Беларускія дзеці адляцелі з ЗША дадому

У нядзелю а14-й гадзіне паводле мясцовага часу (ці 24-й паводле менскага) 24 беларускія дзяўчынкі і хлопчыкі, якія знаходзіліся на аздараўленьні ў амэрыканскім горадзе Пэталума, адляцелі дадому.16-ці гадовая Таня Казыра засталася ў ЗША.

Да Франкфурта на Майне палёт ажыцьцяўляецца амэрыканскай кампаніяй United Airlines, пасьля -- беларускай "Белавіа". Пра гэта паведамілі журналістам амэрыканскія арганізатары адпачынку.

Нагадаем, што першапачаткова вылет 25 дзяўчынак і хлопчыкаў і двух дарослых кіраўнікоў групы быў прызначаны на 5 жніўня. Аднак у той дзень у аэрапорт Сан-Францыска не зьявілася 16-гадовая школьніца з Барысава Таня Казыра. Як высьветлілася, яна пажадала працягнуць сваю візу і зьвярнулася з адпаведнай просьбай да іміграцыйных уладаў ЗША. У выніку беларускія кіраўнікі групы прынялі рашэньне адкласьці вылет.

Як паведаміла прэсе кіраўніца арганізацыі Chernobyl Children’s Project у Пэталуме Даян Дэчычыё, ёй, нарэшце, удалося набыць месцы для 25 пасажыраў, што для вялікай групы ва ўмовах летняга сэзону вельмі ня проста. Вырашана, што дзеці паляцяць назад у суправаджэньні аднаго дарослага. Другі ж пакуль застаецца ў ЗША да высьвятленьня абставінаў. Паводле Дэчычыё, авіякампанія, якая пераафармляла квіткі, напачатку спрабавала атрымаць ад Chernobyl Children’s Project дадатковыя 8 тысяч даляраў камісійных, аднак у пятніцу ўсё ж адмовілася ад гэтай сумы.

Беларусь, хутчэй за ўсё, прыпыніць гэты праект. Як, дарэчы, і іншыя амэрыканскія праекты абмену, што запрашаюць штогод прыкладна 1200 дзяцей з чарнобыльскай зоны
“Гэта было б вельмі разаральным для нас”, кажа Даян Дэчычыё. Кіраўніца дабрачыннай амэрыканскай ініцыятывы, якая ад 1991 супрацоўнічае зь беларускай арганізацыяй “Мэдыцына і Чарнобыль”, лічыць, што Беларусь, хутчэй за ўсё, прыпыніць гэты праект. Як, дарэчы, і іншыя амэрыканскія праекты абмену, што запрашаюць штогод прыкладна 1200 дзяцей з чарнобыльскай зоны.

Паводле арганізатараў аздараўленьня ў Пэталуме, учора ў аэрапорце яны сказалі свае апошнія разьвітальныя словы беларускім дзецям. Гэта было вельмі нялёгка, бо многіх зь іх яны любяць гэтак жа як і ўласных сыноў і дачок, кажуць яны.

У зьвязку зь міжнародным скандалам вакол Тані Казыры Даян Дэчычыё яшчэ ў аўторак, 5 жніўня, спрабавала пакінуць праект. Аднак потым вырашыла застацца ў арганізацыі, пакуль не арганізуе новыя квіткі для беларускіх дзяцей і не адправіць іх дадому.

Камэнтуючы гісторыю Тані і амэрыканскай сям’і Запатаў, Дэчычыё кажа, што разумее пачуцьці сям’і, аднак ўсё гэта, на жаль, нанясе шкоду будучаму адпачынку ў ЗША для іншых беларускіх дзяцей.


Таня Казыра пра сваё рашэньне застацца ў ЗША (відэа, крыніца: www.pressdemocrat.com)