Веткаўскі раён: пажар зьнішчыў палову Тумарына <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />

У Веткаўскім раёне ў мінулыя выходныя пажар напалову зьнішчыў вёску Тумарын. З шаснаццаці хатаў згарэла сем, пацярпела шмат гаспадарчых пабудоў. Вакол выгарала каля сотні гектараў лесу й хмызьняку. Атрымаў моцныя апёкі трактарыст лясной гаспадаркі.
У Тумарыне цяпер пераважаюць чорна-шэрыя й рудыя колеры — ад попелу, сажы й парудзелых ад агню яблынь, бяроз, хвоек.


Распавядае мясцовая пэнсіянэрка Антаніна Рамашкіна:

“Страшней вайны было: і лес гарыць, і дамы гараць. Вецер быў, полымя ляціць. Гарачыня — 38 градусаў у цені. Агонь верхам ляцеў. Асфальт празь вёску вунь які, а перакінула ж агонь і на другі бок.

На нашым баку напачатку загарэлася, а потым і на другі бок перакінуўся пажар. З аднаго боку нясе агонь і з другога. Адзін дом гарыць, другі, трэці, чацьвёрты… Сапраўднае пекла было”.


Жанчына паказвае, што агонь стаў распаўзацца ў яе за сядзібай — мэтраў за сто пяцьдзясят ад хаты. Там, за асіньнікам, тарфянік. Яго пажарныя тушылі не адзін раз, але ён усё тлеў.

Дым Антаніна заўважыла пасьля паўдня і адразу патэлефанавала на нумар 101:

“Патэлефанавала я ў пажарную дваццаць хвілін на другую гадзіну дня, а прыехала машына а палове на трэцюю. Калі б прыехала адразу, гэтага не было б нічога”.

Адна пажарная машына не дала рады агню. Калі ў Тумарыне пажар ужо палаў на ўсю моц, яшчэ адзін разьлік пажарных прымчаў з Добруша.

Але раней зьбегліся і зьехаліся людзі з навакольных лецішчаў, з суседняй вёскі Рудня-Споніцкая.

Старэйшы сын Антаніны Рамашкінай Дзьмітры прыехаў з Гомелю. Напачатку ён дапамагаў ратаваць маёмасьць брату Юрыю, які зь сям’ёй жыве на пачатку паселішча. У таго ўжо гарэлі хлеў і лазьня:

“Я з Гомеля ехаў. Спачатку тушылі на тым канцы паселішча, з боку Веткі. Ужо хаты гарэлі. Мы сталі выносіць Юркавы рэчы на дарогу. Потым пытаюся, адкуль пажар пайшоў. Сказалі, што з процілеглага боку паселішча. Я прыяжджаю сюды, а тут ужо агонь вакол сядзібы маці — да самага плоту дайшоў. Я патэлефанаваў куму ў Добруш. З Добруша кум прыляцеў на машыне — і мы разам тушылі. Зь вёскі Чыстыя Лужы на фурманцы людзі зь вёдрамі прыехалі, а пажарных усё не было. Толькі адна машына была, здаецца, зь Веткаўскага лясгасу. Потым ужо пажарная з Добруша прыехала. Калі б не яна, у Тумарыне засталася б хіба толькі адна хата”.


Ураджэнец Тумарына спадар Віктар, які прыяжджаў дапамагаць тушыць вёску з Добруша, так адгукнуўся на паведамленьні афіцыйных мэдыяў пра пажар:

“Па тэлевізары перадавалі, што мясцовае насельніцтва не пацярпела. А трактарыст жа абгарэў, ляжыць з апёкамі ў шпіталі. Каб агонь не распаўзаўся, ён абворваў асяродкі пажару. Верхавы агонь у лесе пайшоў — і трактар загарэўся. І трактарыст атрымаў апёкі — яго забралі ў апёкавы шпіталь у Гомель”.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 18 пагарэльцаў — 13 жылі ў Тумарыне як дачнікі. І толькі Юры Рамашкін з жонкаю й трыма дзецьмі прапісаны ў згарэлай вёсцы.

Хата ў спадара Юрыя ацалела, а вось гаспадарчыя пабудовы й жывёла — пацярпелі:

“Пажар заўсёды страшны. Пяць гадзінаў плакала меншая дачка. Асабіста ў мяне згарэлі хлеў, лазьня, сена каля дванаццаці тон. Куры пагарэлі, качкі. Два парсюкі ўцяклі. Аднаго я знайшоў у лесе абгарэлага, праванялага”.


Пра кампэнсацыю ці матэрыяльную дапамогу Юрыю пакуль ніхто нічога не казаў. Толькі пажарныя спыталіся, якую шкоду нанёс яго сям’і агонь. Але гаспадар і падлічыць пакуль ня можа — так расстроены. Жонка й дзеці — у сваякоў. Пажыткі ў райцэнтры на машыне ляжаць.

Сям’і патрэбна жытло й дапамога. Найперш — каб сабраць дзяцей у школу:

“Жытло хоць бы далі, каб можна было па-людзку жыць, мэблю завезьці. Дзяцей у школу сабраць, каб якую дапамогу далі. Кампэнсацыю за шкоду ці што-небудзь такое”, — кажа пагарэлец.