Сёньня стала вядома, што большасьць прадстаўнікоў апазыцыі ня ўключаныя ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Як можа адрэагаваць Захад і апазыцыя на гэты крок уладаў? Ці можна ўжо зараз казаць, што абяцаньні пра дэмакратычнасьць выбарчай кампаніі былі пустым гукам?
Удзельнічаюць: галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.
Цыганкоў: “13 жніўня скончыўся чарговы этап выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. Як стала вядома, з амаль паўтары тысячы вылучэнцаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў у камісіі былі ўключаныя літаральна адзінкі. Магчыма, размова будзе ісьці пра некалькі дзясяткаў чалавек па ўсёй Беларусі. Чаму адбыўся такі (магчыма, камусьці нечаканы) паварот — пасьля таго як у акруговыя камісіі было ўключана адносна шмат прадстаўнікоў АДС?”
“Калі ў каго былі ілюзіі наконт пэўнай дэмакратычнасьці выбараў, дык яны безумоўна, разьвеяліся”.
Кароль: “Я б не сказаў, што гэта нейкі надта нечаканы вынік. Магчыма, кагосьці цешылі спадзяваньні. Але агульная схема наданьня гэтым выбарам дэмакратычнага флёру, вобразу прачытвалася дастаткова лёгка — трэба пераканаць Захад, не саступаючы ні ў чым па сутнасьці, не абцяжарваючы сабе нейкімі складанасьцямі.
У акруговыя камісіі таксама было ўключана няшмат людзей збоку, і яны не вызначаюць выніку. Гэты вынік куецца ва ўчастковых камісіях. Стварыць тут нейкую крытычную масу незалежных сябраў камісіяў, якія б кантралявалі ход выбараў і перашкаджалі б зацьвярджаць патрэбныя вынікі, улады не хацелі. Цяпер яны гэта дастаткова выразна паказалі. Калі ў каго былі ілюзіі наконт пэўнай дэмакратычнасьці выбараў, дык яны, безумоўна, разьвеяліся.
Але з улікам таго, што, напрыклад, ПКБ заявіла, што яна ўсё роўна будзе ісьці да канца, то кампанія будзе прадоўжаная з удзельнікамі ад дэмакратычных сілаў”.
Ня здаў тэсту — не атрымаў добрай адзнакі.
Быкоўскі: “На маю думку, перад уладамі была вельмі далікатная задача. З аднаго боку, яны робяць усё, каб адбылося фармальнае прызнаньне гэтых выбараў. Зь іншага боку, на 6 з паловай тысяч участковых камісіяў аб’яднаныя дэмсілы вылучылі толькі каля паўтары тысячы прадстаўнікоў. З улікам таго, што рашэньні прымаліся на ніжэйшым узроўні — тут прачытвалася лёгіка чынавенства, што лепш не прапусьціць і гэтак далей. Ім было складана быць гнуткімі, прапускаць апазыцыянэраў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, якія звычайна складаюцца амаль цалкам з прадстаўнікоў аднаго калектыву — ці настаўніцы пад кіраўніцтвам дырэктара школы, ці штосьці падобнае”.
Цыганкоў: “Але калі б быў загад зьверху, то яны не маглі б аслухацца, пусьцілі б...”
Быкоўскі: “Такі загад тэхнічна было б складана аддаць. Бо нават незалежныя журналісты толькі ў апошні момант атрымалі гэты сьпіс вылучаных у камісіі кандыдатаў. Немагчыма ж сказаць, што кожны, хто мае дачыненьне да нейкай партыі, мусіць прайсьці. Так што гэта была даволі складаная задача, калі мець на ўвазе яе фармальнае выкананьне.
Іншае пытаньне, што апазыцыя паставіла гэты этап як адзін з тэстаў. З акруговымі камісіямі якраз усё было значна прасьцей — там было вельмі лёгка вызначыць, каго апазыцыя накіроўвае. Участковыя камісіі — гэта дадатак да таго тэсту, і бачна, што ўлады ня здолелі выканаць ягоныя фармальныя ўмовы. Ня здаў тэсту — не атрымаў добрай адзнакі...
Кароль: “Я б запярэчыў Паўлюку. Як удзельнік папярэдняй кампаніі я магу сказаць, што калі б былі зьверху вызначаныя парамэтры і задачы, то яны дакладна ўсіх знайшлі б і ўлучылі. Яны на месцах добра ведаюць кожнага апазыцыянэра. Не было б праблем іх уключыць у камісіі, калі б было такое жаданьне. Так што матрыца, якая была вызначаная ад пачатку, мэтадычна выконваецца ўладай. Разьлік робіцца на тое, што яны самі павінны вызначыць склад камісіяў і адпаведна склад Палаты. Больш за тое, гэта і ёсьць адна з мэтаў улады, каб усе дакладна ведалі, што тыя дэмакраты, якія ўвойдуць у склад Палаты, — ня самі па сабе прайшлі, а прайшлі зь іх дазволу. Як пра гэта сказаў Лукашэнка раней — ломам трэба праціскаць, каб прайшлі кандыдаты ад апазыцыі”.
“Зьняцьцё ўсіх кандыдатаў адначасова стала б дэманстрацыяй сваіх магчымасьцяў”
Цыганкоў: “Наколькі рашэньне ўладаў можа зьмяніць успрыняцьце гэтай выбарчай кампаніі ў вачах беларускага грамадзтва, і — што, можа, найважней для афіцыйнага Менску — у вачах Захаду?”
Кароль: “Я думаю, Захад працягне назіраньне і зробіць свае высновы і з гэтага неўключэньня апазыцыі ў выбарчыя камісіі. Якой будзе іхняя агульная выснова, цяжка зараз сказаць. Але я думаю, што яна ня будзе надта адрозьнівацца ад высноваў папярэдніх кампаніяў, за якімі яны назіралі ў Беларусі”.
Быкоўскі: “Я не бяруся сказаць, да якіх высноваў прыйдуць на Захадзе ў выніку — бо там ёсьць вельмі розныя меркаваньні наконт гэтага. Зь іншага боку, што да менавіта гэтага этапу кампаніі, то тут можна пагадзіцца са спадаром Каралём — будзе адзначана, што на гэтым этапе ніякіх станоўчых зрухаў заўважана не было. А галоўныя высновы будуць залежаць ад агульных вынікаў кампаніі”.
Цыганкоў: “Як беларуская апазыцыя можа адрэагаваць на такі крок уладаў — на неўключэньне яе прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі? Ці будзе яна выкарыстоўваць тэму байкоту толькі як пагрозу, ці ў выніку стварэньня такой сытуацыі апазыцыя сапраўды можа пайсьці на нейкія рэзкія крокі?”
Быкоўскі: “Тут ёсьць адначасова розныя тэндэнцыі. З аднаго боку, ПКБ вельмі сур’ёзна ўдзельнічае ў кампаніі і не зьбіраецца здымацца ні пры якіх умовах. Зь іншага боку, у АГП і БНФ ёсьць вялікая ахвота ў часткі актывістаў выкарыстаць кампанію і зьняцца ў апошні момант альбо ўвогуле далучыцца да байкоту. Але асноўная тэндэнцыя пакуль што ў тым, каб удзельнічаць. Неўключэньне ў выбарчыя камісіі ня можа стаць вельмі моцным аргумэнтам, бо нешта падобнае і чакалася”.