Два тыдні, калі галоўнае – ня ўдзел, а перамога

На якія падзеі на Алімпіядзе будзе зьвернута найбольшая ўвага? Хто мае шанец стаць героем і сымбалем гэтых Гульняў? Процістаяньне якіх спартовых дзяржаваў стане галоўнай інтрыгай у Пэкіне?
Давайце на два тыдні забудземся на зьдзеклівую фразу “Галоўнае — не перамога, а ўдзел”. Магчыма, яна пасуе для спаборніцтваў у дзіцячых летніках. У сучасным сьвеце, дзе, як калісьці пісаў Чынгіз Айтматаў, колькасьць закінутых шайбаў вызначае перавагі палітычнай сыстэмы, спартовая перамога — гэта ўсё: нацыянальны гонар, шалёныя натоўпы на вуліцах, мільённыя ганарары і мэдалі на грудзі герояў.

У XX стагодзьдзі перавагі свайго ладу даводзілі на спартовых арэнах дзьве звышдзяржавы — СССР і ЗША. Балянс улады ў сьвеце зьмяніўся, і сёньня галоўнай інтрыгай Алімпіяды будзе двубой паміж ЗША і Кітаем. Паднябесная як ніколі блізкая да таго, каб стаць найлепшай — для пачатку хаця б у спорце.
Галоўнай інтрыгай Алімпіяды будзе двубой паміж ЗША і Кітаем


У 2000 годзе ў Сыднэі Кітай у агульнакамандным заліку заняў трэцяе месца, а 4 гады таму ў Афінах па залатых мэдалях кітайцы абагналі ўжо і Расею, прапусьціўшы наперад толькі амэрыканцаў. Ці апярэдзяць яны амэрыканцаў у сябе на радзіме, умацаваўшы свой статус спартовай звышдзяржавы? Паводле букмэкераў, менавіта гаспадары Гульняў выглядаюць відавочнымі фаварытамі, іхнія шанцы на камандную перамогу ацэньваюцца ў два разы вышэй, чым амэрыканскія. Букмэкеры, напрыклад, прапануюць угадаць, больш ці менш за 40 залатых мэдалёў заваююць кітайцы; у амэрыканцаў колькасьць прагназаваных першых месцаў складае толькі 33.

Цікава, аднак, што нават даволі абазнаны спартовы заўзятар не заўсёды назаве хоць якую кітайскую спартовую зорку. Зразумела, з аднаго боку, гэта хібы стэрэатыпнага ўспрыняцьця, бо для многіх з нас усе кітайцы — гэта Ху, Ван і Лі, адрозьненьні паміж якімі мы ня здольныя альбо не жадаем убачыць. Зь іншага боку, кітайцы сапраўды бяруць асноўныя свае мэдалі ў пэрыфэрыйных для масавага гледача відах спорту, і ня кожны беларускі заўзятар гатовы запомніць чэмпіёна, напрыклад, па бадмінтоне. Як бы там ні было, але спартовае процістаяньне Кітаю і ЗША, на маю думку, стане галоўнай тэмай Алімпіяды, тым болей што многія не пазьбегнуць спакусы надаць яму палітычную ці іншую афарбоўку.

Інтрыга другая, пэрсанальная — ці выйграе амэрыканскі плывец Майкл Фэлпс 8 залатых мэдалёў? Кожная Алімпіяда павінна мець нейкага героя, асобу, якая стане сымбалем менавіта гэтых Гульняў. Якраз у Пэкіне Майкл Фэлпс можа ўвайсьці ў спартовую гісторыю як адзін з самых вялікіх атлетаў усіх часоў. Дагэтуль рэкордам паводле колькасьці залатых мэдалёў на адной Алімпіядзе былі 7 першых месцаў у плаваньні амэрыканца Майкла Сьпіца ў Мюнхэне ў 1972 годзе. Фэлпс плянуе стартаваць на 8 дыстанцыях — 5 індывідуальных і трох эстафэтах. Дарэчы, на апошнім чэмпіянаце сьвету ў плаваньні ён выйграў 7 дыстанцыяў, а на восьмай, эстафэце, проста саступіў сваё месца сябру па амэрыканскай зборнай. Відавочна, што верагоднасьць такога ўнікальнага рэкорду прыцягне мільёны гледачоў менавіта да алімпійскіх басэйнаў.

У амэрыканскіх журналістаў вельмі папулярная такая фраза: “Дзе вы былі, калі гэта здарылася?” Спадзяюся, калі Фэлпс пераможа на сваёй восьмай дыстанцыі, я змагу сказаць: “Я гэта бачыў”. Хаця б па тэлевізары.