Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за першае паўгодзьдзе ўзрос на 10,3% параўнальна з тым жа пэрыядам мінулага году. Такія дадзеныя падае Міністэрства статыстыкі й аналізу.
Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў, камэнтуючы для “Свабоды” гэтыя лічбы, адзначае:
“Я не маю даверу да гэтых лічбаў. Рост, канечне, ёсьць, але не ў такім вялікім памеры, як гэта падае афіцыйная статыстыка. А тлумачыцца павялічэньне ВУП пераважна зьнешнімі фактарамі. Першы – Беларусь усё больш пазычае валюты ў іншых краінах. Да гэтага дадаецца паступленьне грошай ад замежнікаў за продаж беларускіх актываў, напрыклад, 625 мільёнаў даляраў ад “Газпрому”. Другі – эканамічны рост Расеі, што дазваляла ёй дагэтуль закупляць шмат беларускіх тавараў. Падкрэсьліваю, дагэтуль, бо з’явілася тэндэнцыя паступовага зьніжэньня попыту на беларускія вырабы на расейскім рынку. І трэці – высокія кошты на ўсясьветным рынку на энэрганосьбіты і калійныя солі. А гэтыя дзьве групы тавараў даюць асноўную частку беларускага экспарту ў краіны далёкага замежжа. І нарэшце значны рост цэнаў на харчы. А тут Беларусь больш прадае, чым купляе.
Але ж зьнешняя сытуацыя ня можа быць і надалей такой удалай для Беларусі. Канкурэнтнасьць беларускіх тавараў зьніжаецца, што і пацьвярджаецца даволі вялікім дэфіцытам ў зьнешнім гандлі”.