“Чэсна кажучы, мы рабы”

Куранец, Вялейскі раён. Эфір 7 жніўня 2008 г.

Шмат я бачыў аграгарадкоў, але такога ўзорна-паказальнага, які зрабілі зь мястэчка Куранец, што на Вялейшчыне, напэўна ня бачыў. Старая грамадзянская забудова, якая дасталася нам ад габрэяў, стаіць сьвежапафарбаваная ў вясёленькія колеры, асфальт роўненькі, як у эўрапейскіх сталіцах, тратуары вымеценыя. Адным словам, жыць і радавацца.






















Па чыстым тратуары ідуць двое сялян, работнікі мясцовага СПК. І, скажам шчыра, не гарманіруюць выразы іх твараў зь вясёлкавым навакольлем. Адзін каржакаваты, другі высокі. Абодва пад лёгкім шафэ. Але нагода, відаць, невясёлая. На сваё пытаньне пра жыцьцё-быцьцё я атрымаў такі шчыры і вобразны адказ, на які не разьлічваў.

1 калгасьнік: “У калгасах людзі — рабы. Толькі нас не прадаюць”.

2 калгасьнік: “***ш, як тата Карла, а атрымліваеш, як Бураціна”.

1 калгасьнік: “І што яшчэ скажу, працуем...”

2 калгасьнік: “Ад зары да зары”.

1 калгасьнік: “У нас уся новая тэхніка. Камбайны новыя, трактары новыя. Работаем па 14 гадзін ад вясны да восені. Дамоў, як сужыцель, прыходзіш. Паспаць і пераадзецца”.

Як высьветлілася, гутару я са “шчасьлівымі” насельнікамі новых дамкоў. Сам таго ня хочучы, я справакаваў палітычную спрэчку паміж сябрамі. Уперамежку з матамі маё вуха лашчылі словы пра дэмакратыю і Канстытуцыю.

2 Калгасьнік: “Аграгарадок жа ж у нас. Дык чаму я павінен у калгаснай хаце за свае грошы праводзіць газ? Калі аграгарадок у нас”.

Карэспандэнт: “А што мужыкі кажуць? Неяк змагацца, куды-небудзь пісаць...”

2 калгасьнік: “А што змагацца? Трэба кіраўніцтва мяняць.”

1 калгасьнік: “Я ўжо хацеў у Менск ехаць. Я ўжо адзеўся, але мяне жонка адгаварыла. У Вілейку няма карысьці ехаць”.

Карэспандэнт: “А вось будуць выбары восеньню...”

2 калгасьнік: “А што выбары?”

1 калгасьнік: “Гэта палітыка”.

2 калгасьнік: “Кожны борыцца за сваё месца”.

1 калгасьнік: “Гэта ўсё прыгожыя словы. Чэсна кажучы, мы рабы. Мне так хочацца крыкнуць на ўсю Беларусь: “Мы рабы!” Мы рабы, а не людзі. Мы нічога ня маем правільнага. Нічога. Сена абяцалі. Дайце людзям сена. Кажуць: “Не падабаецца, пакідай новы трактар, высяляйся з хаты”. Гэта што, размова? Мы рабы. Вось што накіпела на сэрцы”.

Карэспандэнт: “Але пры гэтым Лукашэнка харошы”.

2 калгасьнік: “Прэзыдэнт у нас харошы”.

1 калгасьнік: “А чаму гэта ён харошы?”

2 калгасьнік: “Глядзі, у нас войнаў няма”.

1 калгасьнік: “У нас няма дэмакратыі. У нас дыктатура, ***! Як у нас Канстытуцыя выконваецца? Зараз пачынаецца ўборачная кампанія. У гарадах людзі квітнеюць. Пяюць песьні і гуляюць”.

2 калгасьнік: “Вось, гарадкі давай пабудуем, людзі кінуцца. Ніхто ня кінецца. Трэба было гадоў дваццаць таму іх будаваць”.

Найстарэйшы жыхар Куранца, Анатоль Балкоўскі, 85-гадовы вэтэран вайны, высачэзны, моцны волат прайшоў усю вайну артылерыстам.

Анатоль: “Немцы называлі нас “Чорная сьмерць”. Бо ў нас былі ўсе віды артылерыі на хуткай хадзе. Мы былі пад Кёнігсбэргам, пасьля раз — пад Варшаву. За ноч”.

Але большага страху, чым на вайне, па словах спадара Анатоля, ён нацярпеўся ў мірны сталінскі час. Калі быў старшынём выбарчага ўчастку на парлямэнцкіх выбарах 1946 году.

Анатоль: “Я тады быў старшынём выбарчага ўчастку. У школе быў участак. Дзьве жанчыны і мужчына быў. І пытаньне такое ўзьнікла паміж намі. Хто галаўнейшы, Сталін ці Ленін? Паспрабуй, адкажы. Знаёмы з гаркама партыі прыехаў і сказаў: “Ты можаш трапіць у турму”. З ходу пры сталінскім рэжыме. Хаця мы ж ведаем. Ленін галаўнейшы. Проста культ, патрыятызм у той час. Сталін! Сталін! Выбары помню. У 46-м. Нас правадзілі ў залю. Такі партрэт вялікі, мэтры тры вышынёй. Кветкі. Прыходзім. Адразу бутэрбродзік з каўбасой і сто грам. Прагаласавалі”.

З тых часоў, як бачым, зьмянілася няшмат. Але прагрэс ёсьць. Новаму пакаленьню ўжо можна ня думаць над правакацыйным пытаньнем — хто галаўнейшы. Адказ вісіць на ўсіх сьценах і стэндах.

Карэспандэнт: “Што б вы ім пажадалі?”

Анатоль: “Гэтая жаданьне... Мне ўжо надакучыла гаварыць. Вось гэтыя аграгарадкі будуюць паўсюль. Гэта марнаваньне часу і грошай. Куранец зрабілі хораша. Але тут пабудавалі 15 домікаў, а восем пустыя стаяць. Для каго? Калі пайсьці туды жыць, дык трэба ўкласьці шмат грошай. Сьцены яны зробяць, але ж людзям трэба яшчэ крэдыт браць. Паклеіць шпалеры, усё абклеіць, як паложана. Галоўнае пытаньне — павелічэньне грошай калгасьніку”.

Карэспандэнт: “Адыдзе пакаленьне старых — і няма каму будзе працаваць”.

Анатоль: “Ужо няма каму”.

Я доўга блукаў па Куранцы ў пошуку цікавага. Сапраўды, тут ёсьць што паглядзець. Дзе некалі быў касьцёл, засталася брацкая магіла паўстанцаў Каліноўскага, што загінулі ў няроўным баі каля мястэчка. Побач — магілы легіянэраў Пілсудзкага.





















На ўскрайку мястэчка зроблены мэмарыял памяці куранецкіх габрэяў, чые жыцьці абарваліся ў вялізнай яміне.























У местачковай бібліятэцы ёсьць нават невялікі музэй, дзе я зь цікавасьцю разглядаў старыя геаграфічныя мапы. На якіх няма Вялейскага мора. Але радыйніку трэба гаварыць, а не глядзець. А гаварыць было ня лішне з кім. Маладая дзяўчына ў бібліятэцы, якая любіць любоўныя раманы і не чытае па-беларуску. Школьніцы, якія не разумеюць беларускую мову і ня ведаюць, дзе ў іхным мястэчку магіла паўстанцаў. Маладзён, які звольніўся з СПК, каб перабрацца ў сталіцу. Шматлікія бабулі, шчасьлівыя самой наяўнасьцю ў іх пэнсіі. Усё гэта было за маю практыку сотні разоў. Я хацеў знайсьці суразмоўцу, годнага гэтага мястэчка. І дзе, вы думаеце, я яго знайшоў? Правільна. Усіх самых цікавых і разумных суразмоўцаў трэба шукаць каля местачковых корчмаў. І хай мястэчка ператварылася ў аграгарадок, а карчма мае назву “бар”, палёт разумных думак у яе заўсёднікаў за стагодзьдзі не паменшаў.

Былы выкладчык гісторыі, краязнаўца Канстанцін Кляўда запіў даўно. З-за п’янкі страціў працу, але толькі не павагу былых вучняў. Яго тут ведаюць усе і адгукаюцца пра яго вельмі цёпла. Гэтаму 60-гадоваму спадару не дасі больш за паўсотні. Настолькі молада ён выглядае. Спадар Канстанцін запрасіў вашага пакорнага слугу ў госьці, папрасіўшы прабачэньня за непрыбранасьць. Непрыбранасьць уяўляла сабой карціну, быццам пасьля выбуху немалой гранаты. Абломкі старой мэблі, раскіданы посуд, у кучу зваленае адзеньне. І пасярод гэтага гармідару на зламаным фатэлі ўсьсядаў гаспадар, карцінна зацягваючыся цыгарэтай і разважаючы пра гісторыю. Ня горш за тэлезорку Радзінскага.

Кляўда: “Чыгунка прайшла менавіта праз Куранец. Яна тут не павінна была быць. Яна ў зусім іншым месцы мусіла прайсьці. Тут жыла маса габрэяў. І яны гэтую чыгунку купілі і прапусьцілі тут. Ім трэба было гандляваць. У Куранцы грошай вельмі многа. У мяне быў музэй шыкоўны. Усё было. Што тычыць манэт — залатых не было. Але срэбраных — кацярынінскіх, пятроўскіх... Раздаваў направа, налева. У мяне былі дакуманты, архівы. Цяпер нічога не засталося. Ай, лёс, ты мой лёс. Нясі ты мяне, куды ўжо прынясеш”.

Зразумеўшы, як мне пашанцавала, я схіліў гісторыка на сучаснасьць.

Карэспандэнт: “На вашую думку, што Лукашэнку можна паставіць у плюс?

Кляўда: “Плюс? Акуратную зарплату. Акуратна выплачваюць. Гэта можна паставіць у плюс. Дарогі. Гэта, уласна, ня новыя дарогі. Але гэта яму пастаўлю ў плюс. Бадай што і ўсё. Тое, што ён бардэль разьвёў дзікі, гэта страшна. Дзяржава гіне”.

Карэспандэнт: “А як жа гэтая моцная вэртыкаль улады? Маса чыноўнікаў?”

Кляўда: “Калі б я ня быў гісторыкам, я б не зразумеў. Гібель Візантыі. Ад чаго Візантыя загінула? Ад чаго? Першае — крадзяжы. Другое — п’янства. І трэцяе — б***. А ад чаго Рым загінуў? Ад чаго Грэцыя загінула? Ад чаго Аляксандар Македонскі? Прабач за выраз, паўсюль гомасэксуалізм. Старажытная Грэцыя. Я ж начытаны да немагчымасьці. Кожнаму легіянэру даваўся хлопчык. Ён за сьпінай стаяў, дапамагаў. Але ж яны замянялі жанчын”.

Карэспандэнт: “У нас увосень будуць выбары парлямэнцкія. Яны што-небудзь зьменяць у нашым жыцьці?”

Кляўда: “Не. Нічога ня зьменіцца. Апазыцыя ўся загінула. Вось Казулін адзіны. Адзіны чалавек, які можа нешта скрануць. Але ж яны не дапусьцяць. Ён жа пяць гадоў сядзіць. І не дапаможа Захад, як у Астапа Бэндэра”.

Але вернемся на вуліцу. Да нашых сялянаў. На сваё пытаньне наконт пажаданьняў кандыдатам у дэпутаты я чуў безьліч правільных і неабавязковых словаў пра клопат аб народзе. У Куранцы я пачуў цалкам канкрэтнае жаданьне. Дык ці шмат хочуць сяляне на пачатку ХХІ стагодзьдзя?

1 калгасьнік: “Дайце нам заробак хаця б паўтара мільёны, васьмігадзінавы працоўны дзень і два выходных. І з задавальненьнем”.

Зь сялянамі гутарыць заўжды цікава і карысна. Але чым далей Беларусь становіцца “моцнай і квітнеючай”, тым больш у іхных словах, галасах і выразах твару агрэсіі. Пакуль што яны яе звыкла заліваюць танным віном. Але калі-небудзь яны працьверазеюць. І зададуць масу накіпелых пытаньняў. Найперш калгаснаму начальству, якога я не засьпеў. На зусім не вялікі жаль. Бо што яно можа дадаць да такіх невыканальных перадвыбарчых пажаданьняў?