Толькі пасьля разгляду асабістай скаргі Анатоля Букаса ў Цэнтральную выбарчую камісію ён быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты па Барысаўскай гарадзкой выбарчай акрузе № 62.
Анатоль Букас — журналіст, рэдактар недзяржаўнай газэты “Борисовские новости”. Сёньня ён заявіў “Свабодзе”, што агітацыйную кампанію зрывае мясцовая ўлада:
“Улады ў Барысаве рыхтуюць першую сустрэчу з зарэгістраванымі кандыдатамі ў Палату прадстаўнікоў толькі на 9 верасьня. Атрымліваецца, што амаль два мінулыя тыдні ніякай агітацыі не павінна было быць. Вось як рыхтуюцца выбары ў Барысаве.
Тыя чыноўнікі, якія кіруюць гэтай выбарчай кампаніяй, нас папярэджваюць, што пра ўсе сустрэчы з выбарцамі трэба папярэджваць і загадзя іх узгадняць. Інакш у любы момант яны пагражаюць вынесьці афіцыйнае папярэджаньне”.