“Расейскія каналы хлусяць. У Грузіі – усё наадварот”

Днямі міжнародная маніторынгавая місія прадставіла Эўрапарлямэнту справаздачу пра становішча пацярпелых у часе канфлікту ў Грузіі. Справаздача стала вынікам азнаямленчай паездкі прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых структур у зону канфлікту. З паездкі вярнуліся і прадстаўнікі Беларусі.
Мэтай маніторынгавай місіі не было ацэньваць прычыны ваеннага канфлікту, ваенна-гуманітарных злачынстваў і гэтак далей, кажа Алена Танкачова, старшыня праўленьня праваабарончай недзяржаўнай арганізацыі “Фонд разьвіцьця прававых тэхналёгіяў”.
Ва ўмовах крытычна нізкай інфармаванасьці і заангажаванасьці СМІ было неабходна на ўласныя вочы пабачыць, як жывуць людзі, вымушаныя з-за ваенных дзеяньняў у краіне пакінуць сваё жытло. Галоўнае уражаньне, - паводзіны расейскіх вайскоўцаў на блёк-посьце на мяжы з Асэтыяй. Юрыдычна – гэта тэрыторыя Грузіі. Але праваабаронцаў туды не пусьцілі, распавядае Алена:
“Нам прапанавалі цалкам вар’яцкі варыянт – наведаць галоўнакамандуючага 58-й арміі і атрымаць яго пэрсанальны дазвол, ці зьвярнуцца да расейскага амбасадара ў Грузіі, каб атрымаць ад яго нейкія дадатковыя паперы на дазвол аказацца на грузінскай тэрыторыі за межамі гэтага расейскага блёк-посту.”
У Цімафея Дранчука, актывіста незарэгістраванага ў Беларусі “Малафога Фронту”, таксама не атрымалася прайсьці за межы згаданага блёк-посту падчас візыту ў Грузію:
“Аргумэнтаваць нам забарону так званыя расейскія міратворцы нічым ня здолелі. Мы прыехалі туды з афіцыйным статусам, разам з губэрнатарам і віцэ-губэрнатарам горада Горы, якія кіруюць уласна гэтай тэрыторыяй грузінскай. Нічога нам ня здолеў патлумачыць расейскі вайсковец, спаслаўшыся на загад зьверху. Я яго прасіў патлумачыць, чаму я не магу вольна перасоўвацца па грузінскай тэрыторыі разам з грузінскай адміністрацыяй, калі ён ёю кіруе, а не вы”...
Алена Танкачова акцэнтуе ўвагу , што магчымасьць кантраляваць сытуацыю ня мелі і прадстаўнікамі іншых міжнародных арганізацый:
“На нашых вачох не змаглі прайсьці блёк-пост і прадстаўнікі АБСЭ, нягледзячы на тое, што было відавочна, што яны вельмі выдзяляліся, у афіцыйнай форме, з афіцыйнымі пасьведчаньнямі, з з афіцыйнымі мандатамі міжнароднай місіі. Нягледзячы на гэта, яны былі вернутыя з блёк посту”.
На думку Алены Танкачовай, асьвятленьне сытуацыі ў Грузіі СМІ - вельмі слабое і ў большасьці ангажаванае расейскімі інтарэсамі. Прыкладам, мала хто ведае пра марадзёрства расейскіх войскаў на тэрыторыі Грузіі ды наагул пра колькасьць мірных жыхароў, якія вымушаныя былі стаць уцекачамі.
“Паводле розных ацэнак, да 128 тысяч уцекачоў, паводле афіцыйнай грузінскай статыстыкі. І гэта людзі ў большасьці супрацоўнікі сельскай гаспадаркі. Якія ўсё сваё жыцьцё жывуць за кошт сельскай гаспадаркі. Гэта людзі, якія застануцца галоднымі на ўвесь год, таму што тое, што яны вырасьцілі, зараз прападае”...
У Беларусі даводзіцца рэгулярна сутыкацца з калясальным няведаньнем сапраўднага становішча ў Грузіі, даводзіць Цімафей Дранчук:
“Некалькі разоў сутыкаўся з няведаньнем поўным сытуацыі ў Грузіі, калі спрачаўся са знаёмымі. І бачыў ува ўсіх іх – ахвяраў расейскага тэлебачаньня. У нас усё падаецца паводле расейскіх СМІ, якія сваімі рэпартажамі папросту замбавалі, - у тым ліку і беларускі народ. Нам кажуць цалкам хлусьню. Але я б і сам таксама б мог у нечым ім паверыць, калі б не пабачыў на ўласныя вочы, што насамрэч там усё зусім наадварот”...