“За шэсьць гадзін працы — пяць тысяч”

Рэчкі, Вілейскі раён. Эфір 21 жніўня 2008

Пра загадкавыя пячоры, якія ёсьць каля мястэчка Рэчкі, я даведаўся ў бібліятэчным музэі суседняга Куранца. Бібліятэкарка, якая родам з Рэчак, раіла мне абавязкова пабачыць гэты цуд. Вядома, што, згодна з паданьнямі, на дне тых пячораў ляжаць скарбы, але дабрацца да іх нікому не ўдавалася. Заінтрыгаваны гэтымі расповедамі, я паехаў у Рэчкі.

Мне пашанцавала з гідам. Бо ў Рэчках я адразу пазнаёміўся зь Юрасём. Студэнтам-гісторыкам, які вакацыі праводзіць на радзіме. Юрась з радасьцю пагадзіўся паказаць мне тыя пячоры. Відовішча сапраўды ўражвае. За вёскай узвышаецца вялікая гара, парослая густым лесам. І на крутых схілах гэтай гары ёсьць лазы. Толькі ня шчыліны ў зямлі. А абкладзеныя пазелянелымі ад моху камянямі сапраўдныя ўваходы ў невядомае. Такія пячоры і малююць у дзіцячых казках. Але ж у Рэчках яны сапраўдныя. Адчын пячоры зусім невялікі, але дастатковы, каб пралез чалавек. Да гэтае пары, па словах Юрася, няма пэўнай думкі, хто ж іх стварыў. Прырода ці людзі?






Карэспандэнт: “Чым слаўная вёска Рэчкі?”

Юрась: “Тут не аграгарадок. Тут нічога не мянялі, не круцілі. Звычайная вёска, звычайныя людзі. Большая частка — тыя, чые дзяды жылі тут. Радні ў мяне чалавек трыццаць. Звычайная беларуская вёска, у якой захаваліся яшчэ традыцыі. Яна дастаткова старажытная. Гэта было мястэчка. Тут жыло каля соткі габрэяў да другой сусьветнай. Тут была гміна за часамі Польшчы. І калі я не памыляюся, першая згадка — 1570 год. Немагчыма не любіць месца, дзе ты нарадзіўся”.

Карэспандэнт: “А што вы ведаеце пра гэтыя пячоры?”

Юрась: “Кажуць, што недзе на пачатку 19 стагодзьдзя прыяжджалі дасьледчыкі і спрабавалі іх дасьледаваць. Існуюць чуткі, што Нарбут прыяжджаў”.

Карэспандэнт: “А ў самой вёсцы хадзілі нейкія паданьні, легенды? Пра нейкія скарбы?”

Юрась: “Казалі, што калі нейкую манэту закінуць, то збудзецца нешта”.

Карэспандэнт: “А вы самі не спрабавалі кідаць манэту?”

Юрась: “Не. Манэт зараз няма, а савецкія кідаць...”

Карэспандэнт: “А што яшчэ казалі? Вашы дзяды лазілі сюды?”

Юрась: “Як казаў мой дзед, ён памёр летась, можна было на каленках мэтраў пяць-шэсьць туды прапаўзьці. Бо далей было страшна”.

І ўсё ж скарб тут ёсьць.

Юрась: “Адна габрэйка старая схавала люстэрка. Звычайнае люстэрка, аднак ззаду адчынялася крышка і там было манэтаў залатых. Яна схавала і пасьля вайны не знайшла тую сасну. Яна бедавала-бедавала. Так і не дачакалася выезду ў Ізраіль. І памерла. А засталося іх зусім няшмат. Можа, пяць-шэсьць габрэяў пасьля вайны. Хаця жылі на нашай цэнтральнай вуліцы, амаль усе габрэі жылі”.

Найстарэйшы жыхар Рэчак — 83-гадовы Леанід Бычок. Які памятае яшчэ тыя, габрэйскія Рэчкі. І, можна сказаць, сваім расповедам у нечым ілюструе колішнія беларуска-габрэйскія стасункі.






Леанід: “Тут што было? У кожнага была крама. Людзям давалі заробкі. Езьдзілі за прадукцыяй ажно ў Вільню”.

Карэспандэнт: “У вас была свая зямля?”

Леанід: “Верна”.

Карэспандэнт: “І ў вас яе забралі?”

Леанід: “Як Саветы прыйшлі. Ліквідавалі”.

Карэспандэнт: “У вас не было шкадаваньня па гэтай зямлі?”

Леанід: “Можа, у бацькоў было. Але ня ў нас, у моладзі. Толькі надакучвала гэта, кароў пасьвіць. Едзіналічаства. Я ненавідзеў яго, гэтае едзіналічаства. Таму што заціскалі працай. А вучыць далей не пускалі”.

Карэспандэнт: “А сорак першы год, пачатак вайны, вы сустрэлі тут?”

Леанід: “Так”.

Карэспандэнт: “Што тут было падчас нямецкай акупацыі?”

Леанід: “Быў млын дызэльны. Габрэйка Хайка пабудавала. Але яна зьехала”.

Карэспандэнт: “А многа габрэяў засталося тут?”

Леанід: “Многа. Але ўсе яны загінулі”.

Карэспандэнт: “Іх расстралялі ў Рэчках ці іх вывезьлі кудысьці?”

Леанід: “У Рэчках. Быў такі габрэй Борка. Злавіла паліцыя, і ён прывёў, дзе яны хаваліся. Яны ў ляску хаваліся. Нейкі шалашык быў. І ўсё”.

Карэспандэнт: “Сваіх выдаў?”

Леанід: “Так. І расстралялі. Паставілі ў шарэнгу. З адной кулі амаль што. Маладыя выехалі. То былі старыя”.

Карэспандэнт: “У вас няма ніякай нянавісьці да немцаў?”

Леанід: “Тут яны ў Рэчках нічога не тварылі. Толькі габрэяў паразганялі і ўсё. А мірнае насельніцтва яны не чапалі. Што Вы сьмеяцеся? Мірнае насельніцтва яны не чапалі. Што вы маглі зрабіць, калі да вас у хату прыйшоў узброены чалавек? Вы б нічога не зрабілі. Што сказалі б, вы б тое і рабілі”.

А зараз вернемся ў дзень сёньняшні. Колішняе багатае мястэчка пераўтвараецца ў невялікую вёску, дзе ў асноўным жывуць пэнсіянэры. Школа даўно зачынена. Але ёсьць клюб. Па словах Юрася, на дыскатэкі сюды прыяжджае нават моладзь зь Вілейкі. Настолькі тут прыязная атмасфэра. Загадчыца клюбу, Тацяна, саракагадовая прыгажуня, зараз адрабляе паншчыну ў калгасе. Бо працаваць там амаль няма каму.

Карэспандэнт: “Што вы робіце?”

Тацяна: “Ручная праца. На таку трэба рыдлёўкай зерне шуфляваць. За шэсьць гадзін працы — пяць”.

Карэспандэнт: “Пяць тысяч?”

Тацяна: “Там работа ўся ручная”.

Карэспандэнт: “І адмовіцца ад гэтай працы нельга? Няўжо няма працоўнага кодэксу? Што работнік культуры не павінен працаваць?”

Тацяна: “У нас павінны ўсе”.

Карэспандэнт: “А калі чалавек ня пойдзе на гэтую работу? Дэманстратыўна. Гэта пагроза звальненьня навісьне?”

Тацяна: “Ня ведаю. У нашай сфэры гэтага яшчэ не было. Звальненьнем, я думаю, не. Але нечым, напэўна, будзе чравата. Абавязаны ўсе, каго калгас патрабуе. Мы выжываем у любых умовах”.

Мяне заўжды дзівіць гэты страх невядома чаго. І адсутнасьць нават жаданьня пратэставаць. Але пакуль такія Тацяны будуць гатовыя выжываць у любых умовах, выжыве і любы калгас.

Сярод архітэктурных адметнасьцяў Рэчак можна назваць царкву. Яна выглядае малацікавым навабудам. Хоць насамрэч ёй не адно стагодзьдзе. Яе старое дрэва напачатку 90-х абклалі новай цэглай. Пабудавалі яе 200 гадоў таму як уніяцкую. Пасьля вайны ў ёй зрабілі клюб. Але ніхто ў той клюб не пайшоў. Распавядае 80-гадовая жыхарка Рэчак Марыя Пагуда.






Марыя: “Хто адпусьціць сваіх дзяцей у гэты клюб? Ніхто. І дзеці не пайшлі. І яго закрылі. А там жа печкі парабілі. І лаўкі. Зрабілі клюб. Але ніхто не пайшоў. Так яна і развалілася ўся. Калі б вы бачылі тады нашу царкву! Які быў храм!”

Марыя была галоўнай ініцыятаркай адбудовы ў Рэчках царквы. Сама зьбірала першыя грошы, сама арганізоўвала збор подпісаў. І свайго дамаглася.

Марыя: “Я не была ні ў піянэрах, ні ў камсамольцах, ні ў камуністах. Я сказала так, што я верую ў Бога і верыць буду. 70 гадоў адвучалі ад Бога. Як сёньня цяжка прывучыць людзей, каб любілі Бога. Я малая была, у шэсьць гадоў я ўсе малітвы ведала. Залезу на печ і ўсе малітвы вучыла. А памяць у малой добрая была. Бацькі ж вучылі. Самі былі верылі і дзяцей да веры. А цяпер хіба хто будзе дзяцей вучыць? Я памятаю, мяне вучылі, каб нідзе нічога ня ўзяць нічога. Я ні ў кога шчэпкі не ўзяла. Бывала, пайду травіцу рваць, расхінаю, каб не патаптаць гэтае зерне, ячмень ці авёс, Бог жа глядзіць зь неба і бачыць, што я раблю кепскую справу. Усе стараліся рабіць добрыя справы. Вось быў і сьвет лепшы”.

Я вельмі часта адчуваю сябе зборшчыкам беларускага фальклору. Бо амаль у кожнай вёсцы бабулі мне дораць песьні сваіх бабуль. Старая Марыя падаравала мне вясельную песьню, якая дайшла да яе ад бабулі.

Адчыняй, мама, новы двор,
Едзе твой сынок, як сакол.
Вязе нявестку, як зару.
Табе, мамачка, у заслугу…