Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 2 жніўня
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “У КАЛЮМБІІ ПАЭТАЎ СЛУХАЛІ ШЭСЬЦЬ-СЕМ ТЫСЯЧАЎ ЧАЛАВЕК!”
Нядаўна ў калюмбійскім горадзе Мэдыджэн прайшоў усясьветны фэстываль паэзіі. У ім прынялі ўдзел больш за сем дзясяткаў аўтараў з паўсотні краінаў сьвету. Нягледзячы на тое, што фэстываль ладзіўся ўжо ў васямнаццаты раз, Беларусь на ім была прадстаўленая ўпершыню – паэтам Андрэем Хадановічам. Па вяртаньні з-за акіяну ён адказаў на пытаньні Міхася Скоблы.
Міхась Скобла: “Андрэй, ты даволі часта ўдзельнічаеш у самых розных паэтычных фэстывалях і, мяркую, годна прэзэнтуеш у замежжы беларускую літаратуру. Раскажы пра паэтычны форум у Калюмбіі”.
Андрэй Хадановіч: “Гэта быў штогадовы фэстываль, найбуйнейшы ў Паўднёвай Амэрыцы і, магчыма, адзін з найбуйнейшых у сьвеце. Гэта быў фэстываль, якога чакае ўся краіна, ня кажучы ўжо пра горад-арганізатар Медыджэн, другі пасьля Багаты горад у Калюмбіі. На гэты фэстываль лічаць за гонар прыяжджаць паэты з усяго сьвету. Што праўда, мы прызвычаіліся мысьліць эўропацэнтрычна. Эўропа ў Калюмбіі таксама была годна прадстаўленая, але толькі адной чвэрцю, бо астатнія тры чвэрці ўдзельнікаў склалі лацінаамэрыканскія і, шырэй, амэрыканскія паэты, азіяцкія паэты, афрыканскія паэты – больш за семдзесят аўтараў зь пяцідзесяці краінаў. Я такіх грандыёзных паэтычных форумаў бачыў вельмі мала, а актыўна ўдзельнічаў – упершыню”.
Скобла: “Па нашых уяўленьнях – што такое паэтычны фэстываль? Зьбіраюцца дзясяткі два паэтаў, і выступаюць яны пераважна перад гэткай жа колькасьцю слухачоў. Падобнае мне даводзілася назіраць у Беларусі, у Польшчы, у Літве. А як гэта адбываецца ў Калюмбіі?”
Хадановіч: “У мяне ёсьць такая вар’яцкая тэорыя. Існуе нейкая зваротная прапорцыя: чым больш сыта й “гіпэрмаркетава” жыве краіна, тым менш там думаюць пра паэзію. Да нядаўняга часу я страшна ганарыўся “паэтычнай Беларусьсю”, мог папікнуць эўрапейскага калегу, маўляў, на маёй радзіме, у маёй краіне ў дзесяць разоў болей цікавяцца паэзіяй, чым у вас – у Галяндыі ці нават у блізкай нам славянскай Польшчы зь не абы якімі традыцыямі і набэлістамі. Але цікавасьць да паэзіі ў Беларусі саступае лацінаамэрыканскаму ажыятажу вакол паэзіі ў тыя ж самыя дзесяць разоў.
Для параўнаньня, у Медыджэне на адкрыцьці фэстывалю сабраўся такі велізарны амфітэатравы стадыён, куды ўлезла, не ведаю дакладна, можа быць, шэсьць-сем тысячаў чалавек. І гэта, па-мойму, яшчэ плацячы за ўваходны квіток! І чатыры гадзіны ніхто не сыходзіў! А ў сярэдзіне імпрэзы, па калюмбійскай атмасфэрнай звычцы, праліўся гадзінны, вельмі інтэнсыўны дождж, прыхільнікі паэзіі схаваліся пад дажджавікамі, разгарнулі над сабой парасоны, але – амаль ніхто не сышоў. Паэты, асабліва эўрапейцы, ледзь не расплакаліся ад хваляваньня, і кожны дзякаваў публіцы за трываласьць і любоў да паэзіі. Калі б я ўсё гэта на свае вочы не пабачыў, то б не паверыў, але так яно насамрэч было”.
Скобла: “Як ты лічыш, хваля цікавасьці да паэзіі ў Калюмбіі – гэта зьява лякальная, ці цунамі гэтае дакоціцца да Эўропы й да Беларусі?”
Хадановіч: “Я думаю, што гэтае цунамі нікуды ня коціцца. Яно не прападзе заўтра, але яно й ня сёньня ўзьнікла. Гэткія адносіны да паэзіі даўно і трывала склаліся там, дзе ёсьць моцная паэтычная традыцыя, дзе статус паэта вельмі высокі й ніколі ня падаў. Мне здаецца, што Лацінская Амэрыка паяднала ў сабе шмат чаго сымпатычнага: эўрапейскі інтэлектуалізм – зь мясцовымі магічнымі паэтычнымі традыцыямі, культуру індзейцаў – з культурай афраамэрыканцаў, якіх занесла вядома зь якіх непаэтычных прычынаў на гэты кантынэнт. Усё перамяшалася і дало вельмі выбуховую ў добрым сэнсе сумесь.
Ня ведаючы мовы, я слухаў паэзію як музыку, як экспрэссію, як дыялёг на ўзроўні інтуіцыі, на ўзроўні сэрцаў. І мяне, і публіку неэўрапейскія рэгіёны “чаплялі” мацней, лацінаамэрыканскія, азіяцкія, афрыканскія паэты аўдыторыю заводзілі больш энэргічна. Мне здаецца, што на ўсіх гэтых кантынэнтах паэзія перажывае росквіт. Прынамсі, заняпадам, стомленасьцю ад культуры там ня пахне. Эўрапейскіх паэтаў, пераважна, слухалі вельмі ўважліва, зь ветлівасьцю, адкрытасьцю, але такой шчырай радасьці не было, калі выступалі калегі з Францыі ці Нідэрляндаў”.
Скобла: “Паўднёвая Амэрыка дала сьвету вялікіх паэтаў Габрыэлу Містраль, Пабла Нэруду, Сэсара Вальеху, Рубэна Дарыа, Актавіа Паса…”
Хадановіч: “Заўваж, з большага, гэта заслужаныя нобэлеўскія ляўрэаты”.
Скобла: “Менавіта заслужаныя. І тут можна з гонарам прыгадаць, што многія зь іх перакладзеныя на беларускую мову, і перакладзеныя бліскуча – Карласам Шэрманам і Рыгорам Барадуліным. Мы іх збольшага ведаем, а ці ведаюць яны нас? Ці чулі арганізатары і ўдзельнікі фэстывалю пра краіну пад назвай Беларусь?”
Хадановіч: “Вось тут і пачынаюцца амаль анэкдатычныя праблемы. Задоўга да фэстывалю я атрымаў вельмі сымпатычны ліст ад ягонага дырэктара і арганізатара. Ён, злоўжываючы братэрскай фразэалёгіяй, пісаў: “Dear brother, dear poetry brother, with fraternal embraces” і г.д., ён тлумачыў, як здорава, што ўпершыню за васямнаццаць гадоў краіна-арганізатарка мае гонар запрасіць на фэстываль прадстаўніка Беларусі. Я шчыра падзяліў зь ім гэты энтузіязм, даслаў інфармацыю пра сябе. За колькі месяцаў былі зробленыя пераклады маіх вершаў на гішпанскую мову”.
Скобла: “Дарэчы, у чыіх перакладах гучалі твае вершы на фэстывалі?”
Хадановіч: “Пераклады рабіла перакладчыца славянскага паходжаньня. Імя ў яе вельмі беларускае і блізкае нам, яе завуць Ірына Анёлак. Але, як толькі я прыехаў, пачаліся казусы. Я разгарнуў цудоўны паэтычны томік, выдадзены да фэстывалю, там аўтары былі падзеленыя на кантынэнты і краіны. З цікавасьцю разгарнуў эўрапейскія старонкі, пачаў шукаць Хадановіча і Беларусь. І – не знайшоў! Крыху пачухаўшы патыліцу, пачаў гартаць старонкі і знайшоў Беларусь разам з Хадановічам сярод азіяцкіх краінаў... Таму ўсе астатнія дзесяць дзён мне давялося ў выступах асаблівы акцэнт рабіць на геапалітычныя аспэкты, падкрэсьліваць эўрапейскасьць Беларусі, тлумачыць, што гэта такое”.
Скобла: “Мне прыйшоў у галаву гэткі вобраз. Існуе ўсясьветная энэргетычная сыстэма літаратуры. І калі па нейкіх прычынах падае “напружаньне” ў адной з рэгіянальных сетак, то неабходныя “вольты” падаюцца звонку – дзякуючы перакладам. Ці можа сёньня літаратура Лацінскай Амэрыкі падтрымаць сваімі “вольтамі” літаратуру Беларусі, і ці гатовыя мы іх прыняць?”
Хадановіч: “Якраз у гэтым і палягае роля фэстываляў, форумаў, у такой узаемнай падтрымцы. Я б не казаў пра тое, што дзесьці гэтых “вольтаў” празьмерна, а дзесьці “вольтадэфіцыт”, “цынга вольтавая”. Я думаю, што кожная паэзія адэкватная свайму слухачу і чытачу. На этапе перакладаньня і чытаньня кніжак пачынаюцца больш глыбокія працэсы ўзаемаабмену. Я прывёз з Калюмбіі вялікую колькасьць мэйлавых адрасоў, і сам раздаваў свой адрас безьлічы паэтаў. Ужо сёньня мне пачалі прыходзіць шматлікія тэксты. Прынамсі, сёньня ёсьць дзясяткі цікавых мне творцаў, пра існаваньне якіх я ўчора яшчэ ня ведаў. І, трэба прызнаць, сёньня яны больш патрэбныя нам, чым мы ім”.
АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ
Калюмбійскі дывэртысмэнт
1. Зайздрасьць
“Божа, як танчаць калюмбійцы!”
Крыху падумаў і дадаў:
“Я хацеў бы пісаць вершы так,
як танчаць калюмбійцы!”
Яшчэ крыху падумаў і дадаў:
“І проста танчыць, як калюмбійцы,
таксама хацеў бы!”
2. Правілы дарожнага руху
На скрыжаваньні спыняецца матацыкл.
Кіруе дзяўчына ў шаломе.
Ашаламляльна прыгожая.
Ззаду хлопец без шалома.
Сядзіць і –
з рызыкай для жыцьця –
не трымаецца за яе.
І ўсе калюмбійцы навокал
стаяць і думаюць:
“А я б за такую трымаўся.
Нават з рызыкай для жыцьця!”
3. Сымбаль міру
У самым сэрцы Калюмбіі,
на авэню El Colombiano
галубка сядае на дах,
а голуб – на галубку.
Тут магла быць мараль:
“Make love, not war!”
Але і безь яе ўсё робіцца правільна!
Нірвана
спадарожнік яе пажырае юрлівым позіркам
прыгажуня адказвае дэманстратыўным позехам
чорная шлейка станіка падзяляе напапалам
яе аголенае плячо
і ў думках яго бэдлам
ён думае кепска што ў цягніках не прадаецца кветак
і марна чакаць узаемнасьці не памяняўшы шкарпэтак
яна думае: меў бы ўсе шанцы дурань закамплексаваны
каб яна тры гады таму ня зьведала смаку нірваны
бо спаць аголенай удваіх цяплей чым адной у піжаме
і яна па-жаночы кахала – крыху аттапыранымі вушамі
і словы з усходнім акцэнтам вядома ж яе спакусілі
пасьля ён вядома ж зьехаў
а словы дагэтуль у сіле
яго салігорскі наступнік быў са сваімі загонамі
спакушаў яе аўтаспынам і сонцам за тэрыконамі
зь мілым рай і ў намёце
яна яму: ведаеш лёня
трахайся лепш з камарамі ў спальніку на паралёне
ён прысьвячаў ёй паэмы як пушкін і маякоўскі
яна выпраўляла памылкі і расстаўляла коскі
ды колькі б музаў над ім уначы не стаяла з паходняю
ёй падабаліся іншыя творы і пераважна ўсходнія
бо ў ейным ліфце радок СЬВЕТА КУРВА самы лагодны верш
а ліфт паводзіцца з пасажырамі як на бальных танцах найперш
падымаючы іх на трэці паверх апускае пасьля на другі
з надпісамі НІРВАНА і ШАХЦЁР САЛІГОРСК – БАГІ
…злы спадарожнік айчынным віном запівае грузінскі каньяк
без галаўнога болю прачнуцца ня выйдзе ніяк
а яна пакіне купэ са сьвежаю галавой
у якасьці помсты не абудзіўшы хлопца на канцавой
Арфэй на Лесбасе
Кажуць, калі паэт Арфэй памёр
і сышоў у царства ценяў,
яго галава засталася,
прарочыла і рабіла цуды
на высьпе Лесбас.
І праўда, каму на Лесбасе
было патрэбнае
яго цела?
Каратэіст
сем гадзін на паўднёвы ўсход на старэнькім “ЛАЗе”
і вясна за Кармой, і ты ўсё лета ў Чачэрску
дзе сусед-вэтэран, што ведае ўсё аб празе
і смазе з раніцы, лаецца не па-чэску
дзе нас на летні час пераводзяць крыкамі пеўні
у кінатэатры “Акцябар” піраты і магараджы
а вечарамі з плястмасавай крышкі ўсё больш упэўнена
п’ецца мядзьведжая кроў на развалінах ратушы
шыкоўныя “ГАЗ” і “ЗІЛ” на пляцоўцы ля ДОСААФа
сто дваццаць км на сьпідомэтры і мы амаль неўміручыя
і хто мог знаць, што мясцовы маёр, буйнагабарытная шафа
так спрытна бегае й так балюча вушы накручвае
і вечаровыя рамантычныя падарожжы
з мэтай калгасных яблыкаў стырыць у садзе
і першыя траўмы – купаньні старэйшых суседак у Сожы
у таварыстве мальцаў, зь якіх кожны чацьверты сядзе
і Сож быў глыбокі, і віскат быў гучны, і малец быў хуткі
і пад вадою добра чыталіся ўсе іх рухі
і мы, ня ведаючы, як правільна пішацца ПРАСТЫТУТКІ
на прыбярэжным пясочку пісалі ШЛЮХІ
гэта праз год усё выглядала проста
бусі марусі, танькіны станікі, ленкі каленькі
і нязьменны стандарт 90/60/90
хлопцы ўносілі па 90 капеек, а я 60 як самы маленькі
а пасьля міма касы ў краме – лепей ужо маўчы
слоік зь бярозавым сокам – першы сур’ёзны твор мой
і на дзіцячай пляцоўцы недзіцячыя махачы
проста каб разагрэцца ці пахваліцца формай
помню шчарбатага хлопца – пярэднія нехта выбіў
шорты ніжэй за калена і губы ў таматным соўсе
ён замахнуўся двойчы і двойчы схібіў
а на маю нагу потым сам напароўся
думаю, зараз заб’е, а ён хутка залез на плот
і залізвае там баявыя раны
і раптам як закрычыць на ўвесь свой таматны рот
ТЫ ЯШЧЭ ЖЫЗЬНІ НЯ БАЧЫЎ КАРАТЭІСТ ЗАСРАНЫ!
яшчэ памятаю дзьве бойкі ў гонар дзявочай плоці
адна была з дошкамі, іншая з парай лёгкіх гантэляў
але нішто не закрэсьліць байца на чачэрскім плоце
які два разы замахваўся і два разы не пацэліў
і цяпер, калі нехта па п’яні жадае біцца
я адказваю ветліва: “Слухай, наконт біцьця
пры ўсёй калясальнай павазе да тваіх мэга-біцэпсаў
ніхто з нас – ні я, ні ты – яшчэ ня бачыў жыцьця”
ЛІТПРАЦЭС
ТАЦЯНА НІЛАВА: “СУЧАСНЫЯ ПАЭТЫ ПАВІННЫ БЫЦЬ МАБІЛЬНЫЯ І ДЫНАМІЧНЫЯ”
У міжнародным паэтычным фэсьце “Парадак слоў”, які 31 ліпеня – 3 жніўня прайшоў у Менску, побач са знакамітымі творцамі з Украіны, Расеі ды Ўзбэкістану брала ўдзел шмат беларускае літаратурнае моладзі. У ліку яе і 24-гадовая паэтка з Гомелю Тацяна Нілава. Яна ня толькі выступіла на супольных вечарынах, але і прэзэнтавала на гэтым прадстаўнічым фэсьце сваю першую паэтычную кнігу “Готыка тонкіх падманаў”, што пабачыла сьвет у выдавецтве “Галіяфы”. З Тацянай Нілавай сустрэлася Валянціна Аксак.
Валянціна Аксак: “Прачытаўшы вашу біяграфію, што ўмясьцілася ў некалькі радкоў, я зьдзівілася. Вы нарадзіліся ў 1984 годзе, але пасьпелі атрымаць ужо дзьве вышэйшыя адукацыі. Як вам удалося амаль адначасова закончыць і філфак БДУ, і факультэт журналістыкі?”
Тацяна Нілава: “Правучыўшыся год на філфаку Белдзяржунівэрсытэту, я зразумела, што хочацца чагосьці яшчэ. Падала дакумэнты на паралельнае навучаньне на журфаку і – атрымала адразу два дыплёмы”.
Аксак: “Паводле дзьвюх атрыманых спэцыяльнасьцяў вы і працуеце. Вы і рэдактар на Гомельскім абласным радыё, і выкладаеце расейскую мову ў Гомельскім унівэрсытэце імя Паўла Сухога, і загадваеце літаратурнай часткай у Гомельскім дзяржаўным моладзевым экспэрымэнтальным тэатры-студыі. Калі ж вы вершы пішаце?”
Нілава: “Натхненьне прыходзіць незалежна ад таго, у якім месцы ці на якой працы ты знаходзісься. Яно проста прыходзіць – і ўсё. І трэба толькі пасьпяваць браць асадку, паперу і запісваць”.
Аксак: “А калі вы пачалі пісаць вершы?”
Нілава: “Даўно, яшчэ ў школе. Мне вельмі спадабалася беларуская мова. Мы пачалі яе вывучаць толькі зь пятае клясы – чамусьці як замежную”.
Аксак: “У якой жа такой школе вы вучыліся?”
Нілава: “Гэта была экспэрымэнтальная школа. У пачатковых клясах мы вывучалі фізыку і астраномію, а матчыну мову не вывучалі. Але любоў да роднага праяўляецца ўсё роўна. І мову пачынаеш любіць незалежна ад таго, калі яе пачынаеш вывучаць. І першы вершык у мяне адбыўся яшчэ ў пятай клясе. А сур’ёзна я пачала пісаць тады, калі сапраўдныя пачуцьці ў мяне ўнутры адбываліся. Гэта было ў сямнаццаць гадоў”.
Аксак: “Здаецца, што слова “сур’ёзна” ў вашай самаацэнцы не выпадковае, таму што вы ўжо – ляўрэат літаратурнага конкурсу імя Караткевіча”.
Нілава: “Гэта быў конкурс да 75-годзьдзя Караткевіча, і мы на яго паслалі падборкі сваіх вершаў. Журы мяне заўважыла, што было вельмі прыемна”.
Аксак: “А потым вы сталі яшчэ і пераможцам у намінацыі “Дэбют” на лепшую публікацыю часопісу “Дзеяслоў” за 2005 год”.
Нілава: “Мне вельмі пашанцавала з выкладчыкамі ў БДУ. Замежную літаратуру ў нас выкладаў Андрэй Хадановіч. Тады мяне натхняла яго творчасьць. А пазьней маім выкладчыкам быў Алесь Пашкевіч”.
Аксак: “Зь лёгкай рукі гэтых двьвюх творчых асобаў вы маеце ўжо і сваю першую паэтычную кніжку “Готыка тонкіх падманаў”. Чароўная назва, якая адсылае чытача да зусім не цяперашняга часу. А наколькі вы сучасны чалавек? Вам камфортна ў сёньняшнім сьвеце?”
Нілава: “Бывае такое адчуваньне, што я павінна была нарадзіцца недзе дзьвесьце гадоў таму, і настрой адпаведны бывае. І нават паводжуся тады так, як было б натуральна для таго часу. Але сучасны сьвет вымагае свайго, і сёньня паэты павінны быць вельмі мабільныя, вельмі дынамічныя. Павінны шмат рабіць – час гэтага патрабуе. І я магу сказаць, што я ўсё-ткі сучасны чалавек”.
Аксак: “А як пачуваецца ваша муза ў сучасным небеларускамоўным атачэньні?”
Нілава: “Мая муза пачуваецца ненатуральна ў такіх абставінах, але, як кажуць, зь песьні слова ня выкінеш. І я прызнаюся ў тым, што я проста не магу, ня ўмею пісаць па-расейску”.
Аксак: “...выкладаючы расейскую мову?”
Нілава: “...выкладаючы расейскую мову. Выкладала беларускую, але зьнялі яе. У нас цяпер не выкладаюць беларускую мову ў вышэйшых навучальных установах”.
Аксак: “А на якой мове вы размаўляеце са сваімі сябрамі?”
Нілава: “У мяне расейскамоўныя сябры. Таму калі яны гавораць па-расейску, то і я зь імі так размаўляю. Але калі ёсьць магчымасьць паразмаўляць па-беларуску, то я не прапускаю яе. У нас цяпер і на радыё людзі такія працуюць. Вось зь імі я размаўляю толькі па-беларуску”.
Аксак: “А на якой мове вяшчае само радыё?”
Нілава: “Справа ў тым, што я працую ў FM-дыяпазоне і на правадным радыё. Дык вось, FM – гэта расейскамоўнае радыё, а на правадным радыё мы можам дазволіць сабе і па-беларуску вяшчаць”.
Аксак: “Хто вашы куміры ў сучаснай паэзіі?”
Нілава: “Ёсьць людзі, паэзія якіх для мяне многа значыць, і гэта маё пакаленьне. Віка Трэнас, Зьміцер Вішнёў, Андрэй Хадановіч, Наста Кудасава – шмат у мяне знаёмых паэтаў, паэзію якіх я люблю”.
Аксак: “А старэйшае пакаленьне беларускіх творцаў вас не прываблівае?”
Нілава: “Я з глыбокай павагай стаўлюся да старэйшага пакаленьня, да традыцыйнай паэзіі. Гэта школа, на якой я вучылася, тая кропка, ад якой я адштурхоўвалася, таму я не магу сказаць, што мне ў ёй нешта не падабаецца. Я думаю, што павінна быць і тое, і другое, каб наша беларуская паэзія мела магчымасьць разьвівацца і ісьці наперад”.
КРЫТЫКА
АЛА СЯМЁНАВА. “БОЛЕМ СЭРЦА СКЛАДАЮ МАЛІТВУ…”
Данута Бічэль. Ойча наш…: цыкль вершаў. Мн., Про Хрысто, 2008. 32 стар.
“Паспрыяў жа нам Бог нарадзіцца, / прытуліцца, уцелавіцца / у жыцейка ускрай гасьцінца…/ Бы ў шчасьлівы сон – у жыцьцё. / Дзякуй, мілы Божа, за ўсё.”
Дзякуй… За тое, што апошнія два дзесяцігодзьдзі стала магчымым зьдзяйсьненьне, здавалася, непамысна сьмелых мараў у нашай краіне: зьявіліся газэты і часопісы духоўна-рэлігійнага зьместу. У тым ліку – часопісы “Ave Maria” і “ Наша вера”. З ласкі Божай, з пастырскага дабраславеньня кардынала Казіміра Сьвёнтка… І працягваецца плённая праца дзякуючы пастырскаму клопату сёньняшняга арцыбіскупа Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
У “Нашай веры” друкаваўся Янка Брыль. На старонках часопіса мы знойдзем творы Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Алены Васілевіч, Ніны Мацяш, Уладзіміра Конана, Дануты Бічэль… Менавіта пра яе пойдзе размова. Менавіта яе паэтычныя радкі прагучалі напачатку.
Апошнім часам яе творчасьць непарыўна спалучаная з часопісам “Наша вера” і выдавецтвам “Про Хрысто”. Ёсьць пра што весьці размову. Створана шмат. І, дзякаваць Богу, апублікавана. Аднак, я пра тое, з чаго пачала размову. У апошнія гады Данута Бічэль выявіла новы патаемны запас той сваёй духоўнасьці, што нясе на сабе знак Боскай мудрасьці, сьвята Духу, знак унутранага і арганічна-існага існаваньня. Бог з новай сілай адкрываецца паэтцы – верніцы, каталічцы, адной з тых, для каго адчуваньне прысутнасьці Бога ў сьвеце – аснова ўсяго сьветаадчуваньня, сьветаўсьведамленьня. І цяпер, і тады, калі асновай дзяржаўнай этыкі, маралі, нормай і правілам быў атэізм.
Вера – праз усё жыцьцё. Зь дзяцінства. Ад нараджэньня. Пішуцца паэтычныя творы, эсэ, нататкі, літаратурныя партрэты, робяцца пераклады… Пераклад “Рымскага трыпціха” Яна Паўла ІІ, “Выбранае” зь яго ж паэзіі, друкаванае яшчэ пад імем Караль Вайтыла. Створаныя кнігі духоўнай паэзіі: “На белых аблоках сноў”, “Стакроткі ў вяночак Божай Маці”. І вось гэтая кніга – “Ойча
наш…”, што сталася прычынай сёньняшняй размовы, але якую нельга вызначаць адасоблена.
Гэтая кніга, як і дзьве папярэднія, сьведчыць пра новую, прасьветленую сьвядомасьць. Пра новыя адчуваньні, узрушэньні душы. Пра засяроджанасьць усіх душэўных і інтэлектуальных сілаў, скіраваных на паслугаваньне Таму, Хто адкрыўся душы як жывое ўвасабленьне сапраўднай Ісьціны.
“З гарызантальнай лініі здарэньняў, / якіх так мала, / на вэртыкальны экран вартасьцяў-ідэалаў / праекцыі дасканалая форма, / абсалютная, выключная, канчатковая норма жыцьця…”
Тая норма, што сьведчыць пра блізкасьць Божую. А набліжае да Пана Бога малітва, якая ўзвышае, дае надзею… Бязьмернае пакланеньне перад Усявышнім і дзёрзкасьць – поўны давер і ўпэўненасьць, што Яго міласэрнасьць не абміне таго, хто зьвяртаецца з малітвай. З малітвай, у якой суцяшэньне і адчуваньне – адстароненыя ад сфэры звычаёвага быцьця і набліжаныя да сфэры быцьця Боскага.
“На ўзроўні навяртаньня, / адданьня, адхланьня, / маўчаньня, дыханьня, благаньня, / літаніі, ахвяраўскладаньня, / маленьня да самаспаленьня…”
“Болем сэрца складаю малітву, слязьмі…” – чытаем мы ў Дануты Бічэль. Праз пакуты – набліжэньне да Бога. Бо нешта новае адкрываецца, нешта новае спазнаецца, адкрываюцца нейкія глыбінныя сутнасьці быцьця, глыбіні Божыя… Перастварэньне, навяртаньне – праз пакуты, асьвячэньне – праз пакуты. Бо для хрысьціяніна жыцьцё вызнаецца ў дабраахвотнай ахвяры, у
прынятых на сябе пакутах Сына Божага… Гэта пачатак прысутнасьці Боскага ў нас: праз Крыж Пана… На працягу ўсяго жыцьця – гэтага высокога Божага Дару. А “калі тут завершыцца зямное жыцьцё, / прыйдзі, валадарства Тваё…”
Вера – гэта заўсёды надзея на цуд. А цуд – гэта непасрэднае выяўленьне магутнасьці і дабрыні жывога Бога. І ёсьць яшчэ гэты цуд – магчымасьць зьвярнуцца да Яго, спадзеючыся на Яго ласку і абарону. Новая духоўная рэчаіснасьць – выяўленьне творчай свабоды Божай, непарыўна зьвязанай з імкненьнем чалавека да Бога, выяўленьне любові Божай, што ёсьць стрыжань і аснова жыцьця сьвету: “Ты мяне, зерне, пасеяў тут / я тут расту / Ты любоў мне даў як аванс…” І паэтка Данута Бічэль выяўляе гэтую Божую любоў у малітоўным роздуме : “Паміж нас – / між Тваёю зямлёю, / Тваімі вышынямі / зьвініць непарыўная чыстая лінія…”