Парсюкевіч верыў, што выйдзе на волю датэрмінова

Віцебскі прадпрымальнік С.Парсюкевіч, які апоўдні 20 жніўня выйшаў на волю зь менскай калёніі, паведаміў, што вызвалілі яго на падставе ўказу А.Лукашэнкі, пры гэтым сам указ яму не паказалі.
Інтэрвію ў былога палітвязьня ўзяў наш карэспандэнт.

Навіну пра тое, што Сяргея Парсюкевіча вызвалілі, паведаміла актывістам руху “За свабоду” жонка прадпрымальніка Натальля. Журналістам яна казала, што больш нічога ня ведае, і не хавала эмоцый:

“Цалкам нечакана, адпусьцілі, і ўсё. Ён мне пазваніў і сказаў, што зараз стаіць каля турэмнай брамы”.

Яшчэ праз гадзіну Сяргей Парсюкевіч наладзіў імправізаваную прэсавую канфэрэнцыю ў двары дома, дзе месьціцца офіс руху на чале з Аляксандрам Мілінкевічам. Сяргей быў вельмі ўдзячны сябрам і казаў, што дзякуючы іх падтрымцы заўсёды верыў, што выйдзе на волю датэрмінова. “Пасьля вызваленьня Аляксандра Казуліна я зразумеў, што буду наступным на чарзе”, — сказаў прадпрымальнік. Вось як адбывалася вызваленьне: Сяргея выклікалі з працы да начальніка калёніі і пратрымалі некалькі хвілін у калідоры.
Я не вінаваты і буду дамагацца рэабілітацыі.


“Зайшоў. Начальнік мне кажа: “Так, ідзіце, зьбірайце рэчы. Толькі каб шуму не было, не было забурэньняў у зоне, нікому не кажыце”. Мне ніякага ўказу не паказалі, але мяркую, як і з Казуліным, гаворка пра памілаваньне. Я не вінаваты і буду дамагацца рэабілітацыі. Таксама буду дамагацца таго, каб пакаралі тых, з-за каго я патрапіў у турму. Гэта ня толькі міліцыянт Дулуб — ён дробная асоба ў гэтай справе. Пра тое, што ёсьць загад мяне “зачыніць”, мне паведамілі яшчэ на пачатку году”.

За сваё вызваленьне Сяргей Парсюкевіч удзячны найперш цьвёрдай пазыцыі ЗША і краінаў Эўразьвязу, а таксама беларускім дэмакратычным сілам і журналістам недзяржаўных мэдый, якія пра яго не забывалі. Сяргей Парсюкевіч прывёў такі прыклад: калі яго прывезьлі для адбыцьця пакараньня ў Шклоўскую калёнію, вязьні ўжо ведалі, што ён апазыцыянэр, наладзілі яму добры прыём і задавалі шмат пытаньняў, у тым ліку палітычных. Паводле Сяргея Парсюкевіча, большасьць вязьняў у турмах вельмі нэгатыўна ставяцца да дзейнага рэжыму і вітаюць апазыцыянэраў.
Сярод зьняволеных хіба што 100% апазыцыянэры.


“Прыкладам, да мяне стаўленьне было вельмі добрае. Скажу так, што лічыўся аўтарытэтам. Гэта сьведчыць і пра пазыцыю да ўлады. Сярод зьняволеных хіба што 100% апазыцыянэры. Магчыма, толькі аднаго я сустракаў, які быў за ўладу”.

Умовы ў беларускіх турмах Сяргей Парсюкевіч назваў вельмі дрэннымі. Нагадаю, за паўгода зьняволеньня былы прадпрымальнік сядзеў у турме на Акрэсьціна, ізалятары на Валадарскага, у Шклоўскай і Менскай калёніях. Але самым цяжкім Сяргей Парсюкевіч назваў мэтанакіраванае прыніжэньне чалавечай годнасьці ў беларускіх турмах.

“Гэта сыстэма. Наколькі мне зараз вядома, у іх абавязкі — магчыма, тайна — уваходзіць зламаць людзей маральна, духоўна. Каб людзі ператварыліся ў жывёл. Але народ з гэтым змагаецца”, — сказаў Сяргей Парсюкевіч.

Зь Беларусі Сяргей Парсюкевіч зьяжджаць не зьбіраецца. Кажа: тут мая радзіма, тут магілы маіх продкаў. Пра свае пляны на будучыню былы палітвязень заявіў “Свабодзе”:
Спадзяюся, у мяне будзе час заняцца палітыкай.


“Яшчэ паўгода таму я быў індывідуальным прадпрымальнікам, з гэтага жыў. Зараз я такой магчымасьці пазбаўлены, ліцэнзію ў мяне адабралі. Спадзяюся, у мяне будзе час заняцца палітыкай. Лічу, што ў калёніі я прабыў недарэмна. Шмат думаў над тым, што нам трэба зрабіць у краіне. І буду спрабаваць гэта зрабіць на волі. Ня ведаю, як атрымаецца, бо ня ўсё будзе залежаць ад мяне”.

Нагадаем, у красавіку Сяргей Парсюкевіч быў асуджаны на 2,5 года зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта Дулуба, які ахоўваў яго ў турме на Акрэсьціна, куды прадпрымальнік патрапіў пасьля мітынгу пратэсту 10 студзеня. Сяргей Парсюкевіч заўсёды заяўляў, што насамрэч зьбілі ў турме яго.