Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь павялічыў максымальна дапушчальную долю замежнага капіталу ў сукупным статутным фондзе беларускіх банкаў з 25 да 50 працэнтаў.
Афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што гэтае рашэньне праўленьня Нацбанку было ўзгодненая з кіраўніком дзяржавы. Ці можна гэта назваць чарговым крокам па лібэралізацыі беларускай эканомікі? Ці няма небясьпекі замежнай інтэрвэнцыі на банкаўскім рынку Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Аляксандар Чубрык.
Цыганкоў: “Ці можна гэтае рашэньне назваць крокам у накірунку пэўнай лібэралізацыі банкаўскага сэктару Беларусі?”
Чубрык: “Вядома, можна. Даўно ўжо вядуцца перамовы ў рамках уступленьня Беларусі ў WTO, і даўно гаворыцца, што трэба такія абмежаваньні здымаць. Але вы ведаеце, што ў нас вельмі цяжка здымаць любыя абмежаваньне. Але я б сказаў, што гэта ня тое, каб лібэралізацыя – проста ўладам патрэбныя грошы праз прыватызацыю.
Таму, магчыма, будзе нарэшце ажыцьцёўлены намер прадаць замежнікам 10 працэнтаў акцыяў “Беларусбанку”, яшчэ нейкія дзяржаўныя банкі будуць рыхтавацца да продажу. Для гэтага такое рашэньне і спатрэбілася. Але палова – гэта ня 100 працэнтаў, і разьлічваць, што замежнікам будуць прададзеныя найбуйнейшыя беларускія банкі – пакуль не даводзіцца”.
Цыганкоў: “Але ці не прывядзе гэты крок да нейкай небясьпекі замежнай інтэрвэнцыі ў банкаўскім сэктары Беларусі?”
Чубрык: “Пра якую інтэрвэнцыю можна казаць. Тым больш замежных грошай – тым лепей. Калі замежныя банкі хочуць набыць нашы, інвэставаць сюды капіталы, тэхналёгіі, сучасны мэнэджмэнт, магчымасьць прыцягваць грошы на замежных рынках – гэта ж выдатна. У краінах Прыбалтыкі, бадай, пад 100 працэнтаў банкаўскай сыстэмы прыватызаваныя. Ніякай небясьпекі тут няма”.
Цыганкоў: “Паведамляецца, што сукупны статутны фонд беларускіх банкаў павялічыўся і склаў 2,4 мільярды даляраў. Калісьці прыводзіліся лічбы, што гэты аб’ём параўнальны з статутным фондам аднаго расейскага моцнага банку. Ці гэта параўнальна і цяпер?”
Чубрык: “Прыкладна тое самае. Гэта вельмі невялікія грошы па міжнародных мерках”.