З.Дашкевіч і А.Фінькевіч адсядзелі «запазычанасьці»

Сёньня з турмы на Акрэсьціна на волю выйшлі лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч і ягоны намесьнік Артур Фінькевіч.
Абодвух затрымалі 7 жніўня на прыватнай кватэры супрацоўнікі міліцыі і КДБ. Яны ўзламалі мэталічныя дзьверы, тлумачачы сваё ўварваньне тым, што паводле іх інфармацыі, у кватэры знаходзіцца труп.

Артура Фінькевіча і Зьміцера Дашкевіча адвезьлі ва ўпраўленьне Цэнтральнага раёну, і там паведамілі, што тыя маюць «запазычанасьці» ў адсідках, калі іх пакаралі завочна сямю суткамі арышту за сьвяткаваньне 1 траўня. На Акрэсьціна іх зьмясьцілі ў розныя камэры.

Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч на знак пратэсту абвясьцілі галадоўку. Артур Фінькевіч пасьля таго, як выйшаў на волю, сказаў, што адчувае сябе добра:

«Абсалютна нармальна: гэта ўжо ня першая мая галадоўка, але я адчуваю, што мог бы лёгка галадаць яшчэ. Цяжкасьці дадавала тое, што была перапоўненая камэра, і за час адсідкі мяне вывелі памыцца толькі адзін раз – а вядома, што галадоўка пераносіцца лягчэй, калі часьцей мыцца.”

Дашкевіч: «Мы абвясьцілі галадоўку таму, што такога брутальнага затрыманьня мы яшчэ ня памятаем: група спэцназа кувалдай выбівала дзьверы, шукала труп…»

Лідэраў Маладога Фронту прыйшлі сустракаць каля 30 чалавек – у асноўным іх паплечнікі, а таксама палітыкі Мікола Статкевіч і Вячаслаў Сіўчык.