Прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.
Намесьнік старшыні сталай камісіі міжнародных спраў у Палаце прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў, што гэта “сучаснае і на гэты момант вельмі правільнае рашэньне”.
“Іншага і не магло быць, бо Захад, Эўразьвяз нікога не пыталіся і ні з кім ня раіліся, калі прызналі незалежнасьць Косаўскага краю ад Сэрбіі. Нягледзячы на тое, што мільёны людзей па ўсёй Заходняй Эўропе былі супраць гэтага. Яны нават забыліся, як яны бамбавалі Югаславію. Я бачыў тую амэрыканскую ракету, якая тырчыць дагэтуль у кітайскай амбасадзе. І як яны зьдзекаваліся з сэрбскага і ірацкага народаў. І ўсе маўчаць, гэта ж у імя дэмакратыі. І вось тут парушылася іх магутнасьць, і яны ў адзін час крычаць, што Расея перабольшыла свае магчымасьці. Нічога не перабольшыла, правільна зрабіла. Калі б я быў зараз на нейкай афіцыйнай пасадзе, я тут проста адразу аддаў бы загад аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Я ня ведаю, якое рашэньне прыме прэзыдэнт, але, я лічу, мы павінны гэта зрабіць разам з Расеяй і быць назаўсёды з Расеяй у гэткіх пытаньнях”.