Удзельнікі: былы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне Пятро Садоўскі і палітоляг Алесь Лагвінец (эфір 6 жніўня)
Вядомы піяр-мэнэджэр Тымаці Бэл паводле кантракту зь беларускім урадам узяўся палепшыць міжнародную рэпутацыю Беларусі. Ад чаго залежыць міжнародны імідж краіны? Ці магчыма чыста рэклямнымі сродкамі, шляхам піяру палепшыць рэпутацыю краіны бязь зьмены ўнутранай і зьнешняй палітыкі?
Ад чаго залежыць міжнародны імідж краіны?
Валер Карбалевіч: “Імідж краіны — справа неадназначная, яна складаецца з шмат якіх чыньнікаў. Вельмі часта можна назіраць такую зьяву: уяўленьне насельніцтва і эліты нейкай краіны пра сябе і яе рэпутацыя ў сьвеце моцна адрозьніваюцца. Найперш гэта тычыцца вялікіх дзяржаў кшталту ЗША ці Расеі.
Разам з тым трэба адзначыць, што імідж краіны — гэта фактар сілы, ад гэтага залежыць яе міжнародны ўплыў. У дзяржаву з дрэннай рэпутацыяй ня йдуць інвэстыцыі. Зь ёй не жадаюць падтрымліваць сур’ёзныя дачыненьні. А як вы лічыце, ад чаго залежыць міжнародны імідж краіны і якія наступствы мае гэты чыньнік?”
Пятро Садоўскі: “Вы разважаеце пра імідж з эўрапейскага гледзішча. Бо, напрыклад, у Кітая ці мусульманскіх краін іншыя погляды на гэтую зьяву.
Дык вось, калі глядзець на пытаньне іміджу з эўрапейскага гледзішча, то бяруцца пад увагу наступныя чыньнікі: адкрытасьць грамадзтва, высокі ўзровень разьвіцьця эканомікі, высокі ўзровень жыцьця, разьвітая грамадзянская супольнасьць, шанаваньне правоў чалавека, падзел уладаў, палітыка добрасуседзтва ў замежнай палітыцы, павага да нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў. Паводле гэтых крытэрыяў прымаюцца новыя сябры ў ЭЗ”.
Алесь Лагвінец: “Я б дадаў да гэтых чыньнікаў спрыяльны бізнэс-клімат, ляяльныя працэдуры ўезду ў краіну. Беларусь — краіна эўрапейская. Таму да яе вылучаюцца патрабаваньні з гледзішча эўрапейскіх стандартаў. Беларусь мае абмежаваныя рэсурсы. Таму для яе імідж — вельмі важны чыньнік для замацаваньня сваіх пазыцый як у рэгіёне, так і ў сьвеце”.
Ці магчыма адным толькі піярам зьмяніць імідж краіны?
Карбалевіч: “Як уяўляецца, дрэнны імідж Беларусі абумоўлены двума чыньнікамі: аўтарытарнымі мэтадамі кіраваньня ўнутры краіны і скандальнымі паводзінамі ў дачыненьні да іншых дзяржаваў, кшталту выгнаньня замежных амбасадараў з пасёлку Дразды ў 1998 годзе ці выгнаньня амэрыканскіх дыпляматаў сёлета. Ці магчыма чыста рэклямнымі сродкамі, піярам зьмяніць імідж краіны бязь зьмены ўнутранай і зьнешняй палітыкі? Што можа тут зрабіць ангельскі піяр-мэнэджэр лорд Бэл?”
Садоўскі: “Пытаньне рытарычнае. Калі б сп. Бэл выявіўся чараўніком і дапамог зьмяніць базавыя палітычныя пазыцыі Беларусі, то тады б наша краіна ператварылася ў Літву, а Лукашэнка — у Бразаўскаса.
Але базавыя пазыцыі такімі макіяжнымі сродкамі не памяняеш. Разам з тым пэўную карысьць яны могуць прынесьці. Але вось цікавы момант. Днямі па тэлевізіі паказвалі, што з амэрыканскага штату Арканзас да нас прыехалі фэрмэры, у полі працуе амэрыканскі камбайн. І вось Лукашэнка з гэтай нагоды кажа, што былы прэзыдэнт ЗША Клінтан, які з гэтага штату, “мой сябра”. Калі гэта робіцца па парадзе сп. Бэла, то гэта сьмешна.
Магчыма, адным з наступстваў працы Бэла стануць аплачаныя публікацыі ў замежных мэдыях, напрыклад, у ангельскай газэце “Гардыян” ці нямецкай “Юнге Вэльт”. Альбо перад выбарамі пакажуць фільм пра Беларусь. Магчыма, па дробязі лорд Бэл зможа тое-сёе накалупаць”.
Лагвінец: “Зразумела, кіраўніцтва дзяржавы мусіць дбаць пра імідж краіны. І рэклямныя кампаніі — гэта адзін са сродкаў дзеля гэтага. Але беларускія ўлады не разумеюць, што імідж — гэта пытаньне комплекснае. Макіяжам можна падправіць пэўныя моманты. Але я сумняваюся, што кіраўніцтва Беларусі раіцца са сп. Бэлам, калі прымае закон аб мэдыях ці канфіскуе тавары замежных фірмаў”.
Які бюджэт гэтага праекту?
Карбалевіч: “Вельмі важна, у якіх мэдыях зьявяцца матэрыялы пра Беларусь. Калі ў “Юнге Вэльт”, то наўрад ці гэта моцна паўплывае на імідж. Іншая справа — “Гардыян” або “Шпігель”. Але для гэтага патрэбны вялікія сродкі. Таму шмат будзе залежаць ад таго, які бюджэт гэтага праекту”.
Садоўскі: “Бэл сказаў, што ён плянуе зарабіць мільёны на гэтай дамове”.
Лагвінец: “Грошы могуць толькі часткова дапамагчы беларускім уладам. Здаецца, грошы, якія выдаткоўваюцца на гэты праект, змарнуюцца”.