Беларусь пакуль не рэагуе на дамову Польшчы і ЗША

Дж. Руд і Р.Сікорскі пасьля падпісаньня амэрыканска-польскай дамовы аб СПА, Варшава, 14 жніўня

14 жніўня ЗША і Польшча падпісалі папярэднюю дамову на разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША на тэрыторыі Польшчы.
Пагадненьнем, у прыватнасьці, прадугледжана дысьлякацыя на польскай тэрыторыі батарэяў “Пэтрыёт”, а да 2012 году ў Польшчы плянуецца стала раскватараваць амэрыканскі гарнізон. Дакумэнт таксама ўтрымлівае дэклярацыю аб забесьпячэньні Амэрыкай вайсковай дапамогі ў выпадку пагрозы для Польшчы з боку трэціх краінаў.

А.Нагавіцын
Такое рашэньне ўжо выклікала нэрвовую рэакцыю ў Маскве. Намесьнік начальніка генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Расеі генэрал-палкоўнік Анатоль Нагавіцын заявіў, што польскі крок не застанецца беспакараным — маўляў, Польшча рызыкуе стаць мішэньню для расейскіх ракетаў, калі разьмесьціць у сябе амэрыканскія.

Ці падзяляюць расейскую занепакоенасьць на афіцыйным узроўні ў Беларусі — невядома, рэакцыі зьнешнепалітычнага ведамства наконт гэтага пакуль няма. Ніяк не адрэагаваў на амэрыканскае суседзтва ў Польшчы і Аляксандар Лукашэнка.

Як лічыць падпалкоўнік ракетных войскаў апэратыўна-тактычнага прызначэньня ў адстаўцы Ўладзімер Нісьцюк, падпісаньне пагадненьня прысьпешылі падзеі ў Паўднёвай Асэтыі — паводзіны Расеі падчас канфлікту ў Грузіі сур’ёзна турбуюць урады заходніх краінаў:

“Гэта быў апошні штуршок. Польскі ўрад вельмі шмат часу прысьвяціў таму, каб дасьледаваць гэтую сытуацыю — якія могуць быць наступствы, як гэта можа адбіцца на эканамічных стасунках з Расеяй, іншымі пасьлясавецкімі краінамі. А зараз падзеі на Каўказе папросту падштурхнулі да прыняцьця рашэньня. Я думаю, што яны маюць права гэта рабіць. Можна па-рознаму ацэньваць сытуацыю, але Польшча зрабіла тое, што яна мусіла зрабіць”.

А.Сурыкаў
Як удакладняе спадар Нісьцюк, Беларусь — краіна надзвычай прывабная з гледзішча стратэгічнага разьмяшчэньня тактычнай зброі на эўрапейскім кантынэнце. Сёньня гэта пацьвердзіў і амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, які даў зразумець: контрадзеяньні Масквы ў адказ на амэрыкана-польскі пакт не прымусяць сябе доўга чакаць. Пры гэтым ён патлумачыў, што да стварэньня антынатаўскага шчыта будзе падключаная і Беларусь. На яго думку, на тэрыторыі краіны могуць быць разьмешчаныя супрацьракетныя комплексы “Іскандэр” і стратэгічныя бамбавальнікі.

У сваю чаргу Ўладзімер Нісьцюк нагадвае, што першасныя аб’екты для нанясеньня прэвэнтыўнага ўдару ці ўдару ў адказ — гэта якраз сродкі ядзернай атакі. У гэтым выпадку Беларусь папросту стане закладніцай амбіцыяў расейскіх уладаў. А заяву амбасадара Сурыкава экспэрт разглядае як своеасаблівую лякмусавую паперку — праверыць рэакцыю беларускіх уладаў, беларускай грамадзкасьці, сусьветнай супольнасьці:

“Што тычыцца выказваньняў спадара Сурыкава, дык ужо ня першы раз расейскія палітыкі, дыпляматы дазваляюць сабе вырашаць лёс разьмяшчэньня ракетнай зброі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пытаньне толькі ў тым, што комплексы “Іскандэр”, як і іншыя расейскія комплексы, прадугледжаныя для выкарыстаньня ня толькі звычайных узбраеньняў, але і ядзернай зброі. І пытаньне ўзьнікае ня толькі ў тым, што нехта нешта плянуе разьмяшчаць, пытаньне ў тым, хто дае права гэтым людзям зараз так заяўляць? Бо мы ўсё ж сувэрэнная дзяржава. У нас ёсьць і ўлада, як бы хто да яе ні ставіўся, і ёсьць амаль 10-мільённы народ. І калі рашэньне прынятае было ў Канстытуцыі нават 1996 году (а гэта было і ў Асноўным законе 1994 году), што наша краіна зьяўляецца безьядзернай і пазаблёкавай, тады, пэўна, ня мае ніхто права такія заявы рабіць. Я вельмі ўважліва глядзеў дамову аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, і нават там нічога пра гэта няма”.

У пляны ЗША таксама ўваходзіць разьмяшчэнне радара ў Чэхіі. Сёлета ў першай дэкадзе ліпеня адпаведную дамову падпісалі дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс і міністар замежных справаў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг. Радар будзе гатовы для эксплюатацыі да 2014 году.