Паказальна, што дзяржаўныя чыноўнікі ў бальшыні сваёй не інфармаваныя пра заслугі і дзейнасьць лорда Бэла.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян, насуперак меркаваньням пра магчымы станоўчы эфэкт ад кампаніі брытанскага піяршчыка, перакананы: калі Беларусь не “прапіярыць” сябе сама, ніхто ёй у гэтым не дапаможа:
“Дапаможа гэта ці не, але я, уласна кажучы, абсалютна ня ведаю, чым ён праславіўся, дзе, як... Не валодаю інфармацыяй...”
Карэспандэнт: “Але для Беларусі стварэньне станоўчага вобразу ў сьвеце — справа важная?”
“Гэта безумоўна. Але ніякія лорды такога вобразу ня створаць, калі мы ня зробім гэтага самі. Можа, ён дзесьці ў чымсьці і паспрыяе, але мы свой піяр робім самі. Ураджай зьбяром высокі — вось гэта наш піяр. Стабільнасьць у грамадзтве — вось наш піяр. Правядзём годна дэмакратычныя выбары, як сказаў прэзыдэнт, — гэта таксама наш піяр. А калі ў нас нічога гэтага ня будзе, то піяр — не піяр, а так адпіяраць, што з каленяў не падымесься”.