Ці Эўропа пакажа мускулы?

Сёньня лідэры краінаў-сябраў Эўразьвязу сабраліся ў Брусэлі, каб вырашыць, як адрэагаваць на расейскую вайсковую апэрацыю ў Грузіі і прызнаньне Масквой незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Галоўнае пытаньне саміту: ці Эўропа абмяжуецца ўсяго словамі, хай сабе і моцнымі, ці ўсё ж ўвядзе больш-менш адчувальныя санкцыі супроць Масквы?

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежнай палітыцы і бясьпекі Хавіер Саляна даў зразумець журналістам перад самітам, што няварта чакаць увядзеньня санкцый:

„Санкцыі сёньня не знаходзяцца на павестцы дня. Усё, што мы сёньня можам зрабіць, гэта пераасэнсаваць нашы адносіны з Расеяй. Як вы ведаеце, мы знаходзімся ў пачатку новага працэсу з дамовай аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Усе гэтыя рэчы трэба пераасэнсаваць у найбліжэйшым часе”.

Калі перакласьці гэта з дыпляматычнай мовы, дык Саляна, хутчэй за ўсё, намякае на адклад перамоваў з Маскваю аб заключэньні новай дамовы аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Тут, відаць, Маскве няма чаго вельмі баяцца, бо гэтыя перамовы, калі б пачаліся, і так немаведама калі б скончыліся.

У сваю чаргу, камісар па замежных сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр дала журналістам зразумець, што саміт можа пастанавіць аказаць пэўную дапамогу Грузіі:

„Я думаю, мы мусім паказаць Грузіі, што мы сапраўды падтрымаем яе тэрытарыяльную цэласнасьць, зробім больш для яе эканомікі і, таксама ў будучыні, пашырым эўрапейскую палітыку добрасуседзтва”.

Зноў жа, калі перакласьці словы Фэрэра-Вальднэр на больш зразумелую мову, Тбілісі можа спадзявацца ад саміту ў Брусэлі дэклярацыі аб нейкай суме фінансавай дапамогі ды, што менш пэўна, але ня выключана, дэклярацыі аб памякчэньні візавага рэжыму паміж Грузіяй і Эўразьвязам.

Ці саміт у Брусэлі можа паўплываць нейкім чынам на зьмену расейскай палітыкі— як учора сказаў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў — у рэгіёне расейскіх „прывілеяваных інтарэсаў”, то бок, на Каўказе ў прыватнасьці і на тэрыторыі СНД ў агульнасьці? Гэта мала праўдападобна.

Разам зь інтэрвэнцыяй у Грузіі, Расея, паводле Мядзьведзева, аднавіла „шматполюсны” парадак сьвету:

„Сьвет павінен быць шматполюсным. Аднаполюснасьць — непрымальная. Дамінаваньне — недапушчальнае. Мы ня можам прыняць такое сьветаўладкаваньне, у якім ўсе рашэньні прымаюцца адной краінай, нават такой сур’ёзнай і аўтарытэтнай, як Злучаныя Штаты Амэрыкі”.


Сёньня гэты тэзыс яшчэ раз пацьвердзіў расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў, які выступаючы перад студэнтамі ў Маскве, заявіў, што ЗША занадта доўга спрабавалі жыць у „аднаполюсным” сьвеце.

Паводле Лаўрова, падтрымоўваючы Абхазію з Паўднёвай Асэтыяй, „новая Расея” ажыцьцявіла духоўнае завяшчаньне нядаўна памерлага савецкага дысыдэнта і расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына — яна адстаяла „права на нязгоду ў міжнародных адносінах”.