Гомель: “Мы — саромеемся саміх сябе!”

“Што трэба зрабіць, каб да Беларусі лепей ставіліся ў сьвеце?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Спадар: “Каб палепшыць стаўленьне да Беларусі, нам ня трэба іміджмэйкера. Трэба зьмяніць ня толькі аднаго Лукашэнку, а ўвесь рэжым”.

Спадарыня: “Зваць трэба ўсіх да нас у госьці, ладзіць міжнародныя конкурсы на вышэйшым узроўні — і да нас паедуць”.

Спадар: “На мой погляд, у Беларусі трэба зрабіць сапраўдны падзел уладаў — на заканадаўчую, выканаўчую й судовую. І каб было моцнае мясцовае самакіраваньне, каб нічога не залежала ад аднаго чалавека. Калі ад аднаго чалавека залежыць усё, то ў парлямэнт могуць накіраваць і каня, і ўсе будуць крычаць: “Слава табе, конь, ты сказаў вельмі разумна!”

Спадарыня: “Трэба зрабіць тры рэчы: выпусьціць з турмаў палітзьняволеных, правесьці свабодныя выбары й даць вольна працаваць прэсе”.

Спадар: “Будуць лепей ставіцца, калі пабачаць, як ставяцца да кожнага беларуса. Трэба статус чалавека падняць”.

Спадарыня: “Трэба зьмяніць Лукашэнку, разбурыць усю тую сыстэму, якую ён зрабіў за гады свайго кіраваньня, і не дапусьціць спадчыннага пераходу ўлады да яго сыноў”.

Спадар: “Па-першае, трэба пакаяцца за ўсе камуністычныя грахі, папрасіць прабачэньня за злачынствы камунізму”.

Спадар: “Трэба ў палітычнай плоскасьці правесьці рэформы, і галоўнае — свабодныя й справядлівыя выбары. Па-другое, у эканоміцы павінна наступіць лібэралізацыя, паляпшэньне інвэстыцыйнага клімату”.

Спадар: “Беларусь асацыюецца з прэзыдэнтам. У Расеі шэраг фірмаў ужо ня хочуць заключаць кантракты з нашымі з-за нашага прэзыдэнта. Ён, на мой погляд, дыскрэдытуе Беларусь. Беларусам трэба быць самімі сабой! Мы не зьяўляемся самі сабой. Мы — саромеемся саміх сябе”.

Спадарыня: “Трэба добра ставіцца да іншых людзей і да саміх беларусаў. Проста пра нас мала ведаюць”.

Спадар: “Трэба зрабіць, каб усе размаўлялі па-беларуску”.

Спадарыня: “Каб узаемаразуменьне было добрым паміж дзяржавамі, паміж людзьмі, нарэшце, паміж нашымі вышэйшымі органамі, пачынаючы з прэзыдэнта”.