Позна ўвечары ў чацьвер адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільма рэжысэра-кінадакумэнталіста, кіраўніка Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа.
Стужка называецца “Дзёньнік “Народнага альбома” і перадусім прысьвечаная сумеснай працы беларускіх ліцэістаў і іх польскіх аднагодкаў над пастаноўкай ужо культавага спэктаклю “Народны альбом”, які вяртае гледачоў у гістарычны пэрыяд існаваньня Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы ў 1920-30 гадох.
Першы досьвед пастаноўкі “Народнага альбома” ў ліцэйскіх сьценах быў прымеркаваны да 10-годзьдзя навучальнай установы ў 1998 годзе. Праз 10 гадоў было вырашана зрабіць своеасаблівы рымэйк з новым пакаленьнем артыстаў. Але з улікам, што гаворка ў вядомай п’есе Міхала Анемпадыстава і Лявона Вольскага ідзе пра інтэграцыю заходніх беларусаў у Польшчу, Уладзімер Колас надаў праекту міжнародны статус. Іншымі словамі, далучыў да справы польскіх ліцэістаў, для бальшыні якіх падзеі таго часу – гэткая ж “белая пляма” ў гісторыі, як і для іх беларускіх аднагодкаў.
Увосень 2007 году адбыліся тры пастаноўкі “Народнага альбому” – спачатку ў Варшаве і Гданьску, а пасьля і ў Менску. У стужку ўвайшло перадусім закулісьсе – знаёмства і прыціраньне маладых актораў з двух краінаў, і нарэшце напружаныя месяцовыя рэпэтыцыі. На плён працы найбольш яскрава сьведчаць задаволеныя твары гледачоў – як у Польшчы, так і ў Беларусі
Праўда, сам спадар Колас заўважае, што ад пачатку замахваўся на больш “крутыя” формы. Што замінала рэалізацыю такой задумы – расказвае аўтар:
“Гэта не ад добрага жыцьця атрымалася. Было жаданьне зрабіць мюзыкл, бо сапраўды матэрыял варты таго. Ня проста для самога сябе, а добры мюзыкл на беларускай мове пра самыя важныя беларускія праблемы – хоць гучыць можа і патэтычна. Менавіта пра беларусаў, не пра нейкую Мэксыку ці Уругвай, пра што беларусы вымушаныя глядзець цэлыя сэрыялы. Але ў зьвязку з магчымасьцямі, перадусім фінансавымі, гэтая справа пакуль для нас недасягальная. Паўтару, што толькі ў сувязі з фінансавымі прычынамі, усё астатняе ў нас ёсьць. Таму вырашылі пакуль абмежавацца дакумэнтальным фільмам з выбранымі сцэнамі, што, лічу, таксама мае права на існаваньне. Ад гэтага зьявілася і закулісьсе, і хроніка. Але галоўнае – гэта супрацоўніцтва моладзі, беларускай і польскай. І праз гэтае супрацоўніцтва ў галіне тэатральнага мастацтва, і ў галіне гісторыі таксама, таму што гэта ўсё ж рэч пра пэўны гістарычны пэрыяд – вельмі няпросты, вельмі цікавы і дагэтуль мала вядомы. Вось пра гэтае супрацоўніцтва мы і зрабілі гэты фільм”.
Сапраўднай разынкай кінастужкі, на думку амаль усіх першых гледачоў “Дзёньніка “Народнага альбома”, атрымаліся па-дзіцячы шчырыя расшыфроўкі сцэнічных пэрсанажаў ужывальна да той эпохі ад першакурсьніка Андрэя Гаравога. У п’есе ён пераўвасобіўся ў адзін з самых вясёлых вобразаў – габрэя, гаспадара карчмы. А па-за сцэнай аказаўся надзвычай нестандартным крытыкам.
Вельмі ўдалым падаецца “ўкрапленьне” архіўнай хронікі, якая дае палярна розныя погляды польскіх ды савецкіх прапагандыстаў на месца заходніх беларусаў у тагачаснай геапалітычнай прасторы.
Літаратуразнаўца Міхась Тычына ўзгадвае, што за 10 зь лішнім гадоў пабачыў тры розныя варыянты “Народнага альбома” і кожны раз перажываў сур’ёзнае ўзрушэньне:
“Што мне падабаецца ў спадары Коласе, дык гэта здольнасьць бачыць у кожным сваім выхаванцы вось таго Музыку. На гэты конт у фільме прагучалі словы: кожны чалавек – гэта своеасаблівы музычны інструмэнт. Дык вось, калі я глядзеў усе гэтыя тры варыянты, асабліва першы, той незвычайны, калі ў Тэатры юнага гледача сабралася адборная публіка, амбасадары многіх краінаў прысутнічалі – гэта было сьвята. Можа, гэта быў нават вышэйшы пік існаваньня нашага ліцэю. Тады думалася, што калі б гэты спэктакль паказалі па тэлебачаньні, Беларусь зьмянілася б вельмі моцна. Сапраўды здавалася, што зьмены былі б радыкальныя – толькі ад аднаго спэктаклю, ад гэтых песень, якія людзі маглі б сьпяваць у застольлі, бо гэта былі б народныя песьні. Зрэшты, таму – і “Народны альбом”.
Ці не найбольшым крытыкам убачанага падчас прэзэнтацыі аб’ектыўна была сьпявачка Кася Камоцкая. Колісь ёй першай выпала доля выпрацаваць “залаты стандарт” кантрабандысткі Адэлькі, на які потым так ці інакш арыентаваліся пасьлядоўніцы. На прэзэнтацыі ад Касі-Адэлькі яны атрымалі адзнаку як мінімум “добра”:
“Вельмі добра, ужо прынамсі істотна падвучыліся. Увогуле вельмі прыемна, што сталі сьпяваць, бо песьні ў “Народным альбоме граюць вельмі вялікую ролю, я ўжо не кажу пра сам фільм. Але і тое, што песьню маю ў стужцы выкарысталі, таксама прыемна. Так што ўсё спадабалася”.
Гэтак жа, як колісь ня верылі сваім вачам кантрабандысты, якія траплялі з савецкай Беларусі ў яе капіталістычную польскую частку, не маглі паверыць ўбачанаму і сучасныя польскія ўдзельнікі “Народнага альбому”. Прынамсі, у фільме для іх было невытлумачальным адкрыцьцём, зь якім дзяржаўным піетэтам у эўрапейскай краіне ставяцца да сымбаляў таталітарызму. Польскіх падлеткаў зьдзівіла багацьце помнікаў Леніну і Дзяржынскаму ды назовы вуліцаў, ад якіх патыхае чужым для ўсіх эўрапейцаў савецкім мінулым.