Пасьля падзеяў вясны 2006 году, калі ў выніку палітычнага перасьледу сотні людзей пазбавіліся магчымасьці вучыцца і працаваць у Беларусі, з падтрымкі польскага ўраду пачала працаваць адукацыйная праграма імя Кастуся Каліноўскага.
У ВНУ Польшчы па праграме навучаюцца 300 беларускіх студэнтаў. Сёлета плянуецца трэці набор, большая частка – адлічаныя з палітычных прычынаў студэнты, а таксама асьпіранты і магістранты. Якая верагоднасьць таго, што гэтыя людзі вернуцца на Радзіму?
У Беларусі праграмай імя Каліноўскага апякуецца Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”. Старшыня камітэту Іна Кулей лічыць, што кожны чалавек ад пачатку арыентаваны па-свойму:
“Адны – гэты тыя, хто на самой справе імкнецца зьехаць за мяжу ўва што б ні стала. Але ёсьць тыя, якія вымушаныя былі зьехаць, каб вучыцца. І стаўленьне да Радзімы ў іх таксама рознае. Той, хто зьехаў вымушана, марыць вярнуцца. А хто плянаваў гэта адразу, то ён шукае розныя і прычыны, і магчымасьці – і замуж выйсьці, і проста паехаць працаваць, і застацца, паехаўшы як студэнт... Я не лічу, што гэта нейкае вымываньне, я лічу, што самай сур’ёзнай падставай ёсьць адсутнасьць будучыні ў маладых людзей у Беларусі, немагчымасьць паказаць сябе крэатыўна, творча. Таму малады чалавек не знаходзіць сябе, ня можа адчуваць пэрспэктыву, ня ведае, што зь ім будзе заўтра і шукае выйсьця ў іншай краіне. Але ня так лёгка там жыць, і калі б зьмяніліся ўмовы, то я ўпэўненая -- 90% вярнуліся б дадому”.
Карэспандэнт: “Людзі, якія навучаюцца па праграме Каліноўскага, ад пачатку арыентаваныя на вяртаньне, як Вы лічыце?”
“Большасьць – абсалютна. Канечне, у кожнага па-свойму можа скласьціся лёс, кагосьці лёс зьвядзе з гэтай краінай-суседкай, альбо зь іншай краінай. Але тое, што яны застануцца ўнутрана беларусамі, дзе б яны не былі, а большасьць на самой справе вернецца – у гэтым мы перакананыя. Мы ўвесь час падтрымліваем зь імі кантакт і бачым, што яны вяртаюцца і на акцыі пратэстаў, і каб падтрымаць на акцыях салідарнасьці каля судоў сваіх паплечнікаў. І ўвогуле мараць пра тое, што яны зробяць для Беларусі: працы пішуць, маючы на ўвазе будучую Беларусь. Таму мы ўпэўненыя ў гэтым”.