18 сяброў ПКБ маюць намер змагацца за дэпутацкія мандаты

Сёньня ў Менску прайшоў зьезд Партыі камуністаў Беларускай. На парадку дня некалькі пытаньняў: вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты на выбары ў Палату прадстаўнікоў, зацьвярджэньне плятформы партыі да выбараў. Пасьля зьезду адбыўся яшчэ і Пленум ЦК ПКБ.

На зьезьдзе Партыі камуністаў Беларускай прысутнічала 60 дэлегатаў з 63 абраных. Спачатку заслухалі інфармацыю першага сакратара ПКБ Сяргея Калякіна пра сытуацыю з фармаваньнем выбарчых камісій, пра кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Потым дэлегаты пачалі абмяркоўваць партыйныя праблемы.У выніку на зьезьдзе ПКБ было вылучана 11 кандыдатаў ў дэпутаты па акругах (там дзе зарэгістраваныя структуры), і ў дадатак яшчэ 7 сяброў партыі – ад зьезду. Распавядае першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін:

“Шляхам збору подпісаў ідуць усе 18 кандыдатаў, 12 чалавек ужо сабралі подпісы на сёньняшні дзень. Яшчэ па чацьвярых кандыдатах няма сумневу, яны ўжо на фінішы. Па дзьвюх акругах у нас ёсьць праблемы, але я ўпэўнены, што ўсе кандыдаты неабходную колькасьць подпісаў зьбяруць. На сёньняшні дзень нашы 18 кандыдатаў ужо сабралі 20 тысяч подпісаў. Мы ставім мэту, каб 25 тысяч подпісаў было сабрана (з запасам). І мы разьлічваем, што гэту працу ня толькі падчас выбарчай кампаніі выкарыстоўваць, але і потым мы будзем працаваць з гэтымі людзьмі, як з патэнцыйнай базай нашых прыхільнікаў”.

Зацікаўлена і прынцыпова дэлегаты зьезду прымалі і плятформу партыі да выбараў, дадалі асобныя пункты пра экалёгію, замену кантрактнай сыстэмы на бестэрміновую працоўную дамову. Зьезд ПКБ у адпаведнасьці з артыкулам 21 Закону аб палітычных партыях надзяліў 51 сябра партыі паўнамоцтвамі абараняць інтарэсы партыі ў дзяржаўных органах. Меркаваньне сакратара ЦК ПКБ Алены Скрыган:

“У цэлым вынікамі зьезду я задаволеная. Ня гледзячы на тое, што зьезд тэхнічны, была глыбокая зацікаўленасьць ўсіх удзельнікаў у выніках, у абмеркаваньні інфармацыі аб ходзе выбарчай кампаніі, у тых пытаньнях, якія абмяркоўваліся: гэта і плятформа да парлямэнцкіх выбараў, і надзяленьне сяброў партыі паўнамоцтвамі прадстаўляць інтарэсы партыі ў дзяржаўных органах, у судах. Такая абарона сяброўская і партыйная павінна быць у людзей”.


Сяргей Калякін запэўніў, што ўсе кандыдаты ад Партыі камуністаў Беларускай будуць ісьці да канца, ніякага байкоту ці зьняцьця кандыдатур напярэдадні выбараў ня будзе:

“Мы ж працуем зь людзьмі: калі мы запрашалі людзей, каб яны нас падтрымлівалі, каб яны за нас галасавалі, а потым мы здымем свае кандыдатуры, ад нас проста гэтыя людзі адвернуцца. Таму я лічу, што зьняцьце кандыдатур не дадасьць нам пэўных магчымасьцяў, наадварот, мы страцім гэтыя магчымасьці. Таму трэба ісьці да канца”.


На сёньняшні дзень нашы 18 кандыдатаў ужо сабралі 20 тысяч подпісаў. Мы ставім мэту, каб 25 тысяч подпісаў было сабрана (з запасам)
На Пленуме ЦК ПКБ, які адбыўся адразу пасьля зьезду, прынята рашэньне накіраваць Алену Скрыган у Цэнтравыбаркам з правам дарадчага голасу. Камуністы таксама вырашылі зьвярнуцца ў суд з пазовам на Аляксандра Лукашэнку, Белтэлерадыёкампанію і БелТА аб абароне дзелавой рэпутацыі партыі – 4 ліпеня кіраўнік краіны падчас наведваньня “Лініі Сталіна” зьняважліва выказаўся на адрас партыі, а дзяржаўныя СМІ гэтую інфармацыю растыражавалі.