У Гарадзенскай вобласьці ніводзін прадстаўнік Аб’яднаных дэмакратычных сілаў ня ўключаны ў склад участковых выбарчых камісій.
Кіраўніца арганізацыйна-кадравага аддзелу Лідзкага райвыканкаму Людміла Краскоўская патлумачыла, што мясцовым апазыцыянэрам трэба было папросту лепш спрацаваць.
Краскоўская: “Мы іх запрасілі на паседжаньне выканкаму, і яны самі чулі, зь якіх прычын іх не ўключылі. Яны няправільна аформілі дакумэнты. Да ўсяго, там ёсьць шэраг прычынаў, чаму яны не маглі быць уключаныя ў склад камісій. Там ня толькі адна прычына, іх некалькі, цэлы букет”.
Спадарыня Краскоўкая, аднак, так і не прывяла мне канкрэтных прыкладаў з гэтага “букету”, спаслаўшыся на тое, што прадстаўнікі апазыцыі самі ўсё чулі на паседжаньні выканкаму.
У Мастоўскім райвыканкаме загадчык арганізацыйна-кадравага аддзелу Андрэй Рахунок патлумачыў мне, што ад апазыцыйных партый наагул ніхто ў камісіі не вылучаўся.
Рахунок: “Усяго ў нас паступілі дакумэнты на вылучэньне ва ўчастковыя камісіі ад 340 чалавек, а ўвайшлі ў склад камісій 326. Прычыны, чаму нехта не ўвайшоў — самыя розныя, зьвязаныя з парушэньнем выбарчага заканадаўства. Гэта ўсё, што я вам магу сказаць”.
У Гарадзенскім райвыканкаме загадчык аргаддзелу Валеры Балашоў патлумачыў, што з тых, хто падаваў дакумэнты на ўключэньне ва ўчастковыя камісіі, каля 25 чалавек атрымалі адмову.
Балашоў: “Ахвотных было зашмат, а на некаторых участках ня трэба нават і 11 чалавек, бо там усяго 200 альбо 400 выбарцаў. Навошта такая колькасьць сябраў выбарчых камісій?”
Адказ на пытаньне я спрабаваў атрымаць і ў іншых райвыканкамах. Але, напрыклад, у Астравецкім мне адказалі, што праз тэлефон ня могуць даць такой інфармацыі, а ў Слонімскім, пачуўшы пытаньне, адразу паклалі слухаўку.