Па Яраслава Берніковіча і ягоную жонку супрацоўнікі КДБ прыехалі бяз позваў і загадалі зьбірацца на “гутарку”.
Яраслаў Берніковіч спрабаваў высьветліць, у якасьці каго іх з жонкай дапытаюць, ці ў дачыненьні да іх будуць прымененыя якія-небудзь іншыя сьледчыя дзеяньні. Адказу на гэтае пытаньне апазыцыянэр не пачуў: яму сказалі, што ўсё патлумачаць у Глыбоцкім раённым аддзеле КДБ.
Першай у кабінэт да сьледчага выклікалі Іну Берніковіч. Пра што будуць размаўляць з жонкай, Яраславу Берніковічу не паведамілі і загадалі чакаць у калідоры.
Колькі дзён таму спадарыню Іну, настаўніцу хіміі і біялёгіі Вярхнянскай базавай школы, выклікалі у мясцовы райаддзел міліцыі, каб дапытаць, ці не зьвяртаўся да яе нехта з мужавых сяброў альбо знаёмых з просьбай патлумачыць спосаб вырабу выбухоўкі. Заадно міліцыянты высьвятлялі, чым займалася сям’я 3 і 4 ліпеня, калі ў Менску адбыўся выбух.
Намесьнік старшыні Віцебскай абласной суполкі Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч гаворыць, што ня мае ніякага ўяўленьня, чым ягоная сям’я зацікавіла КДБ. Апошнім часам ён надзвычай актыўна займаўся хіба тым, што разам зь сябрамі ініцыятыўнай групы зьбіраў подпісы дзеля вылучэньня на кандыдата ў дэпутаты парлямэнту. Спадар Берніковіч мае намер балятавацца па Глыбоцкай выбарчай акрузе №22, і ягоная жонка таксама ўваходзіць у ініцыятыўную групу патэнцыйнага кандадата.