Уладзімер Колас: Бракуе праўды і шчырасьці

Ада Райчонк і Ўладзімер Колас

Кіраўнік зачыннага ўладамі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас лічыць, што найперш школе бракуе праўды і шчырасьці. А па-другое, бракуе беларускай мовы, нацыянальнай тоеснасьці.

“Трэба пачынаць з жаданьня выхаваць сучаснае, беларускае пакаленьне, якое б магло адчуваць сябе нармальна, у кантэксьце сучаснага ўзроўню разьвіцьця чалавечага грамадзтва. Зараз школа зноў рыхтуе новае пакаленьне канфармістаў — канфармістаў, пазбаўленых нацыянальнай тоеснасьці. Вось на якую мэту скіравана сёньняшняя школа. То бок традыцыі, якія ў ёй жылі, якія выхавалі цяперашняе пакаленьне кіраўнікоў, — заганнае кола, зь якога наша школа ня здолела вырвацца, як і ўсё наша грамадзтва”.
Трэба пачынаць з жаданьня выхаваць сучаснае, беларускае пакаленьне, якое б магло адчуваць сябе нармальна, у кантэксьце сучаснага ўзроўню разьвіцьця чалавечага грамадзтва

Адносна цяперашняй рэформы, пераходу да 11-годкі, спадар Колас сказаў:

“Гэта валтузьня, якая нічога агульнага з рэформамі ня мае. Сапраўдная рэформа павінна рабіцца прафэсіяналамі пад кантролем грамадзтва. І грамадзтва павінна быць у курсе праектаў гэтых рэформаў. І прымаць ці не прымаць гэтыя праекты. А тое, што робіцца кулюарна, далёка не спэцыялістамі ў галіне адукацыі, а людзьмі, якія думаюць, што разумеюць усё пра ўсё, — гэта авантура, чарговы валюнтарызм. Але ні ў якім разе не рэформа”.

Спадар Колас найперш памяняў бы дырэктарскі корпус:

“Гэта людзі, якія генэтычна схільныя да канфармізму і бяздумнага выкананьня любой бязглузьдзіцы. Гэтыя людзі ў сыстэме кіраваньня загадзя схільныя да дыктатуры і таталітарызму, крывадушша. Гэта на ўзроўні выканаўчага зьвяна.

А паводле зьместу мы ўсё ўжо зрабілі: у нас ёсьць распрацаваныя праграмы па ўсіх гуманітарных дысцыплінах, якія пазбаўлены ідэалягічнай прапаганды, якія створаны з пункту гледжаньня беларуса. Яны ў свой час былі зацьверджаныя міністэрствам адукацыі. Іх трэба вяртаць у сфэру адукацыі. Напісаць нармальныя падручнікі. Падручнікі павінны пісацца па конкурсе, каб стымуляваць творчасьць выкладчыкаў. Ну і трэба мяняць атмасфэру ў школе. Школа павінна быць пляцоўкай супрацоўніцтва і бацькоў, і выкладчыкаў, і адміністрацыі, і вучняў. У прынцыпе, канцэпцыя нацыянальнай адукацыі таксама была распрацавана ў нас у ліцэі — база тэарэтычная ёсьць, проста яе трэба выкарыстоўваць”.