Казуліна вызвалілі, а галадоўка працягваецца

Бабруйскія актывісты Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” трэція суткі трымаюць эстафэтную галадоўку на знак пратэсту супраць зьмяшчэньня з пасады кіраўніка партыі Аляксандра Казуліна.

“Мы спынім галадоўку, калі Казулін разьбярэцца ў сытуацыі. Мы ня згодныя зь пераабраньнем Казуліна з пасады кіраўніка партыі. Мы лічым, што ў такі момант, калі Казулін знаходзіўся ў зьняволеньні й лічыцца палітычным вязьнем, не пераабіраюць гэта здрада партыйнага кіраўніцтва. Наагул палітыка Ляўковіча нам ня ясная. Калі б мы ведалі, што палітыка Ляўковіча ідзе на карысьць Казуліну мы ня так сябе б паводзілі. Цяпер жа мы лічым, што гэта здрада і з гэтым неяк трэба змагацца”, - зазначыла “Свабодзе” адна з ініцыятарак галадоўкі Алена Мядзьведзева.

Паводле спадарыні Мядзьведзевай галадоўку выказаліся падтрымаць актывісты Сяргей Сініцкі і Таіся Кабанчук, якая прыпыніла сяброўства ў партыі на час выбарчае кампаніі.

Першай распачала галадоўку Алена Мядзьведзева. Яна галадавала двое сутак. Цяпер галадуе актывіст партыі Сяргей Сініцкі.

3-га жніўя адбыўся зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), на якім кіраўніком замест Аляксандра Казуліна дэлегаты партыі абралі Анатоля Ляўковіча. Фракцыя “За ўнутрыпартыйную дэмакратыю” не прызнае вынікаў галасаваньня на старшыню арганізацыі