"Шанхайскія" не падтрымалі Расеі

28 жніўня ў Душанбэ прайшла сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў гэтак званай Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС). Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, які спадзяваўся атрымаць моцную падтрымку для нядаўняга прызнаньня Масквою незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, расчараваўся.

Перад сустрэчай у Душанбэ Мядзьведзеў сказаў журналістам:

"Упэўнены, што пазыцыя дзяржаваў-членаў ШАС атрымае належны міжнародны рэзананс. І я спадзяюся, што гэта паслужыць сур’ёзным сыгналам усім, хто спрабуе прадставіць чорнае белым і апраўдаць зробленую агрэсію".

Але выніковая заява пасьля сустрэчы, хутчэй за ўсё, не патрапіла ў спадзяваньні Мядзьведзева. Заява падтрымлівае "актыўную ролю Расеі" ў вырашэньні канфлікту з Грузіяй, выказвае заклапочанасьць "напружаньнем у паўднёваасэтынскім пытаньні" ды заклікае ўсе бакі вырашыць "існуючыя праблемы" шляхам дыялёгу і перамоваў.

У заяве нямя нічога ні пра "агрэсію" Грузіі, ні пра незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Што, відаць, і ня так дзіўна. Некаторыя дзяржавы-члены ШАС маюць свае праблемы з сэпаратызмам, і не хацелі б заахвочваць яго праз прызнаньне незалежнасьці дзьвюх сэпаратыскціх рэгіёнаў Грузіі. Прыкладам, Кітай змагаецца з праблемамі сэпаратызму уйгураў і тыбэтцаў.

У ШАС, акрамя Расеі, уваходзяць Таджыкістан, Казахстан, Кіргізія, Узбэкістан, і Кітай. А чатыры дзяржавы маюць статус назіральнікаў: Іран, Індыя, Манголія і Пакістан. Статус назіральніка хоча атрымаць і Беларусь.