Паводле папярэдніх дадзеных, акруговыя камісіі зарэгістравалі 76 кандыдатаў у дэпутаты, якія ўваходзяць у адзіны сьпіс аб’яднаных дэмсілаў. Усяго да этапу рэгістрацыі дайшлі 98 кандыдатаў ад АДС.
Ад “правых” партый зарэгістравана 48 кандыдатаў і ад “левых” 28. Да прыкладу, у Партыі БНФ з 24 кандыдатаў зарэгістравана 19, у Аб’яднанай грамадзянскай партыі з 29 чалавек зарэгістравана 25. Усяго каля 22 кандыдатаў ад аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі застаюцца па-за выбарамі.
Кіраўнік Інфармацыйнага цэнтру Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Юры Пацёмкін сказаў:
“На дадзены момант я ведаю, што бальшыня кандыдатаў, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі зьбіраюцца падаць скаргі ў Цэнтрвыбаркам”.
Сакратар Партыі камуністаў Беларускай Валера Ўхналёў сказаў:
“Так мы і думалі, што бальшыня будзе зарэгістравана. Бо ўладам вельмі патрэбна, каб апазыцыя прыняла ўдзел у выбарах. І гэта адно з тых патрабаваньняў, якія ёсьць у наладжваньні стасункаў Лукашэнкі з Эўропай”.
Матывы нерэгістрацыі кандыдатаў ад апазыцыі спадар Ухналёў назваў неправавымі:
“Гэта суб’ектыўныя, палітычныя рашэньні, якія прымаюцца камісіямі. Я думаю, што нейкія з гэтых рашэньняў Цэнтрвыбаркам адменіць. Але гэта ўсё роўна не дае падставы казаць аб’яднаным дэмакратычным сілам, што выбары будуць сумленнымі, празрыстымі і адкрытымі”.
У выніку аб’яднаныя дэмсілы на 110 акругаў маюць толькі 76 кандыдатаў у дэпутаты. У значнай частцы акругаў у выніку выбары будуць безальтэрнатыўнымі, лічыць праваабаронца Ўладзімер Лабковіч. Ён параўноўвае сёлетнія вынікі рэгістрацыі кандыдатаў з выбарамі 2004 года:
“Калі браць у абсалютным лічбавым эквіваленце, то выглядае, што на гэтых выбарах зарэгістравана больш кандыдатаў ад апазыцыі. Але ж на мінулых выбарах вылучалася і значна больш. На мінулых парлямэнцкіх выбарах было па 2-3 дэмакратычныя кандыдаты на акрузе. Зараз жа суб’ектамі АДС абрана іншая стратэгія. Але ж сытуацыя шмат у чым індэнтычная. Хоць зарэгістравана і больш кандыдатаў, але ж улады дзейнічаюць адрасна , не рэгіструюцца асноўныя, моцныя кандыдаты, ужо традыцыйна не рэгіструецца ў Барысаве спадар Салаш. І ў адрозьненьне ад мінулай камапніі ўлады пайшлі на нерэгістрацыю знакавых асобаў. Бо нерэгістрацыя Вячоркі і Івашкевіча - гэта палітычнае рашэньне, а не юрыдычнае. І я думаю, што гэта яшчэ не канец. Пад час мінулых выбараў былі дзьве хвалі нерэгістрацыі – першая на этапе кандыдатаў. І другая хваля, калі моцных кандыдатаў здымалі за 3-5 дзён да дня галасаваньня”.
Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына мяркуе правесьці заўтра прэсавую канфэрэнцыю, на якой будуць падведзены афіцыйныя вынікі рэгістрацыі кандыдатаў. Пакуль у ЦВК ніякіх лічбаў не падаюць.