Згодна з плянамі аўтараў школьнай рэформы, у новым навучальным годзе замест прадметаў “Гісторыя Беларусі” і “Сусьветная гісторыя” павінен быў выкладацца адзіны інтэграваны курс “Гісторыя”. Аднак дамагчыся гэтага не ўдалося, выкладаньне гісторыі пакуль застаецца ранейшым.
Да 1 верасьня школьнікі атрымалі старыя падручнікі гісторыі. Падрыхтаваць новыя, інтэграваныя праграмы і навучальныя дапаможнікі ініцыятарам рэформы ў сьціслыя тэрміны не ўдалося. Гаворыць настаўніца гісторыі з Барысава Вольга:
“Нічога пакуль што не зьмяняецца. Тое, што казалі напрыканцы мінулага году, што скасоўваецца гісторыя Беларусі ці скарачаецца матэрыял па гісторыі Беларусі, — зараз пра гэта ніхто ня кажа. Адзіная зьмена, што раней сусьветная гісторыя і гісторыя Беларусі вывучаліся паралельна, а зараз першыя паўгода будзе вывучацца сусьветная гісторыя, другое паўгодзьдзе — беларуская. І ўсе зьмены”.
Будзе стаяць дваістая дысцыпліна: сусьветная гісторыя і гісторыя Беларусі
У школах пакуль рэкамэндуюць і ў клясных журналах адзнакі ставіць па беларускай і сусьветнай гісторыі як па двух прадметах. Самае складанае ў выкладаньні гісторыі будзе тое, што ў некаторых клясах давядзецца за год засвойваць матэрыял, на які раней адводзілася два гады, — мяркуе менскі настаўнік гісторыі Юры:
“Напрыклад, у маіх клясах 11-х штрых мне давядзецца даць за тры ўрокі асноўныя тэндэнцыі гісторыі ад старажытнасьці да канца 18 стагодзьдзя. Гэта значыць, што за тры ўрокі мне трэба выкласьці ім курс 10 клясу”.
Спэцыяліст у галіне мэтодыкі выкладаньня гісторыі Васіль Варонін мяркуе, што пераход на адзіны курс гісторыі ў школах абцяжараны агульнай школьнай рэформай і вяртаньнем да 11-годкі:
“На дадзены момант, наколькі я ведаю, прынятае кампраміснае рашэньне: у праграмах будзе стаяць гісторыя, але калі разгортваць, канкрэтызаваць, то там будзе стаяць дваістая дысцыпліна: сусьветная гісторыя і гісторыя Беларусі”.
Паводле спадара Вароніна, мае прынцыпова зьмяніцца прынцып школьнага навучаньня гісторыі. У 12-годцы гісторыя выкладалася паводле прынцыпу “канцэнтраў” — спачатку беларускую і сусьветную гісторыю вучылі ў малодшай і сярэдняй школе на ўзроўні, даступным для разуменьня дзяцей, пазьней, у 11-12 клясах, плянавалася вывучаць яе наноў, але на значна вышэйшым тэарэтычным узроўні.
Ня тое што абяленьне Сталіна, а проста нэгатыўныя рэчы, якія раней былі зафіксаваныя ў падручніках, з падручнікаў і праграмаў былі выразаныя і выкінутыя
“Цяпер ад гэтых канцэнтраў адмовіліся і вярнуліся да лінейнай схемы вывучэньня гісторыі. І беларускай, і сусьветнай. Ня будзе паўтору, усё будзе вывучацца, як у савецкай школе, у адну лінію”.
Тым часам як у Расеі ў школьных праграмах па гісторыі пачалі абяляць савецкага дыктатара Сталіна, у Беларусі ў апошнія гады таксама назіраецца падобны працэс:
“Ня тое што абяленьне Сталіна, а проста нэгатыўныя рэчы, якія тады адбываліся і якія раней былі зафіксаваныя ў падручніках, паціху з падручнікаў і праграмаў былі выразаныя і выкінутыя”.
Настаўніца гісторыі з Барысава Вольга гэтак ацэньвае зьмест падручніка па гісторыі Беларусі для 10 клясу:
“Падручнікі па гісторыі Беларусі за гэты кляс проста жудасныя. Там адзін пазытыў наконт савецкага часу, наконт Айчыннай вайны, вельмі мала пра рэпрэсіі сказана, БНР асьвятляецца больш сьціпла, чым гэта было раней”.
Менскі спэцыяліст у галіне мэтодыкі выкладаньня гісторыі Васіль Варонін перакананы, што цяперашні школьны курс гісторыі так ці іначай можа прышчапіць дзецям патрыятызм, гонар за мінулае Бацькаўшчыны. Пытаньне толькі ў тым, на чым будуць рабіцца акцэнты, што будзе прызнана за дасягненьні, а што — за хібы:
“Будзе, на мой погляд, прышчапляцца і ўсяляк рэклямавацца варыянт беларускага савецкага патрыятызму”.