“Хто вінаваты ў ваенных дзеяньнях у Грузіі?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Спадар: “Грузія болей вінаватая, чым Расея”.
Спадар: “Гвалт — гэта апошні аргумэнт некампэтэнтнасьці. Расея выкарыстоўвае вайну дзеля зьмены рэжыму, які не задавальняе расейскае кіраўніцтва. Гэта відавочна”.
Спадар: “Калі расейскія вайскоўцы пайшлі на нейкія дзеяньні — на тую ж бамбёжку, значыць, былі падставы”.
Спадар: “Паўднёвая Асэтыя — частка Грузіі. Расея ня мела права ўводзіць туды свае войскі. Неабходна было даць мандат міратворцаў нэўтральнай дзяржаве, напрыклад, Швэцыі, а не Расеі, якая мае там непасрэдныя інтарэсы”.
Спадарыня: “Кіраўніцтва Грузіі! Трэба было памірыць народы. Яны ж па сутнасьці — адзін народ. Што ім дзяліць?”
Спадар: “Толькі Грузія. Карацей, Амэрыка ёй кіруе, Амэрыка — усюды. А Расея бамбуе, значыць, так трэба”.
Спадар: “Мне падаецца, амэрыканцы вінаватыя. НАТО не прайшло, дык яны ўсё роўна лезуць. Іншымі спосабамі спрабуюць — знутры. У Расеі ж таксама ёсьць нэрвы — колькі ж можна цярпець?”
Спадар: “Тут уся віна ляжыць на Расеі. Яна ня можа ніяк зьмірыцца з тым, што Грузія й іншыя суседнія краіны зьбіраюцца ўступіць у НАТО”.
Спадар: “Я думаю, што вінаватыя абодва бакі — Грузія й Асэтыя. А Расея падтрымлівае тых, хто болей схіляецца на яе бок”.
Спадар: “Хто першы пачаў? Грузія на Асэтыю напала! І міратворчыя сілы ня трэба было чапаць”.
Спадар: “Расея ня хоча губляць Грузію, бо гэта — Каўказ. Расейцы даюць асэтынам грамадзянства. Грузінскі бок, у сваю чаргу, ня хоча губляць сваю тэрыторыю. Паўднёвая Асэтыя — знаходзіцца ўнутры Грузіі. Як у нас, у Азербайджане, Карабахскі канфлікт”.
Спадар: “Вінаваты Саакашвілі. Так ня робіцца — бамбіць гарады, вёскі. Ваюеш — ваюй, дзе твая тэрыторыя. А ён спэцыяльна той народ выганяе, каб потым сваім засяліць. Я так разумею”.
Спадар: “Мусіць, урад Грузіі вінаваты. Яны ж першымі на асэтынцаў напалі. Тыя ж хочуць аддзяліцца”.
Спадарыня: “Гэтага ня ведаюць нават вялікія палітычныя лідэры. Бо ўсе ашукваюць адзін аднаго. Усе!”