У Пастаўскім Доме рамёстваў “Стары млын” адчынілася выстава твораў фотамастака Джона Кундстатара, былога дыплямата і супрацоўніка амэрыканскай амбасады ў Беларусі.
Некалькі дзясяткаў фотаздымкаў, якія ўвайшлі ў экспазыцыю “Палескія закоскі”, Джон Кундстатар зрабіў на Гомельшчыне ў 2007 годзе. Паводле ягоных словаў, ён вельмі любіць вандраваць па Беларусі і надзвычай цёпла ставіцца да гэтай краіны і яе людзей. Згадваючы свае падарожжы па Віцебшчыне, Меншчыне, Гомельшчыне, былы амэрыканскі дыплямат падкрэсьліў, што мясцовыя жыхары заўжды прыхільна і зь вялікай цікаўнасьцю ставяцца да ягонага захапленьня фотамастацтвам, якое цяпер, пасьля ягонага выхаду на пэнсію, зрабілася ўжо ня хобі, а бадай што галоўнай справай жыцьця.
Першымі наведнікамі фотавыставы “Палескія закоскі” сталіся мясцовыя жыхары і ўдзельнікі валянтэрскага летніку, арганізаванага старшынём грамадзкага аб’яднаньня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антонам Астаповічам. Дарэчы, спадар Антон і быў ініцыятарам таго, каб выстава фатаграфічных працаў Джона Кундстатара экспанавалася ў Паставах.