Скандальны працяг атрымаў матч кваліфікацыйнага раўнду Лігі чэмпіёнаў паміж беларускім БАТЭ і баўгарскім “Леўскім”.
Дакладней, да міжнароднага скандалу спрычыніўся ўладальнік сафійскага клюбу Тодар Баткаў, які напярэдадні сустрэчы заявіў, што ягоная каманда не зьбіраецца прайграваць “нейкай заводзкай камандзе са штучна створанай дзяржавы”. Палітык і паліглёт Лявон Баршчэўскі зьвярнуўся зь лістом да кіраўніцтва баўгарскай дыпмісіі ў Менску, а прадстаўнікі беларускай амбасады ў Сафіі кажуць, што выказваньні Баткава ніяк нельга кваліфікаваць як карэктныя.
У перадматчавым інтэрвію агенцтву “Стандарт-NEWS” гаспадар футбольнай каманды “Леўскі” Тодар Баткаў сярод іншага адзначыў, што не выпадае “нацыі з 1400-гадовай гісторыяй” саступаць “дзяржаве, якая створаная штучна”, тым больш што “Леўскі” – “не заводзкая каманда, яна носіць імя аднаго з найвялікшых герояў (баўгарскай) гісторыі”. Нягледзячы на стараньні, “Леўскі” ў выніку ўсё ж саступіў, Баткаў у роспачы выправіў у адстаўку галоўнага трэнэра, але словы пра “штучна створаную краіну” ўжо пасьпелі падхапіць інфармацыйныя агенцтвы.
Старшыня праўленьня барысаўскага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі ўсё ж спадзяецца, што словы прэзыдэнта “Леўскага” не зусім дакладна інтэрпрэтаваныя журналістамі. Бо ў папярэдняй гульнявой практыцы нічога падобнага на адрас Беларусі не дазваляў сабе ніводзін футбольны спэцыяліст:
“Мне хацелася б думаць, што гэта інтэрпрэтацыя баўгарскай прэсы. Магу ўпэўнена заявіць: мы сустракаліся ў эўракубкавых сэсіях зь вельмі сур’ёзнымі клюбамі: “Балёнья”, “Вільярыял”, “Андэрлехт”, “Сьцяўа”. Асабліва варта адзначыць “Мілян” — цудоўныя кантакты склаліся з кіраўніцтвам клюбу пасьля нашага супрацьстаяньня, гаварылі з намі як з роўнымі, хоць усе разумелі: “Мілян” і БАТЭ — гэта несупастаўныя вагавыя катэгорыі. Усе гэтыя клюбы маюць нашмат большыя посьпехі на міжнароднай арэне, чым “Леўскі”. І прэса пісала рознае, але культура — гэта таксама нейкія традыцыі. Таму ў выпадку зь “Леўскім” не хацелася б, каб гэта адпавядала сапраўднасьці. Каб я пачуў гэта ад спадара Баткава, то нейкім чынам рэагаваў бы. А так, шчыра кажучы, і рэагаваць ня хочацца”.
Анатоль Капскі кажа, што баўгарскія СМІ і раней ня стрымлівалі сябе ў выказваньнях адносна спартовых супернікаў сваіх камандаў. Так, у баўгарскай прэсе была арганізаваная цэлая кампанія з той нагоды, што папярэдні матч БАТЭ з бэльгійскім “Андэрлехтам” нібыта быў дамоўлены і УЭФА нават нібыта было гатовае зьняць з эўракубку абедзьве каманды.
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі ў зьвязку з выказваньнямі Тодара Баткава зьвярнуўся да амбасадара Баўгарыі ў Беларусі Петкі Ганчава. У лісьце адзначаецца: “Абодва народы маюць больш як тысячагадовую няпростую гісторыю станаўленьня і аднаўленьня дзяржаўнасьці, барацьбы за сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, за каштоўнасьці свабоды й дэмакратыі”. Спадар Баршчэўскі просіць амбасадара выкарыстаць свой уплыў і веданьне Беларусі дзеля таго, “каб аўтар недарэчнага выказваньня публічна выбачыўся перад прыездам “Леўскага” ў Беларусь”.
У амбасадзе Баўгарыі ў Менску паведамілі, што кіраўнік дыпмісіі цяпер у адпачынку, а ліст спадара Баршчэўскага на разгляд яшчэ не паступаў:
“Такога ліста мы яшчэ не атрымлівалі, але мы наўрад ці можам быць арбітрамі паміж футбольнымі камандамі і прэсай...”
Карэспандэнт: “Але заява была зробленая ня толькі пра футбол, а пра тое, што Беларусь — штучна створаная краіна”.
“Тое-сёе я таксама чытаў у інтэрнэце, але ніякага ліста, каб рэагаваць, мы пакуль не атрымлівалі... Ведаеце, падчас футбольных сустрэчаў камэнтары зьяўляюцца і з аднаго боку, і з другога боку, але ж якая справа амбасадзе да таго, каб абмяркоўваць гэтыя камэнтары? Гэта ня наша справа”.
Цалкам натуральна, што вынікам сустрэчы паміж “Леўскім” і БАТЭ сафійскія заўзятары былі агаломшаныя. Пра гэта кажа і трэці сакратар амбасады Беларусі ў Баўгарыі Мікалай Пазьняк, які быў на тым матчы. Але пры гэтым, на думку дыплямата, наўрад ці хто імкнуўся рабіць з гульні палітычныя высновы. Што да перадгульнёвай заявы Тодара Баткава, то на ноту пратэсу яна ня цягне:
“Найперш, спадар Баткаў — прыватная асоба. Ягоныя выказваньні вядомыя па пераказах са сродкаў масавай інфармацыі, і таму магчымыя некаторыя скажэньні. Але калі гэта насамрэч так, то выказваньні спадара Баткава, безумоўна, нельга клясыфікаваць як карэктныя. І ў Баўгарыі, і ў Беларусі гэта не засталося незаўважаным. Але выказваньні прыватных асобаў — не падстава для падрыхтоўкі ноты пратэсту”.
Мікалай Пазьняк дадае, што асноўная маса жыхароў Баўгарыі вельмі прыхільна ставіцца да Беларусі, і таму распаўсюджаныя ў СМІ выказваньні Тодара Баткава выклікалі неадназначную рэакцыю.