Барысаў: афіцыйная газэта парушыла закон аб выбарах

Беларускае выбарчае заканадаўства забараняе агітаваць за патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты да той пары, пакуль яго афіцыйна не зарэгіструюць. Пачынаецца ж рэгістрацыя ад 19 жніўня. Аднак некаторыя мэдыі сьпяшаюцца.
Шостага жніўня газэта барысаўскага райвыканкаму “Адзінства”, якая выходзіць накладам больш за 12 тысячаў асобнікаў, надрукавала артыкул “Крануты ўвагай”.

Аўтар матэрыялу — удзельнік вайны, кіраўнік рады вэтэранаў гораду Барысава Ўладзімер Жукоўскі — піша пра дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага. Пасьля пахвалаў на адрас спадара Гумінскага аўтар зьвяртаецца да чытачоў з такім заклікам (цытата):

“Віктар Аляксандравіч выстаўляе сваю кандыдатуру ў склад нашага новага парлямэнту. Я зьвяртаюся да выбарцаў гораду з заклікам падтрымаць мяне і аддаць галасы за гэтага годнага і нястомнага працаўніка”.

У Барысаве зьбіраецца балятавацца і мясцовы прадпрымальнік Віктар Гарбачоў. Вось ягоны камэнтар:

“Мяне б адразу зьнялі з выбарчай гонкі — за такое інфармацыйнае ўкіданьне, такі наклад і заклік за мяне галасаваць, нават ад імя трэцяй асобы. Ня мела права газэта выканкамаўская прымаць такі артыкул. Яны пра гэта цудоўна ведаюць, але ж друкуюць. Сытуацыя паўтараецца. Тое ж самае было са спадаром Козікам у 2004 годзе. Я тады абскардзіў іхныя паводзіны. І тады мне сказалі, што яны так больш рабіць ня будуць”.

Сёньня Віктар Гарбачоў, які, дарэчы, сабраў у сваю падтрымку дзьве з паловай тысячы подпісаў выбарцаў, перадаў адпаведную скаргу ў акруговую выбарчую камісію. Яшчэ адна скарга пададзеная ў ЦВК.