Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Лукашэнка вельмі доўга адыходзіў ад гэтага пытаньня, але ўрэшце сказаў, што гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ўжо з новым складам Палаты Прадстаўнікоў. Мяркуючы па ўсім, гэта пытаньне адкладзена да лістапада. Пры гэтым усе і нават самі дэпутаты Палаты ня лічаць сябе самастойнымі ў пытаньнях зьнешняй палітыкі.
Мушу пагадзіцца з Аляксандрам Класкоўскім наконт таго, як прагучала з вуснаў Лукашэнкі тэза пра беларускую незалежнасьць, і наколькі яна карысная для Расеі. Яна сапраўды прагучала ў такім кантэксьце: “Не чапайце нас, мы патрэбныя як незалежныя”.
Цыганкоў: “Ці ўдалося беларускаму прэзыдэнту застацца ў “геапалітычным шпагаце”, як трапна кажуць пра беларускую цяперашнюю замежную палітыку? Ці ўдалося беларускаму кіраўніку адначасова не раззлаваць Маскву і не расчараваць Брусэль і Вашынгтон?”
Націск Расеі аслабляецца?
Класкоўскі: “Кожнае параўнаньне кульгае. І мусіць, лепш казаць не пра шпагат (гэта статычная і вельмі нязручная поза), а пра тактыку манэўровага цягніка. І гэта ўдаецца. Пытаньне незалежнасьці ў палітычным сэнсе “прадаецца” Расеі з аргумэнтацыяй, што “гэта ж і вам выгадна”. Разам з тым незалежная пазыцыя Беларусі, непрызнаньне каўкаскіх рэспублік – гэта тавар, які мае попыт на Захадзе.
Мне здаецца, журналісты і аналітыкі трошкі надта драматызавалі сёньняшнюю сытуацыю, калі казалі пра “момант ісьціны”. Прэсавая канфэрэнцыя паказвае, што рэсурс манэўраваньня яшчэ ня вычарпаны.
Больш за тое, мне здаецца, што пачаліся сымптомы таго, што пасьля першага вялікадзяржаўнага імпэту націск Расеі аслабляецца. Масква ня толькі ў дыпляматычнай блякадзе апынулася, але ёй моцна наступілі і на мазоль эканамічнага і фінансавага інтарэсу. Пры ўсім тым Расея вельмі моцна зьнітаваная з Захадам, грошы ў банках ляжаць, рынак акцыяў падае і гэтак далей. Так што я думаю, зараз Расея трошкі зьменшыць свой імпэт, і гэта, адпаведна, пашырае абсяг палітычнага манэўраваньня для афіцыйнага Менску.”
Быкоўскі: “Лукашэнка выкарыстаў магчымасьць нагадаць пра тое, што нягледзячы на дамовы аб саюзнай дзяржаве, нафту мы набываем з вывазнымі мытамі, цана на газ у Татарстане, паводле Лукашэнкі, у 4 разы ніжэй за тую, што атрымлівае Беларусь – то бок, ён сказаў, што ўсё каштуе грошай. У тым ліку і прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
Разам з тым, гэта прагучала ў адказе пра пытаньне адносінаў з Захадам і пра вайсковую бясьпеку Беларусі і Расеі. Лукашэнка адразу прыгадаў пра нафту і газ,а потым пачаў казаць: дачыненьні з Захадам ня будуць разьвівацца за кошт дачыненьняў з Расеяй. То бок, ён паказаў, што вось мы маем нейкую пазыцыю, мы карысныя і тым, і тым, і ў прынцыпе – плаціце за гэта грошы”.
Класкоўскі: “Беларускі кіраўнік некалькі разоў з усьмешкай “адсьцябаў” Расею. Прагучала ў якасьці папроку: вучыцеся ў амэрыканцаў, як трэба ставіцца да саюзьнікаў. Маўляў, Саакашвілі на Каўказе столькі нарабіў – а яны яму даюць мільярд. Такі празрысты намёк, які пацьвярджае тэзу назіральнікаў, што ідзе палітычны торг на два бакі.”