Актывісты аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі заяўляюць пра перасьлед сваіх сяброў у часе сёлетняй выбарчай кампаніі. Некалькі чалавек, якія самі спрабавалі зарэгістравацца ў якасьці кандыдатаў, страцілі працу ці вучобу. Некалькі актывістаў ініцыятыўных груп таксама пазбавіліся працы.
Хрысьціянскі дэмакрат Дзяніс Садоўскі, які балятуецца на пасаду дэпутата Палаты прадстаўнікоў, паведаміў, што сябры аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай Хрысьціянскай дэмакратыі будуць здымаць свае кандыдатуры да 23 верасьня.
Адной з прычынаў стала звальненьне актывістаў выбарчай кампаніі з працы і выключэньне з навучальных установаў.
“Зразумела, што ўсё гэта можна падвесьці пад быццам бы законныя рамкі: быццам бы за нездавальняючае навучаньне, быццам бы за парушэньне працоўнага кодэксу... Але мы разумеем, што ўсе тыя людзі, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі, раптам на працягу тыдня сталі парушаць усё, што магчыма. Мы разумеем, што гэта папросту мэтанакіраваны ціск на сяброў аргкамітэту, людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі”.
Гомельскага каардынатара аргкамітэту БХД Кастуся Жукоўскага звольнілі з працы пасьля таго, як да кіраўніка прадпрыемства прыйшлі невядомыя асобы, якія цікавіліся апазыцыйным актывістам. Пасьля размовы зь імі дырэктар прадпрыемства “Інтэргрань” параіў Кастусю забраць заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Актывіст адмовіўся, і тады яму прапанавалі падаць заяву на звальненьне.
Гаворыць Кастусь Жукоўскі:
“Для нашай краіны, для ўсёй сытуацыі — гэта звычайная рэч. Звальненьне актывістаў з працы, штрафы вялізныя, ціск падатковы, ціск гарвыканкаму, калі ты прадпрымальнік. Папросту тых людзей, якія думаюць інакш, не павінна тут быць. Гэтая ўлада толькі гуляе ў нейкія гульні, у якіх просты народ займае месца гледача”.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Кастуся Жукоўскага Аляксандар Сівакоў таксама быў звольнены з працы пасьля размовы з кіраўніцтвам і парады спыніць дзейнасьць у выбарчай кампаніі.
Студэнта Полацкага ўнівэрсытэта Міколу Дземіденку, які скончыў першы курс гісторыка-філялягічнага факультэту, адлічаюць з навучаньня. Міколу некалькі разоў затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі за налепкі “Байкот” і раздачу агітацыйнай літаратуры.
Хлопец апавёў, што днямі прарэктар унівэрсытэту Вікенцій Цыганкоў выклікаў яго маці і пагражаў, што Міколу чакаюць розныя праблемы.
“На летняй сэсіі я выдатна абараніў курсавую, нармальна здаваў экзамэны. На адным зь іх мяне не задаволіла адзнака і я, параіўшыся з выкладчыкам, вырашыў яго пазьней пераздаць.
А тут мне замянілі выкладчыка, прымусілі пісаць, а не здаваць яго вусна, як гэта было. Замест выдатнай адзнакі, якая ў мяне была ў тым сэмэстры, мне, нічога не патлумачыўшы, далі накіраваньне з “двойкай”. Нават не далі мне працу, не адказалі на мае пытаньні”.
“На летняй сэсіі я выдатна абараніў курсавую, нармальна здаваў экзамэны. На адным зь іх мяне не задаволіла адзнака і я, параіўшыся з выкладчыкам, вырашыў яго пазьней пераздаць.
А тут мне замянілі выкладчыка, прымусілі пісаць, а не здаваць яго вусна, як гэта было. Замест выдатнай адзнакі, якая ў мяне была ў тым сэмэстры, мне, нічога не патлумачыўшы, далі накіраваньне з “двойкай”. Нават не далі мне працу, не адказалі на мае пытаньні”.
Раней з Магілёўскага ўнівэрсытэту адлічылі студэнтку III курсу Тацяну Шамбалаву, якая мелася балятавацца на дэпутата парлямэнту.
Актывісты лічаць, што ператрусы на кватэрах актывістаў “Маладога фронту” ў пошуках агітацыйных матэрыялаў да акцыі “Байкот”, а таксама адлічэньні з вучобы і звальненьні з працы ўдзельнікаў ініцыятыўных груп — гэта запалохваньне найбольш актыўнай часткі грамадзтва і спробы прадухіліць вулічную акцыю апазыцыі, прысьвечаную выбарчай кампаніі напрыканцы верасьня.