Алімпійскі агонь ужо ў Пэкіне

  • Алесь Слуцкі (Пэкін)

Кітайскі баскетбаліст Яо Мін з алімпійскай паходняю на пляцы Цяньаньмэнь

Алімпійскі агонь XXIX летніх Гульняў нарэшце дасягнуў Пэкіну. Для кітайскай сталіцы гэта надзвычай знакавая падзея. Як-ніяк, прыбыцьцё агню ў горад, дзе на працягу двух з паловай тыдняў будуць праходзіць спаборніцтвы сярод прадстаўнікоў 205 краінаў свету, – гэта своеасаблівы вынік сямігадовай тытанічнай працы.
Пэкін цалкам занураны ў Алімпіяду: яна ўрачыста адкрыецца 8 жніўня ў 8 гадзін, 8 хвілін і 8 сэкундаў.

Міжнародны аэрапорт Пэкіну – бы пчаліны вулей. Сотні валянтэраў кругласутачна сустракаюць гасьцей. Пэўна, што іх усьмешкі крыху згладжваюць сьпякотнае надвор’е – плюс 35 пры вельмі высокай вільготнасьці. Блакітнага неба над Пэкінам пакуль не відаць – яно шчыльна зацягнутае густой смугою, скрозь якую ня можа прабіцца сонца.

Прыход Алімпіяды адчуваецца і на сталічных дарогах. Кіроўцам, якія ня вельмі імкнуцца прытрымлівацца правілаў дарожнага руху, больш знаёмым стала паняцьце дарожных затораў, бо левая паласа выключна аддадзеная алімпійскаму транспарту. У горадзе паўсюдна вывешаныя сьцягі з алімпійскай сымболікай. Дарожныя знакі таксама стракацяць інфармацыяй аб падрыхтаванай Алімпіядзе.

На дзіва, я не заўважыў пакуль што ніводнага бяздомнага сабакі. Магчыма, сабакі, што не мелі “прапіскі”, спужаліся вялікага наплыву гасьцей. Хоць, верагодней за ўсё, уведзены арганізатарамі Алімпійскіх гульняў карантын на ўжываньне мяса сабак прымусіў адпаведныя службы прыбраць чатырохногіх сяброў ад граху далей.

АФІЦЫНЫ САЙТ АЛІМПІЙСКІХ ГУЛЬНЯЎ У ПЭКІНЕ