Зрыў пляну сьпіхнулі на падпісчыка газэты “Товарищ”

Сёньня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомеля распачаты разгляд пазову актывіста ПКБ Васіля Мамкіна да дырэкцыі ААТ “Электраапаратура” на незаконнае звальненьне з працы і спагнаньне ў гэтай сувязі 10 мільёнаў рублёў маральнай шкоды.
Спадар Мамкін на заводзе “Электраапаратура” рабіў звыш чвэрці стагодзьдзя — у інструмэнтальным цэху, у забесьпячэньні. У камуністычныя часы быў тут нават сакратаром парткаму КПБ.

Апошнія гады займаў пасаду начальніка бюро ў аддзеле матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня й ня меў ані заўвагі. Але 18 ліпеня дырэктар прадпрыемства, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Віктар Жыгар падпісаў загад на звальненьне Мамкіна з працы нібыта за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў.

Юрыст заводу Натальля Капцякова заявіла ў судзе, што па віне спадара Мамкіна на прадпрыемства ня быў своечасова завезены з Расеі пэрыклаз — спэцыяльны парашок, які выкарыстоўваецца для вырабу электранагравальнікаў. У выніку завод у чэрвені недавыканаў даведзены Міністэрствам прамысловасьці падвышаны плян на 498 мільёнаў рублёў. Рабочыя не атрымалі належнага заробку, а інжынэры — прэміі.

Спадарыня Капцякова ня толькі не прызнала пазоў актывіста, але й з імпэтам аспрэчвала заяўленую ім 10-мільённую суму маральнай шкоды.

Сам Васіль Мамкін абгрунтаваў яе тым, што бездакорна працаваў на заводзе амаль 27 гадоў і нават страціў тут здароўе:

“Улічваючы тое, што апошнія пяць-шэсьць гадоў цеплавы рэжым не захоўваўся, я зарабіў тут хранічны абструктыўны бранхіт, які разьвіўся ў бранхіяльную астму. Цяпер у мяне трэцяя група інваліднасьці”.

Паводле Мамкіна, патрэбны заводу парашок насамрэч ня быў атрыманы з-за несвоечасовай аплаты яго расейскаму пастаўшчыку. Прычым акурат тады, калі актывіст быў у адпачынку. Таму азначаная сума маральнай шкоды, на яго думку, будзе адначасова й урокам члену Савета Рэспублікі Жыгару, які пры звальненьні кіраваўся не законамі, а палітычнымі меркаваньнямі. Спадар Мамкін патлумачыў гэта так:

“Калі я быў у адпачынку, быў выпадак — для мяне прыносілі газэту “Товарищ”. І паколькі мяне не было, пайшоў адзін наш працаўнік забраць газэты, каб пакласьці мне ў стол. Газэты на прахадной адабралі, і дырэктар, як расказвалі, крычаў і тупаў нагамі — звольніць хацеў гэтага хлопца. Але высьветлілася, што ён нёс газэту не сабе, а мне. Відаць, гэта й паслужыла асноўнай прычынай майго звальненьня: я ж у Партыі камуністаў Беларускай, чытаю гэтую газэту. Як жа так?! Дырэктар у Савеце Рэспублікі, а тут нейкая апазыцыя чытае газэту, якая дырэктару не падабаецца”.

Васіль Мамкін паказаў газэту й судзьдзі Галіне Чарнашэй, якая разглядае пазоў актывіста да адміністрацыі прадпрыемства.

Выслухаўшы бакі, судзьдзя вырашыла запатрабаваць дадатковыя дакумэнты й выклікаць у суд спэцыялістаў, адказных за забесьпячэньне прадпрыемства.

Чарговае паседжаньне па справе прызначана на 20 жніўня, калі, вядома, дырэкцыя заводу да гэтага часу добраахвотна не адновіць спадара Мамкіна на працы.