Сябра Таварыства беларускай мовы, настаўнік фізыкі ў адной зь менскіх школаў Аляксандар Сядзяка мяркуе, што ў дзяцей жаданьне вывучаць прадметы на беларускай мове ёсьць. Аднак гэтае пытаньне ня ставіцца бацькамі, адміністрацыяй школы і раёну.
“Пытаньне мовы навучаньня павінна паўстаць, калі ня ў гэтым годзе, то ў наступным. Калі пакаленьне нарэшце зразумее, што мацаваць дзяржаву трэба пачынаць з гэтага.
Самае галоўнае — хацелася б зьмяніць мову навучаньня, зрабіць яе беларускай. Бо для дзяцей гэта ня ёсьць праблемай. І сказаць, што толькі 20% школьнікаў сёлета атрымаюць у рукі беларускі падручнік... Мова закладае самае галоўнае — мэнталітэт, сьвядомасьць, бо школа павінна выпускаць грамадзянаў сваёй краіны — Беларусі. І вельмі спрэчнае пытаньне, якімі грамадзянамі выйдуць дзеці з расейскамоўных школаў, у якіх з роднай мовай не закладаецца і нацыянальная сьвядомасьць. Гэта праблема ўсёй нацыі, і пачынаць вырашаць яе трэба са школы. На жаль, за гэта пакуль ніхто не бярэцца.
Спадар Сядзяка мяркуе, што ў школе адбываецца грунтоўная разгрузка, у прыватнасьці — менш гадзінаў даецца на фізыку і матэматыку, і якасьць ведаў ад гэтага павінна пацярпець. Таксама мяняецца нагрузка на настаўнікаў у сувязі зь пераходам да 11-годкі. Асабліва гэта будзе адчувальна ў наступным годзе, калі выйдуць 11-я і 11-я штрых клясы, што можа прывесьці да скарачэньняў настаўнікаў:
“12-гадовая школа набывала нейкія свае абрысы. Але так і не дачакаліся вынікаў, як і з профільным навучаньнем, якое ўсталявалася ў многіх школах і давала магчымасьць дзецям нават не ў гімназіях набываць дадатковыя веды. Я лічу, што ў выніку гэтай рэформы якасьць адукацыі рэзка панізіцца.
Засмучае, што будзе меней фізкультуры ў школе. Гэта азначае, што дзеці будуць менш здаровыя. Менш будзе замежных моваў, і пачынацца яны будуць з трэцяй клясы. Проста гэта прывядзе да таго, што было за савецкім часам. Дзьве гадзіны на тыдзень — гэта ж безвыніковае марнаваньне часу і грошай. Цяпер жа адбываецца глябалізацыя, і без замежных моваў вельмі цяжка. Невядома, што будзе з гэтым пакаленьнем.
Сыстэма факультатываў будзе яшчэ толькі складацца, і цяжка сказаць, да чаго рэальна яна прывядзе. Базавая адукацыя будзе мець значна ніжэйшы ўзровень, чым плянавалася”.