Агляд тэлефанаваньняў за 11 жніўня, панядзелак
Радыёслухачы вельмі актыўна абмяркоўваюць падзеі вакол Паўднёвай Асэтыі, Грузіі і Расеі:
“Расея вядзе захопніцкую вайну ў Грузіі. Яе бамбардзіроўка гарадоў Грузіі нагадвае працяг палітыкі Савецкага Саюзу ў Чэхаславакіі ў 1968 годзе з увядзеньнем танкаў у Прагу. Расеі трэба пакінуць Грузію ў спакоі. Слухач зь Менску”.
“Паўднёвая Асэтыя — гэта тэрыторыя Грузіі. І канфлікт, які там узьнік, — гэта праблема грузінаў і асэтынаў. Яны самі павінны яго вырашаць. А што там робяць баявыя часткі расейцаў? Гэта сапраўдная агрэсія Расеі супраць Грузіі”.
“Хачу праз ваша радыё зьвярнуцца да галоўных дэмакратаў Беларусі: ляўрэата Сахараўскай прэміі Мілінкевіча, Вячоркі, Лябедзькі і іншых. Некалькі гадоў таму вы ва ўсіх сваіх інтэрвію для Радыё Свабода ганьбілі Ельцына і Пуціна, якія распачалі другую вайну ў Чачні. А цяпер пытаньне: як вы ставіцеся да дзеяньняў свайго паплечніка Міхаіла Саакашвілі, які ўсёй сваёй моцай — танкамі, ракетамі, сыстэмамі агню “Град” — напаў на маленькую рэспубліку? Якія ахвяры ён прынёс, вы ўсе бачылі па тэлебачаньні. Расею давайце пакінем па-за дужкамі, бо яна свае войскі ўвяла ўжо пасьля таго, як Грузія распачала агрэсію супраць Паўднёвай Асэтыі”.
На пытаньне слухача адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:
“На жаль, слухач знаходзіцца ў поўным, абсалютным інфармацыйным палоне расейскіх тэлеканалаў. Нагадваю, Паўднёвая Асэтыя, роўна як і Абхазія — гэта ёсьць тэрыторыя сувэрэннай Рэспублікі Грузіі. Дарэчы, сама Расея ніколі ня ставіла пад сумнеў межы паміж былымі саюзнымі рэспублікамі, якія сталі межамі паміж новаўтворанымі незалежнымі дзяржавамі. Забесьпячэньне канстытуцыйнага парадку і тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі — гэта ёсьць праблема самой Грузіі. Той факт, што на працягу многіх гадоў Расея ажыцьцяўляла палітыку паўзучага стварэньня “пятай калёны”, забясьпечваючы расейскімі пашпартамі жыхароў Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, а потым скарыстала гэта як нагоду для ўмяшаньня, уся тая чарада правакацыяў, якія расейцы арганізоўвалі што ў Паўднёвай Асэтыі, што ў Абхазіі, былі відавочным спосабам падрыхтоўкі да анэксіянісцкай вайны. Цяпер, калі расейскія самалёты бамбяць грузінскія гарады, калі расейцы не пускаюць ні самалёты, ні караблі ня тое што са зброяй — з гуманітарнай дапамогай у Грузію — гэта інакш як поўнафарматным адраджэньнем імпэрскай палітыкі Расеі назваць нельга”.
І яшчэ два тэлефанаваньні ў працяг тэмы:
“Хачу выказаць меркаваньне наконт вайны ў Грузіі. Цікава, а што зрабілі дзяржавы Каўказу, калі Расея нахабна душыла нацыянальна-вызваленчы рух у Чачні? Чаму яны не ўвялі свае міратворчыя войскі ў Чачню, як Расея ў Грузію? Чаму не ваявалі з Расеяй? Вось гэта і ёсьць замкнёнае кола. Падзяляй і ўладар. Чаму Расея так клапоціцца аб праве нацый на самастойнасьць, але ж толькі не на сваёй тэрыторыі?! А там ёсьць якуты, ханты, мансі, мардва і гэтак далей. Няхай дадуць ім права аддзяліцца, а ня лезуць у Грузію. І Грузія ня мае рацыі”.
“Калі б цары біліся самі, вось было б відовішча! Ня тое што там нейкія Алімпійскія гульні. Трэба, каб Саакашвілі выклікаў Пуціна на татамі альбо на рынг, як каму зручней. Хто пераможа, той і забярэ Асэтыю. Альбо іншы варыянт. Трэба перагледзець пагадненьне аб непарушнасьці межаў і даць незалежнасьць усім, хто захоча: ірляндцам, баскам, курдам і ўсім астатнім. Абодва гэтыя варыянты нерэальныя. Значыць, што вайне быць...”
А вось тэлефанаваньне на іншую тэму:
“Наша апазыцыя, на жаль, зусім не жыве па тых законах, якія яна прапагандуе. Праблема ў тым, што ніхто не спрабуе размаўляць з народам мовай народу, ніхто не спрабуе данесьці тыя ідэі такім чынам, каб кожнаму стала ясна, што ты хочаш сказаць. Усе сталі ў адыёзную пазыцыю: я лепшы, а ўсе астатнія горшыя. Але ж гэта ня так. З такой пазыцыяй так званая апазыцыя ніколі не пераможа. І ці ёсьць апазыцыя ў тым нармальным клясычным сэнсе, у якім яна ўспрымаецца ў Эўропе? На жаль, гэта вельмі сумнеўна”.
На пытаньне слухача адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:
“Апазыцыі, канечне, можна прад’явіць шмат прэтэнзій, але перш чым параўноўваць, як у нас і як у Эўропе, трэба паставіць пытаньне пра тое, каб былі створаныя нармальныя ўмовы для канкурэнтнай палітыкі. А іх у краіне няма. Вы ж ведаеце, што шмат гадоў нашу апазыцыю заганялі ў андэграўнд, у падпольле фактычна. Зараз казаць, што яна слабая, расьцярушаная, мякка кажучы, некарэктна. Хаця, канечне, праблемы камунікацыі ёсьць. Але ці ёсьць, напрыклад, у апазыцыі магчымасьць рэгулярна выступаць у нацыянальных сродках масавай інфармацыі, даносіць свае думкі з трыбуны парлямэнту, як гэта было на пачатку 1990-х? Таму казаць, што ў нас кепская апазыцыя... Давайце спачатку створым цывілізаваныя ўмовы палітычнага жыцьця, і, я думаю, мы яшчэ зьдзівімся, колькі ў нас таленавітых палітыкаў”.
Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Слухач “Свабоды” цікавіцца справай зьняволенага моладзевага актывіста Зьмітра Лісяенкі:
“Пытаньне Валеру Шчукіну. Ці зьявілася нешта новае ў справе Дзьмітрыя Лісяенкі? Дзякуй. Зіноўеў.”
Зьміцер Лісяенка сёлета ў красавіку быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавацілі ў тым, што ён захоўваў наркотыкі і фальшывыя грошы. Праваабаронца Валер Шчукін прысутнічаў на ўсіх судовых паседжаньнях па справе Зьмітра Лісяенкі. Ён адказвае на пытаньне слухача:
“Пакуль нічога новага. Дакумэнты на стадыі падачы касацыйнай скаргі. Гэта ўсё, што я магу сказаць. Падрабязнасьці, як вы разумееце, адвакаты не паведамляюць. Стадыя падрыхтоўкі да касацыйнага разгляду”.
Слухачы “Свабоды” жыва адгукнуліся і на падвышэньне пэнсій:
“Нездарма дэкрэт аб падвышэньні пэнсій падпісаны 4 жніўня, бо палова пэнсіянэраў напярэдадні выбараў атрымае аж дзьве надбаўкі — за жнівень і верасень, і будзе ўражаньне надта вялікай прыбаўкі. Але ж цэны растуць у разы. На пачатку мінулага году бутэлька алею каштавала 2 500 рублёў, а цяпер ажно 6 500. Вось і ўся арытмэтыка напярэдадні выбараў. Спадар Мікалай”.
Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Спадар Белавус з Лунінцу цікавіцца лёсам найстарэйшай беларускай газэты “Наша Ніва”, якая два гады таму адзначыла стогадовы юбілей. А нядаўна выйшаў тысячны нумар тыднёвіка.
Спадар Белавус, Лунінец: “Кожны раз вы нешта выдаяце. А мы, слухачы, нічога зразумець ня можам. Вось вы ведзяце гутарку пра тысячны нумар газэты “Наша Ніва”. Больш чым за сто гадоў выйшла тысяча нумароў. Колькі ж тады яе нумароў выходзіць у год? 10 нумароў няма? І дзе яна выходзіць, тая “Наша Ніва”? Я хацеў яе купіць. Я ў Менску быў, запытваўся… І ніяк не магу зразумець, што гэта за падпольшчына ў вас паўсюль. Дык вы б хоць растлумачылі, што гэта за “Ніва” і як яна выпусьціла 1000 нумароў больш як за сто гадоў. Вельмі ж гэта ўсё цікава, браткі”.
На пытаньне спадара Белавуса з Лунінцу адказвае галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко:
“Газэта “Наша Ніва” выходзіла зь вялікім перапынкам. Заснаваная яна была ў 1906 годзе, выходзіла тады да 1915 году і была закрытая царскай цэнзурай у сувязі з пачаткам вайны. Некалькі нумароў выйшла ў 1920 годзе. А пасьля ў савецкі час яна не выходзіла. І толькі з атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці “Наша Ніва” была адроджаная ў 1991 годзе. Спачатку яна выходзіла ў Вільні, зараз выходзіць у Менску. І агулам ад 1906 году і да сёньняшняга дня мы налічылі тысячу нумароў. Зараз выходзіць яна штотыдзень. Тое, што яе няма ў шапіках “Белсаюздруку”, а таксама ў каталёгах “Белпошты”, ня ёсьць перашкодай для атрыманьня “Нашай Нівы”. Каб яе атрымліваць, вам трэба проста затэлефанаваць у рэдакцыю. Таксама газэты “Наша Ніва” можна пабачыць на выставах, там, дзе і навінкі незалежнага кнігадруку. Такія месцы ёсьць у Менску ды іншых гарадах Беларусі. “Наша Ніва” піша пра ўсе значныя падзеі зь беларускага жыцьця і замежнага жыцьця зь беларускага гледзішча”.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Тэлефон у Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29-391-22-24.