Актывістка «Маладога фронту» Наста Палажанка мяркуе, што ў дэмакратычнай эўрапейскай краіне, якой стане Беларусь, давядзецца мяняць і сыстэму адукацыі.
« Школьная адукацыя на дадзены момант стаіць на абсалютна цьвёрдым, непахісным савецкім стандарце. Беларускім школам не хапае шчырасьці, адкрытасьці. Я, напрыклад, паўгады сваёй адзінаццатай клясы сканчвала ў так званай школе з эстэтычным ухілам і ў так званай беларускамоўнай клясе. Насамрэч беларускамоўная кляса адрозьнівалася толькі тым, што дзецям, якія лічылі сябе пакрыўджанымі на ўвесь астатні сьвет, выдалі толькі беларускамоўныя падпручнікі. Ніводзін прадмет не выкладаўся па беларуску. Нават гісторыя Беларусі была па жаданьні і па настрою нашага настаўніка і кляснага кіраўніка.
Школьная адукацыя стаіць на абсалютна цьвёрдым, непахісным савецкім стандарце
Таму пакуль у беларускіх школах будзе ўсё ісьці па бюракратычным, папяровым прымусе, а не ад шчырага жаданьня вучыць дзяцей і прывіваць ім беларускасьць, то выніку мы не пабачым.
А бюракратычныя прымусовыя рэчы ідуць выключна ад таго, што сёньня няма жаданьня беларускіх уладаў выхоўваць гэту беларускасьць. Няма жаданьня адрозьнівацца ад іншых і ставіць сябе на нейкі незалежніцкі стан.
Мне падаецца, абстаноўка ў школах нічым не адрозьніваецца ад той, якая была, калі вучыліся нашы бацькі».