Адмыслоўцы — пра шанцы беларусаў на Алімпіядзе

Пэрспэктывы беларускіх алімпійцаў у Пэкіне ацэньваюць выбітныя асобы айчыннага спорту.
В.Барабаншчыкава: “Кітайцы як запраграмаваныя робаты”

У 2000 годзе ў Сыднэі Вольга Барабаншчыкава ў пары з Натальляй Зьверавай прабіліся ў паўфінал тэнісных спаборніцтваў і фінішавалі чацьвёртымі. Сёлета, кажа Вольга Барабаншчыкава, мэдалёвыя шанцы ў беларускіх тэнісістак вельмі высокія. Адрозна ад мужчынаў:

“Трэба спадзявацца на лепшае. Шкада, што ў нас ня склалася пара Мірны — Ваўчкоў. Думаю, у пары было б больш шанцаў. Ну, а сярод жанчын могуць вельмі нават нядрэнна выступіць нашы дзьве пары, а таксама “адзіночка” — Азаранка. Я ведаю, што Гаварцова супраць Уільямс гуляе першае кола, такое вось не найлепшае лёсаваньне. Але ў тэнісе ў нас якраз склад у гэтым годзе як ніколі”.
У тэнісе ў нас склад у гэтым годзе як ніколі.


На традыцыйнае пытаньне пра нязручнасьць кітайскіх спартоўцаў Вольга Барабаншчыкава дала такі адказ:

“Магу сказаць па тэнісе і па некаторых іншых відах спорту, якія назірала, што кітайцы заўсёды вельмі нязручныя супернікі. Яны як запраграмаваныя робаты. Думаю, што яны шмат у якіх дысцыплінах менавіта такія. Не хачу сказаць, што Алімпіяда будзе цалкам кітайскай, але я думаю, у прынцыпе, у іх будзе вельмі шмат узнагародаў”.

К.Шаравера: “Кітайская прапаганда па савецкім прынцыпе”

Адзін з самых вядомых у мінулым беларускіх баскетбалістаў, цяперашні генэральны дырэктар клюбу “Мінск-2006” Канстанцін Шаравера сэнсацыяй сёлетняй Алімпіяды ўжо лічыць тое, што ў Пэкін патрапіла жаночая зборная Беларусі па баскетболе. А 4-й раніцы 9 жніўня ён будзе глядзець першую гульню беларусак з аўстралійкамі ў жывым эфіры. І спадзяецца, што размовы пра татальную “кітаізацыю” Алімпіяды будуць беспадстаўнымі:

“Вы ведаеце, у нас колісь за савецкім часам таксама была магутная прапаганда: маўляў, самае-самае лепшае было ў нас. Што толькі ў нашай краіне мы вольна дыхаем, тут мы ўсе свабодныя і непераможныя. Дакладна гэтаксама і ў выпадку з Кітаем. Там жа вялізнае поле дзейнасьці, уключна з той жа палітыкай. Таму я лічу, што мае месца перабольшваньне здольнасьцяў кітайцаў. Месца пад сонцам усім хопіць”.
Мае месца перабольшваньне здольнасьцяў кітайцаў.


Карэспандэнт: “А вы самі не зьбіраецеся ў Кітай, прынамсі каб падтрымаць беларускіх баскетбалістак?”

“Шчыра кажучы, была ў мяне такая задума гады тры таму, пасьля апошняй Алімпіяды, што ў Кітай трэба было б зьезьдзіць. Але потым адмовіўся — занадта вялікі вакол гэтых гульняў ажыятаж і вялізная неразьбярыха. Бэдлам, адным словам. Дажывем на наступнай Алімпіяды ў Лёндане...”