З Пэкіну вярнуліся першыя беларускія алімпійцы. Сярод іх – прызэры: уладальніцы бронзавых узнагародаў штангістка Аксана Новікава, а таксама вясьляркі Юлія Бічэк і Натальля Гелах. Ці ўдалымі аказаліся пэкінскія спартовыя арэны для беларусаў?
Пра тое, што ХХІХ Алімпійскія гульні можна разглядаць для нацыянальнай каманды больш са знакам “плюс”, чым “мінус”, уголас пачалі гаварыць учора, пасьля беларускага трыюмфу Аксаны Мяньковай ў сэктары для кіданьня молату. Мянькова да трох сусьветных рэкордаў штангіста Андрэя Арамнава дадала алімпійскі рэкорд, што стала кампэнсацыяй за няспраўджаныя чаканьні высокага выніку ў іншых дысцыплінах.
З палёгкай уздыхнулі і спартовыя функцыянэры, якія спачатку надавалі гучных абяцаньняў перад ад’ездам у Кітай, а пасьля сьціплага старту галоўных спадзяваньняў на золата надоўга замоўклі. Узнагарода Мяньковай ня толькі паўтарыла афінскую Алімпіяду, калі ў актыве беларусаў таксама былі два вышэйшыя месцы, але і нарадзіла спадзяваньне: а раптам гэта яшчэ не мяжа? Прынамсі, пасьля ўчорашняй перамогі малатабойкі ў агульным мэдалёвым заліку Беларусь узьнялася на 20 каманднае месца з 80, што і ставілі за мэту ў Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі.
Цяпер усе позіркі скіраваныя ў бок пэкінскага вясьлярнага каналу, дзе сёньня пройдуць апошнія паўфінальны заезды на байдарках і каноэ, а ўжо заўтра пачнуцца фіналы, у якіх беларусы маюць адзін з апошніх шанцаў папоўніць свой мэдалёвы запас. Але ці здолеюць утрымаць папярэднія пазыцыі беларускія экіпажы, якія ў кваліфікацыі дзялілі першыя-другія радкі? Трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні Ўладзімер Парфяновіч спадзяецца на спрыяльны для беларусаў расклад зорак:
“Хацелася б. Пакуль што добра хлопцы ідуць, вельмі добра і прадумана. І гэта нават уражвае. Спадзяюся, што яны павінны быць дзесьці ў прызэрах. А калі ўсё добра складзецца, то можа і за першае месца паваююць”.
Карэспандэнт: “А вынікі папярэдніх заплываў прагназаваныя ці ў чымсьці ўсё ж нечаканыя?”
“Тут нюанс можа быць яшчэ ў тым, што, магчыма, шмат якія спартоўцы паказваюць ня ўсё, на што здольныя. Вось я глядзеў на немца Дзітмэра, як ён ішоў паўфінал на 1000 мэтраў. Вельмі добра ідзе, але як быццам не сьпяшаецца. Гэта вельмі добры баец, які ў фінале можа паказаць тое, што і ня сьнілася. У бальшыні ўсе працавалі на поўную, але мяне гэтым разам уразіў толькі Дзітмэр. Ці ён слабейшы, чым раней, ці будзе на першых радках. Таму што гэта вельмі сур’ёзны супэрнік. Ён заўсёды перамагаў так, як у свае часы падабалася перамагаць мне: то бок, калі нехта перакананы, што ён ужо першы, то няхай так ня думае – першы толькі тады, калі пераехаў рысу”.
Да фінішу Алімпійскіх гульняў на галаву вышэй за астатніх ідзе каманда Кітаю. Пазбаўленая яскравых зорак, але магутная ў калектыўным духу, кітайская зборная ўражвае сваёй унівэрсальнасьцю. Гэтую акалічнасьць заўважылі яшчэ на мінулай Алімпіядзе ў Афінах, калі кітайцы ўпершыню далі зразумець: у Пэкіне змагацца з адладжаным мэханізмам будзе складана.
За чатыры дні да заканчэньня спаборніцтваў на рахунку кітайцаў 45 залатых мэдалёў, што ледзьве не ўдвая болей, чым у бліжэйшых канкурэнтаў, зборнай ЗША. Між тым, як лічаць спартовыя экспэрты, Пэкін паклаў толькі пачатак вялікаму кітайскаму шляху і на наступных стартах чатырохгодзьдзя статус непераможных можа толькі замацавацца. Прынамсі, такога гледзішча трымаецца яшчэ адна прадстаўніца спартовай сям’і Парфяновічаў – вядомая колісь гімнастка Тацяна Трафімовіч, жонка Ўладзімера Парфяновіча:
“Я цалкам згодная з Уладзімерам Уладзімеравічам, маім мужам, калі ён сказаў: так, кітайцы будуць дамінаваць адназначна, але гэта яшчэ іх не кульмінацыйны момант. Наступныя Алімпійскія гульні прынясуць ім яшчэ большы посьпех, кітайцы пойдуць з эфэктам нарастаньня яшчэ большым для сябе. Вось тады ўжо па-сапраўднаму Эўропе давядзецца пахвалявацца, падумаць, што зрабіць, каб штосьці ім супрацьпаставіць. Я з гэтым згодная. Напэўна, людзі знайшлі, ня ведаю нават, нешта мудрагелістае. Гэта ж Усход, нейкія прыхаваныя магчымасьці ім падказвае іх жа традыцыйная ўнутраная сутнасьць, адчыняе нейкія таямнічыя для эўрапейцаў бакі. Але ва ўсялякім разе я думаю, што тут і праца, і ў той жа час нейкія спосабы і мэтады, якія мы спасьцігнуць яшчэ ня можам”.
За чатыры дні да заканчэньня Алімпійскіх гульняў на рахунку беларускіх спартоўцаў 13 мэдалёў: 2 залатых, 3 срэбных і 8 бронзавых. У 2004 годзе ў Афінах было 15 узнагародаў, восем гадоў таму ў Сыднэі – 17.