Акцыя пратэсту інваліда-вазочніка Ўладзімера Вусікава на плошчы Леніна не адбылася.
Інвалід, які ня быў у цэнтры Магілёва восем гадоў, зблытаў аблвыканкам з банкам. На плошчы інвалід зьбіраўся патрабаваць свайго аднаўленьня ў чарзе на атрыманьне сацыяльнага жытла, а таксама пуцёўкі на курортна-санаторнае лячэньне альбо кампэнсацыі яе кошту. Праз сваю інваліднасьць Уладзімер Вусікаў гадамі не выяжджае з аддаленага гарадзкога раёну, дзе жыве.
Дваццаць хвілінаў Уладзімер Вусікаў пікетаваў з плякатамі “Хто скраў мае льготы?” і “Ганьба лукавым ільготам”, замест аблвыканкаму, магілёўскі філіял “Беларусбанку”. Сваю памылку інвалід зразумеў толькі пасьля гутаркі з банкаўскімі ахоўнікамі і ўчастковым міліцыянтам:
“Падышоў прапаршчык і кажа: гэта банк. У мяне атрымліваецца, што я нібыта свае прэтэнзіі выстаўляю банку. Я зразумеў, што ня там стаў. Хвілін празь дзесяць падышоў участковы. Ён сказаў, што мы нічога складаць на вас ня будзем. Я спадзяюся, ён кажа, што вы перадумаеце і згорнеце. І я тады паціху сабраўся”, — распавядае Ўладзімер Вусікаў.
Дзе знаходзіцца плошча Леніна, Уладзімеру Вусікаву паказалі мінакі. Туды, аднак, ён праехаць ня змог, бо пад’езды да галоўнай плошчы гораду, як высьветлілася, не прыстасаваныя для інвалідаў-вазочнікаў:
“Там прыступкі такія, што ня зьедзеш і не заедзеш. Мне мінакі дапамагалі празь бардзюры пераехаць”.
Ад акцыі пратэсту Ўладзімер Вусікаў не адмаўляецца й зьбіраецца яе правесьці яшчэ раз, але ўжо на самой плошчы Леніна.
Уладзімер Вусікаў — інвалід першай групы. Ад 2002 году ён прыкуты да вазка. У 2000 годзе праз хваробу сэрца яму спачатку ампутавалі адну нагу, а праз два гады — другую.
Уладзімера Вусікава зьнялі з чаргі на атрыманьне сацыяльнага жытла, бо пэнсія ў яго перавышае пражытковы мінімум. Пэнсія ў інваліда 370 тысяч, а пражытковы мінімум — 224 тысячы.
Пуцёўкі ж, паводле Ўладзімера Вусікава, яму не даюць, бо кажуць, што санаторыяў для такіх інвалідаў няма. Акрамя таго, яму патрэбнае суправаджэньне, а гэта дадатковыя выдаткі.
Уладзімер Вусікаў жыве ў двухпакаёвай кватэры з двума дарослымі сынамі, унукам і жонкай, зь якой ён чатырнаццаць гадоў у разводзе. Пад’езд дома, дзе ён жыве, не прыстасаваны для інваліда-вазочніка. Каб дабрацца да ліфта, інвалід сам змайстраваў адкідны драўляны пандус.