Актывісты незарэгістраванага ў Беларусі “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч і Цімафей Дранчук сустрэліся зь лідэрамі палітычных рухаў Грузіі. Вынікам сталася падпісаньне шэрагу дамоваў паміж “Маладым Фронтам” і ўплывовымі палітычнымі арганізацыямі Грузіі, сустрэчы з палітычнымі дзеячамі і журналістамі краіны.
Пэрспэктывы супрацы паміж “Маладым Фронтам” і палітычнымі арганізацыямі Грузіі пераацаніць цяжка, даводзіцьактывіст Маладога Фронту, ініцыятар стварэньня Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных “Над бар’ерам”Цімафей Дранчук:
“Як бы ні складвалася сёньня ўнутрыпалітычная сытуацыя ў Грузіі, але нашы краіны аб’ядноўваюць агульныя мэты: па-першае, гэта дасягненьне поўнай незалежнасьці, у тым ліку незалежнасьці ад Расеі. Па-другое, гэта імкненьне да добрых стасункаў з Эўропай, да эўраінтэграцыі”...
Пра надзённасьць супрацы паміж беларускімі апазыцыянэрамі і палітычнымі арганізацыямі Грузіі сьведчыла актыўнасьць СМІ, распавядае Цімафей Дранчук:
“Улічваючы, што пра прэсавую канфэрэнцыю было паведамлена толькі за дзьве гадзіны, тое, што на ёй зьявіліся прадстаўнікі ўсіх трох тэлеканалаў Грузіі, некалькіх радыёстанцыяў і шмат якіх іншых СМІ і мэдыя-агенцыяў, то відавочная цікавасьць да ўзаемных стасункаў паміж нашымі краінамі”.
Апроч сустрэч у грузінскім Парлямэнце і Адміністрацыі прэзыдэнта Грузіі, актывісты “Маладога Фронту” сустрэліся з адміністрацыяй пацярпелага ў ваенных дзеяньнях гораду Горы. Намесьнік старшыні “Маладога Фронту”Артур Фінькевіч кажа, што бачыць на ўласныя вочы горад пасьля вайны – балюча:
“Горы цяпер – гэта горад пасьля бамбёжак. Вельмі шмат тут было бежанцаў. Гэта ўсяго толькі тры кілямэтры ад мяжы з Асэтыяй. Зусім непадалёк знаходзяцца так званыя расейскія міратворцы”.
З кіраўнікамі мэдыяцэнтру “Свабодная Абхазія”, Дэпартамэнту па справах моладзі Тбілісі ды найуплывовай моладзевай арганізацыі “Студэнцкі саюз Грузіі” “Малады Фронт” падпісаў дамовы пра ўзаемную падтрымку і супрацоўніцтва.
Дарэчы, патрапіць у Грузію зь Менску актывістам “Маладога Фронту” было складана, распавядае Цімафей Дранчук:
“Нас прапусьцілі праз пашпартны кантроль літаральна за 5 хвілін да вылету самалёта. Бо паведамілі нам, што нашы пашпарты скрадзеныя былі, яны нам не належаць, ня нашы. І толькі калі мы пачалі тэлефанаваць у АВІРы, на розныя гарачыя лініі, то за 5 хвілін нас усё ж такі выпусьцілі”...