На мажорнай ноце завяршыліся ХХІХ Алімпійскія гульні ў Пэкіне для зборнай Беларусі.
У апошні дзень спаборніцтваў у мастацкай гімнастыцы беларускія дзяўчаты атрымалі бронзавую ўзнагароду, давёўшы такім чынам агульную колькасьць заваяваных мэдалёў да 19 (зь іх чатыры ўзнагароды – вышэйшай вартасьці). Пра такі вынік не марылі нават спартовыя функцыянэры, якія пры самым удалым раскладзе плянавалі выступ ня горшы за Гульні 2000 году ў Сыднэі, калі ў актыве было 17 мэдалёў. Адметнасьцю сёлетняй Алімпіяды, што золата здабывалі спартоўцы, ад якіх такіх подзьвігаў нават не чакалі.
Сёньня каманда Беларусі атрымала апошні шанец адкарэктаваць мэдалёвую статыстыку на пэкінскай Алімпіядзе. У камандных практыкаваньнях па мастацкай гімнастыцы пасьля першых двух дзён беларускі ішлі на першай пазыцыі і да апошняга прэтэндавалі на вышэйшую прыступку п’едэсталу. Аднак у барацьбе нэрваў саступілі супэрніцам з Расеі і Кітаю, заняўшы выніковае трэцяе месца. Зрэшты, спэцыялісты ўжо выказваюцца адносна таго, што кітайскім гімнасткам дапамаглі ня толькі родныя сьцены, але і судзейская брыгада. Але гэта і ёсьць выдаткі такога суб’ектыўнага ў ацэнках віду спорту як мастацкая гімнастыка.
Нагадаю, што напярэдадні ў індывідуальных спаборніцтвах другое месца заняла Іна Жукава, саступіўшы толькі расейскай гімнастцы. Жукава заявіла, што на такой аптымістычнай ноце можна разьвітвацца зь вялікім спортам, аднак трэнэрскі штаб ад такога рашэньня не ў захапленьні.
А вось справы ў спартовай гімнастыцы можна аднесьці да беларускіх антыдасягненьняў сёлетняй Алімпіяды. Колісь традыцыйна мэдалёвая дысцыпліна (досыць узгадаць спартовы подзьвіг Віталя Шчэрбы, які ў алімпійскай Барсэлёне заваяваў шэсьць залатых мэдалёў) паступова пераўтварылася ў аўтсайдэра беларускага спорту. Майстар спорту ў спартовай гімнастыцы Тамара Аляксеева кажа, што настаў час рабіць радыкальны высновы:
“Ужо пасьля гэтай Алімпіяды яны сапраўды вельмі паніклі. Гэта Алімпіяда паказала, на колькі ўзрасла тэхніка, што проста ашаламляльна. Тычыцца гэта літаральна ўсіх краінаў. Што яшчэ цікава – выйграюць нават ня столькі вялікія краіны, дзе спакон веку была гімнастыка, а дзяржавы кшталту Бразыліі, іншых краінаў, дзе гімнастыкі увогуле ніколі не было. Напэўна, зараз зноў трэба браць курс не на гэтую моладзь, бо яны вельмі рана сыходзяць. Бачыце, што ў нас ужо выступаюць хлопцы па 30-32 гады. Тут вельмі шмат пытаньняў, якія трэба абдумаць. І неабходна думаць сумесна. Але я ня ведаю, што сабе думае наша кіраўніцтва, чым яно ўвогуле займаецца. Рэнальд Кныш вельмі шмат пісаў прапановаў, як перабудаваць гімнастыку, як зрабіць лепей. Але яго лічаць проста ненармальным, маразматыкам”.
Нагадаю, што самымі мэдалёвымі на ХХІХ Алімпійскіх гульнях у Пэкіне для Беларусаў сталі кідальныя ды штурхальныя дысцыпліны – золата Аксаны Мяньковай ў кіданьні молату, срэбра і бронза ў гэтым жа відзе Вадзіма Дзявятоўскага і Івана Ціхана, зноў жа срэбра і бронза Натальлі і Андрэя Міхневічаў, а таксама Надзеі Астапчук у штурханьні ядра. Па мэдалю ўсіх вартасьцяў прынесьлі ў скарбонку зборнай Беларусі штангісты: золата -- Андрэй Арамнаў, срэбра – Андрэй Рыбакоў і бронзу – Анастасія Новікава. Трыюмфальна завяршылі свае выступы весьляры на байдарках і каноэ – два золаты і бронза ў актыве, адпаведна, братоў Багдановічаў і байдаркі-чацьвёркі, а таксама ў двойцы-каноэ. Парадаваў заўзятараў дзесяціборац Андрэй Краўчанка, які заваяваў срэбны мэдаль.
Усяго на рахунку беларускіх атлетаў 19 мэдалёў: чатыры вышэйшай вартасьці, пяць срэбных і 10 бронзавых. Гэта найлепшы вынік за ўсю гісторыі выступаў беларусаў на Алімпійскіх гульнях асобнай камандай – упершыню Беларусь дэбютавала ў Атлянце ў 1996 годзе.
Рэкардзмэнка сьвету і Эўропы, шматразовая чэмпіёнка СССР у лёгкай атлетыцы Марыя Іткіна ўсьцешаная, што сёлетняя Алімпіяда аказалася самай пасьпяховай для беларускай зборнай. Аднак яна лічыць, што Гульні засьведчылі перавагу новых тэхналёгій у падрыхтоўцы атлетаў над кансэрватыўнымі мэтодыкамі, на якія па-ранейшаму ставяць у Эўропе. Калі Беларусь будзе ігнараваць гэты працэс, то спадзявацца на ўдалы выступ праз чатыры гады ў Лёндане будзе складана:
“Думаю, што Алімпіяда не стала выключна кітайскай. У нейкая ступені, канечне, ёсьць перавага, бо праходзіць Алімпіяда на іх зямлі, яны вельмі рупліва да яе рыхтаваліся. І натуральна, што ў іх перавага вялікая. Але наўрад ці можна сьцьвярджаць, што атрымалася чыста кітайская Алімпіяда, хоць яны вельмі моцныя. Бо амаль роўная барацьба ішла практычна паміж двума краінамі – Кітаем і Амэрыкай. У асноўным на экранах толькі і бачыш ЗША і Кітай, што ў сваю чаргу, падкрэсьлівае “задохласьць” Эўропы. Яе практычна мала бачна. Значыць, трэба штосьці зьмяняць, перадусім неабходныя абнаўленьні тэхналягічныя”.
Усяго на алімпійскіх спаборніцтвах у Пэкіне бралі ўдзел прадстаўнікі 204 краінаў. Мэдалі заваявалі атлеты з амаль дзевяці дзясяткаў дзяржаваў за яскравай перавагай спартоўцаў Кітаю і ЗША. Беларусь у агульнакамандным заліку, як і плянавалася, увайшла ў першую дваццатку, заняўшы выніковае 16 месца. Па колькасьці ўсіх мэдалёў Беларусь на 13 месцы.