Грамадзкі рэдактар Радыё Свабода гэтага тыдня Яраслаў Берніковіч нарадзіўся на Глыбоччыне, працаваў там прарабам у калгасе імя Чапаева, майстрам будаўнічага ўчастка Глыбоцкага райпа, намесьнікам дырэктара міжнароднага інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Эўрапейская хваля”. Цяпер — намесьнік гендырэктара ТАА Ўпраўляючая кампанія «Беларусь Капітал Мэнэджмэнт».
Ён вылучаецца ў парлямэнт па Глыбоцкай акрузе № 22. Альтэрнатывай дэмакрату тут кіраўнік абласной вэртыкалі спадар Андрэйчанка. Што думае Яраслаў Берніковіч пра пэрспэктывы змаганьня зь першым чалавекам у рэгіёне?
— Мой канкурэнт — старшыня абласнога выканкаму, Уладзімер Андрэйчанка. Якія я маю з гэтага плюсы і мінусы?
Спачатку пачнём з адмоўных момантаў. Самы вялікі зь іх — адміністрацыйны рэсурс. Ён працуе напоўніцу: больш за 150 зборшчыкаў подпісаў — яны ва ўсіх прадпрыемствах, арганізацыях, калгасах…
Абласныя газэты “Віцебскі рабочы”, “Народнае слова” яшчэ сёмага ліпеня пачалі раскручваць будучага кандыдата ў дэпутаты.
Чарговы мінус — гучная пасада, якая надае важкасьці майму суперніку.
Цяпер плюсы.
Што ведае Глыбокае пра губэрнатара, акрамя прозьвішча? Нічога. Ці пазнаюць яго ў твар? Наўрад ці.
Я ж не аднойчы балятаваўся тут, і тутэйшыя людзі мяне пазнаюць.
Яшчэ я малады, а губэрнатар — перадпэнсійнага ўзросту. Як пісалі Ільф і Пятроў — “Победила молодость!”
Я веру ў сваю перамогу, хоць дэпутатам мне стаць ні ў якім разе не дадуць.
Андрэйчанка — сваяк прэзыдэнту. А ён “сваіх” не кідае.
Але я веру, што і мае выбарцы мяне ня кінуць.