Што трэба зрабіць, каб вы аддалі дзіця ў беларускамоўную школу? Пры якіх умовах вы згадзіліся б на гэта? На гэтыя пытаньні адказвалі ў Горадні мінакі зь дзецьмі.
Маладая спадарыня: “Шчыра кажучы, я б не хацела аддаваць сваё дзіця ў беларускую школу, пачнем з гэтага. Мы ўсе размаўляем на расейскай. Родная мова нашая, як ні шкада, ужо забываецца, і ў маім коле збольшага ўсе размаўляюць па-расейску. А што да беларускай мовы, то трэба было б пераводзіць усю дакумэнтацыю, усе школы, каб усе гаварылі, як на Ўкраіне, толькі на роднай мове. Толькі тады трэба аддаваць дзіця ў беларускую школу. А так дзеці размаўляюць у школе на адной мове, дома на іншай, я не лічу гэта слушным”.
Спадар: “Дзеля таго, каб я аддаў сваё дзіця ў беларускую школу, напэўна, усё-ткі трэба, каб значная частка насельніцтва размаўляла на гэтай мове”.
Спадарыня: “Не, я не хачу, хачу, каб дачка навучалася на расейскай мове… А так трэба, каб усе людзі паўсюль размаўлялі на беларускай, ня толькі ў школе, вось тады я згодна была б аддаць у беларускую школу. Але ў нас так проста не прынята ў Беларусі”.
Маладая спадарыня: “Мы абавязкова аддалі б дзіця ў беларускую школу, каб вучыла беларускую мову, бо цяпер яна выцясьняецца ў нас у Беларусі, практычна ў школах скарачаюцца гадзіны выкладаньня. Я сама настаўніца беларускай мовы, а працы знайсьці не магу толькі таму, што гадзіны скарацілі і не патрэбныя спэцыялісты беларускай мовы”.
Яе муж: “Я таксама аддаў бы ў беларускую школу”.
Жонка: “Спачатку трэба хаця б адкрыць клясы зь беларускай мовай навучаньня, а потым пераводзіць усю школу”.
Спадарыня: “Не, напэўна, не аддала б. Па-першае, нашы дзеці прызвычаіліся ўжо на расейскай мове, і перастройваць іх, напэўна, трэба нейк паступова, а не адразу. Таму што хоць прадмет “беларуская мова” ёсьць, але гэтага недастаткова, каб добра зразумець таксама геаграфію ці матэматыку на беларускай мове. Таму я наўрад ці аддала б у беларускую школу сваіх дзяцей”.
Спадар: “Я лічу, што няма розьніцы, у якую школу аддаваць дзіця, галоўнае, каб была нармальная сыстэма адукацыі, і ўсё. А беларуская яна, польская, нямецкая — бяз розьніцы. А ў беларускую канкрэтна? У прынцыпе так, канечне, чаму б не? Нібыта родная мова, бліжэй было б”.
Спадар: “Я ўвогуле лічу, што адукацыю трэба атрымліваць на расейскай мове. Мы прызвычаіліся да гэтага. Адукацыя на беларускай мове ўжо страчана. У свой час калісьці мы спрабавалі вывучаць беларускую мову, дакладней, вышэйшую матэматыку на беларускай мове. Дайце мне веры, гэта вельмі складана, хаця й сам прадмет няпросты”.
Малады спадар: “Ну аддалі б у беларускую, але я ня ведаю нават, што для гэтага патрэбна”.
Яго жонка: “Я думаю тое ж самае. Мне здаецца, дзеці павінны ведаць сваю родную мову, культуру. І калі нехта не захоча, то абавязкова знойдуцца тыя, хто хоча вучыцца ў беларускай школе, вывучаць сваю родную мову і ведаць яе добра, і культуру ведаць, і гісторыю”.
Спадар, былы вайсковец: “Ведаеце, для любога беларуса родная мова — гэта сьвятое, я кажу — для беларуса. А па-другое, каб бацькі аддавалі сваіх дзяцей у беларускія школы, трэба, каб установы таксама карысталіся беларускай мовай, каб у інстытутах яна была. Я нічога новага не адкрываю, гэта ведаюць амаль усе разумныя людзі. А калі гэтага ня будзе, будуць любіць беларускую мову, але ў школу аддаваць ня будуць, бо ня будзе пэрспэктывы. Самае галоўнае: калі ёсьць глеба, то павінна быць і вышыня ў карыстаньні гэтай мовай”.