У Маскве прайшлі перамовы паміж кіраўнікамі ўрадаў Расеі і Беларусі — Уладзімерам Пуціным і Сяргеем Сідорскім. Галоўнае пытаньне, якое абмяркоўвалі прэм’ер-міністры — кошты і ўмовы паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Беларусь.
Вырашаўся мэханізм крэдытаваньня эканомік дзьвюх дзяржаваў — найперш беларускай, якая не пасьпявае за ростам коштаў стратэгічнай сыравіны.
Паводле зьвестак прэсавай службы Савету міністраў Беларусі, на пачатку сустрэчы з расейскім калегам Сяргей Сідорскі паведаміў, што Беларусь накіруе гуманітарную дапамогу пацярпелым ад ваенных дзеяньняў у Паўднёвай Асэтыі. Апроч таго, беларускія санаторыі цягам жніўня-верасьня гатовыя прыняць на рэабілітацыю 2—3 тысячы асэтынскіх дзяцей. Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што маральная і тым больш матэрыяльная дапамога будзе вельмі дарэчы. Потым бакі перайшлі да эканамічнага блёку пытаньняў, які абмяркоўваўся за зачыненымі ад прэсы дзьвярыма.
Але яшчэ да ад’езду ў Маскву Сяргей Сідорскі паведаміў, што будзе разглядацца магчымасьць атрыманьня стабілізацыйнага крэдыту, па які Беларусь зьвярнулася да кіраўніцтва Расеі ў сьнежні 2007 году. Нагадаю, што пры канцы 2007 году Расея ўжо выдала Беларусі аналягічны крэдыт на 1,5 мільярда даляраў для аплаты паставак расейскіх энэргарэсурсаў. Умовы вяртаньня — 15 гадоў з 5-гадовай адтэрміноўкай па асноўнай пазыцыі. Умовы атрыманьня чарговага крэдыту на 2 мільярды даляраў пакуль не названыя.
Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што зьвязвацца крэдытнымі абавязкамі не заўсёды апраўдана. На думку экспэрта, браць крэдыты мэтазгодна ў тым выпадку, калі дакладна пралічаныя варыянты ўкладаньня запазычаных сродкаў. На ягоную думку, цяпер у Беларусі няма эфэктыўных праектаў, на якія можна было б скіраваць крэдытныя рэсурсы:
“Адназначна адказаць — добра гэта ці дрэнна браць зараз вось такія крэдыты — немагчыма. Усё залежыць ад таго, на што менавіта гэтыя крэдыты будуць выкарыстаныя. Калі б гэтыя крэдыты былі выкарыстаныя на разьвіцьцё эфэктыўных галінаў вытворчасьці, то гэта было б добра. Але калі гэтыя крэдыты вось у гэтай неэфэктыўнай эканоміцы будуць выкарыстаныя на тое, ад чаго ня будзе аддачы, то гэта дрэнна. Я ў гэтым сэнсе гэткі скептык і лічу, што ў нас няма такіх эфэктыўных буйных праектаў, на што гэтыя грошы можна было б з толкам выдаткаваць. Нават будаўніцтва атамнай электрастанцыі і то пад вялікім пытаньнем — я маю на ўвазе, ці гэта эфэктыўна альбо, наадварот, зусім неэфэктыўна для Беларусі”.
Беларусь фактычна ўвагналі ў графік выхаду на сусьветныя цэны на энэрганосьбіты.
Іншы важны момант, які не дае спакойна існаваць беларускім уладам, — кошт прыроднага газу, ад рэгулярнасьці паставак якога залежыць уся інфраструктура Беларусі. У другім квартале 2008 году цана газу для Беларусі павялічана са 119 да 128 даляраў за тысячу кубамэтраў. Такая цана будзе актуальнай да канца году, пасьля чаго канцэрн “Газпром” абяцае адкарэктаваць лічбы. І хоць беларускія ўлады падрыхтавалі праект бюджэту на 2009 год, які грунтуецца на ўласным прагнозе — згодна зь якім кошт расейскага газу не перавысіць 140 даляраў за тысячу кубамэтраў, — расейскі бок неаднаразова агучваў лічбу ў 200 даляраў. Пакуль дакладна вядома толькі тое, што ад 2011 году Беларусь выйдзе на ўзровень цэнаў, вызначаных для спажыўцоў Заходняй Эўропы.
Экспэрт у расейска-беларускіх дачыненьнях, палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа, што кіраўніцтва Беларусі хоць і пастаўленае перад фактам паступовай камэрцыялізацыі стасункаў з Расеяй, але ўсё ж не пакідае спадзяваньняў вярнуцца ў тыя “залатыя часы”, калі беларуская эканоміка ў значнай ступені “паразытавала” на расейскім бюджэце. Аднак зрабіць гэта, паводле спадара Суздальцава, практычна нерэальна:
“Галоўная параза Аляксандра Лукашэнкі ўва ўсёй гэтай гісторыі ў тым, што ён ня здолеў стабілізаваць пагаршэньне зьнешніх умоваў функцыянаваньня беларускай эканомікі. Перш за ўсё гэта тычыцца ўстойлівага росту цэнаў на энэргетычны імпарт. То бок Беларусь фактычна ўвагналі ў графік выхаду на сусьветныя цэны на энэрганосьбіты.
І замест крэдыту, канечне, Лукашэнка хацеў бы вярнуцца ў фармат 2006 году. Гэта быў рэкордны год па ўскосных і наўпроставых датацыях у беларускую эканоміку з боку Расеі — 8 мільярдаў даляраў. Беспрэцэдэнтная ўвогуле ў гісторыі чалавецтва падтрымка суседняй дзяржавы. Калясальная лічба, калі ўдумацца, бо аб’ём валавога ўнутранага прадукту Беларусі складае 40 мільярдаў даляраў. Дый увогуле шалёная падтрымка ўсяго бюджэту краіны. За мінулы год, калі прыкідвалі, атрымліваецца 6 мільярдаў. Таксама шмат, але адразу зьмены адчуліся —зьявілася адмоўнае сальда зьнешняга гандлю, крэдыт запатрабаваўся. Пагаршэньне сытуацыі адразу зрабілася адчувальным”.
На перамовах Уладзімера Пуціна і Сяргея Сідорскага было пацьверджана, што на 19 жніўня ў Сочы заплянаваная сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі — Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі.